Будынак міжнароднага цэнтра адкрыўся ў навукова-тэхналагічным парку БНТУ "Палітэхнік".
"У Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця Беларусі акрамя стаўкі на вялікія вытворчасці, буйныя інавацыйныя праекты вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню неабходнай інфраструктуры. Мы хочам павысіць уклад малога і сярэдняга інавацыйнага прадпрымальніцтва ў развіццё эканомікі. У нас таленавітая моладзь, таму трэба ствараць тую інфраструктуру, якая дасць магчымасць маладым інаватарам ператварыць сваю ідэю ў доследны ўзор, пачаць бізнес, стварыць вытворчасць, а затым яе маштабаваць. Важна таксама развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы навукі і інавацый. Таму мы завяршылі будаўніцтва і адкрываем сёння міжнародны цэнтр на базе тэхнапарка БНТУ "Палітэхнік", - сказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.
Паводле слоў генеральнага дырэктара тэхнапарка Юрыя Аляксеева, адзін з напрамкаў дзейнасці "Палітэхніка" - падтрымка навукова-інавацыйнага супрацоўніцтва з краінамі, якія з'яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі, а таксама павелічэнне экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі. Адкрыццё міжнароднага цэнтра стварае неабходную базу для гэтай дзейнасці. "На базе нашага тэхнапарка Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях сумесна з Міністэрствам адукацыі ўжо адкрыў двухбаковыя цэнтры навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з такімі краінамі, як Расія, Украіна, Казахстан, Кітай", - адзначыў ён. Усяго ў тэхнапарку дзейнічаюць восем такіх цэнтраў.
Аляксандр Шумілін падкрэсліў, што ў тэхнапарку БНТУ знаходзіцца адзін з буйнейшых цэнтраў супрацоўніцтва з Кітаем у навукова-тэхнічнай сферы. "Стварэнне міжнароднага цэнтра - новы імпульс для развіцця сумесных праектаў. Новая пляцоўка ўпісваецца ў агульную канцэпцыю. У тэхнапарку будуць зараджацца ідэі, стартапы, якія будуць далей развівацца ў бізнес-інкубатары Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Паспяховыя праекты будуць маштабавацца, будуць стварацца буйныя вытворчасці як у Беларусі, так і ў Кітаі", - дадаў ён.
Тэхнапаркам у Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага як пляцоўкам для арганізацыі інавацыйных і высокатэхналагічных вытворчасцей. "Сёння ў тэхнапарках працуюць ужо 1,5 тыс. чалавек. Прынята рашэнне аб стварэнні тэхнапарка ў Гродне. У мінулым годзе ўсе тэхнапаркі вырабілі інавацыйнай прадукцыі амаль на $40 млн. Амаль 99 працэнтаў прадукцыі ў многіх тэхнапарках - гэта менавіта інавацыйная прадукцыя", - заявіў старшыня ДКНТ. За апошнія пяць гадоў больш як у два разы павялічылася колькасць рабочых месц і аб'ём вытворчасці інавацыйнай прадукцыі ў арганізацыях - рэзідэнтах тэхнапаркаў Беларусі.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/bntu
[3] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shumilin