У вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна знойдзены фундамент манастырскага храма XVІ стагоддзя. Яго пашчасціла адшукаць удзельнікам валанцёрскага гісторыка-пошукавага летніка пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры.
Валанцёры займаліся расчысткай зараснікаў на старых вясковых могілках, якія раней былі манастырскімі, і акурат там адшукалі фундамент. Захаваліся ганак, контур прытвора, асноўнага памяшкання і алтарнай часткі. Цікава, што ўсё выкладзена з валуноў, якія змацаваны паміж сабой вапнавым растворам, — цэгла не выкарыстоўвалася. Капітальны фундамент быў разлічаны на высокую драўляную царкву даўжынёй больш 12 метраў і шырынёй каля 6 метраў.
Царква належала Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру, які быў заснаваны ў XІІІ стагоддзі вялікім князем ВКЛ Войшалкам і прападобным ігуменам Елісеем Лаўрышаўскім. Найбольш імаверны час, да якога адносіцца фундамент, — XVІ стагоддзе, калі манастыр дасягнуў найвышэйшага росквіту і ў дакументальных крыніцах названы лаўрай.
У праваслаўным летніку пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры на працягу двух тыдняў працавалі студэнты і старшакласнікі, многія з якіх у мінулыя гады ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках у Лаўрышаве. Мяркуецца, што ў наступным годзе на расчышчанай пляцоўцы будуць праведзены археалагічныя даследаванні.
Лаўрышаўскі манастыр — адзін з самых старажытных манастыроў Беларусі. Паводле царкоўнага падання, ён быў заснаваны сынам літоўскага князя Трайняты прападобным Елісеем Лаўрышаўскім каля 1225 года ў выгібе на левым беразе ракі Нёман каля падножжа высокай гары.
З часам у ваколіцах старажытнага манастыра Нёман змяніў рэчышча, і манастыр апынуўся на правым беразе ў асяроддзі непраходнай багны.
У XІІІ стагоддзі манастыр быў цэнтрам летапісання ў Беларусі. Каля 1329 года для Лаўрышаўскага манастыра было створана рукапіснае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання, які захоўваецца цяпер у бібліятэцы імя Чартарыйскіх у Кракаве.
Вядома, што ў манастыры былі храмы Уваскрэсення Хрыстова і Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:nina@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyata-eliseeuski-lauryshauski-muzhchynski-manastyr
[5] https://zviazda.by/be/tags/mogilki
[6] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/carkva