У сувязі са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму (нагадаем, з 1 жніўня БПМ устаноўлены ў памеры 197,57 беларускага рубля ў сярэднім на душу насельніцтва) зменіцца памер цэлага шэрагу выплат і дапамог.
Павялічацца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі і некаторыя надбаўкі
Гэта датычыцца надбавак, павышэнняў да пенсій і даплат асобам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама дапамог па доглядзе інваліда І групы або чалавека, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту.
Павялічыцца дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў
У сувязі з ростам за 2-і квартал гэтага года сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у краіне (па даных Белстата, яна склала 796,80 руб.) павялічваюцца памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
Нагадаем, што ў чэрвені ў Беларусі змяніўся парадак перагляду выплаты дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Цяпер пералік будзе праводзіцца двойчы на год: з 1 лютага і з 1 жніўня, а не раз на квартал, як раней.
Павялічацца некаторыя іншыя дзіцячыя дапамогі
У сувязі са змяненнем БПМ з 1 жніўня таксама зменіцца памер аднаразовых выплат у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Ён залежыць ад бюджэту пражытковага мінімуму.
Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складзе 1975,7 руб. (10 БПМ), другога і наступных дзяцей — 2765,98 руб. (14 БПМ); па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў — 197,57 руб. (1 БПМ); на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў — 98,78 руб. (0,5 БПМ); на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, — 138 руб. (0,7 БПМ).
Зменяцца мінімальныя спажывецкія бюджэты
У адпаведнасці з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з 1 жніўня па 31 кастрычніка гэтага года БПМ працаздольнага насельніцтва складзе 218,87 руб.; пенсіянераў — 151,98 руб.; студэнтаў — 192,79 руб.; дзяцей ва ўзросце да трох гадоў — 125,87 руб.; дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў — 174,9 руб.; дзяцей ва ўзросце ад шасці да васямнаццаці гадоў — 215,5 руб.
Пражытковы мінімум для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва складаецца з мінімальных набораў прадуктаў харчавання і нехарчовых тавараў і паслуг (іх кошт вызначаны ў памеры 77% ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання).
Святлана БУСЬКО
buskо@zvіаzdа.bу [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:buskо@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/minimalny-spazhyvecki-byudzhet-0