Ужо трэцюю зіму жыве ў невялікай вёсцы Барадзенічы Браслаўскага раёна белы бусел. Птушка знайшла сабе надзейны прытулак у людзей. Абавязкі апекуна над буслом, які не адлятае ў вырай, узяў на сябе мясцовы святар, пробашч касцёла Святога Юзафа Юрый Ноцунь.
– Жыхары вёскі і парафіяне нашай парафіі часта задаюць пытанне, чаму дзікая птушка не імкнецца з іншымі бусламі на поўдзень, а застаецца ў месцы свайго нараджэння, – кажа 47-гадовы святар. – Выпадковасць гэта альбо заканамернасць прыроды, мы не ведаем, але лічым, што бусел Фомка (гэтак назвалі белакрылага любімца дзеці) для нас – несумненна, добры знак.
Ксёндз Юрый распавёў невялікую гісторыю пра свайго незвычайнага “аднавяскоўца”. Два гады таму пара белых буслоў звіла сабе гняздо на электрычным слупе паміж храмам і домам святара, які стаіць на ўскрайку аўтамабільнай дарогі, вывела чацвярых птушанят. Адно з буслянят, якое вылупілася апошнім, было надта малое і кволае. Аднойчы птушаня выпала з гнязда – ці знянацку, ці то самі буслы-бацькі спецыяльна выкінулі небараку з сям’і: у тое лета было гарачае надвор’е, ежы буслам не хапала. Малому была наканаваная немінучая пагібель. Так яно і было б, каб у гэты момант дзеці, якія прышлі ў рэлігійную школу, не аказаліся пад гняздом і не ўбачылі, як птушаня падала на зямлю. Не разгубіліся, падабралі бусліка, прынеслі ксяндзу. Што з ім рабіць? Святар часу не марнаваў – агледзеў птушку, напаіў, накарміў... І вось у першую восень Фомка стаў сапраўдным буслом – прыгожым, статным, важным. А яшчэ прывязаўся да гаспадара, чакае яго са службы, з паездак. У знак даверу любіць браць ежу з рук свайго апекуна.
Ксёндз Юрый Ноцунь сем гадоў жыве і служыць у гэтай парафіі, пераехаў сюды з Варапаева Пастаўскага раёна. Акрамя пастырскіх абавязкаў, святар вядзе нядзельную школу па рэлігіі для падлеткаў з суседніх вёсак, сустракаецца з моладдзю, наведвае нямоглых старых, наводзіць парадак на касцёльным двары і вясковых могілках. А яшчэ святар любіць гаспадарыць на агародзе і ў садзе, вучыцца ўпраўляцца з пчоламі, на ягоным падворку шмат птушак – чароды гусей і качак, курэй і індычак. Але асабліва Юрый ганарыцца сяброўствам з белым буслом. І гэта не проста словы. Жывёлы – сапраўднае захапленне ксяндза. Яшчэ з 7-гадовага ўзросту (Юрый нарадзіўся ў Польшчы) марыў стаць ветэрынарам і да святарства скончыў ветэрынарны тэхнікум. Боскае пакліканне адкрыла новую дарогу – дарогу да храма. А яшчэ дала сустрэчу і жыццё на зямлі сваіх продкаў – на Браслаўшчыне нарадзілася і вырасла адна з ягоных бабуль. А любоў да братоў меншых засталася ў Юрыя як сапраўднае захапленне.
У зімовыя маразы гаспадар забірае Фомку з хлеўчука да сябе ў дом, вылучыў яму адзін з пакояў.
– Не ўяўляю жыцця без Фомкі – без яго апусцее і мой дом, і наша вёска, і наша парафія, – кажа святар. – Але ў прыроды свае законы – іх і будзе прытрымлівацца барадзеніцкі белакрылы гадаванец.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Браслаўскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/fotarepartazh
[2] https://zviazda.by/be/tags/busel
[3] https://zviazda.by/be/tags/braslauski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk-3
[5] https://zviazda.by/be/tags/rodnaya-pryroda