Так супала, што дзень нараджэння нашай газеты адзначаецца практычна адразу пасля Дня чыгуначніка. Зрэшты, свой падарунак ад транспартнікаў мы атрымалі яшчэ амаль 40 гадоў таму — ды які! Цэлы цягнік пад назвай «Звязда» (менавіта так — па-беларуску, з такім напісаннем) з 1979 года перавозіць пасажыраў па маршруце Мінск—Санкт-Пецярбург, у 2000 годзе ён атрымаў статус фірменнага. Гэта адзін з трох такіх саставаў, якія замацаваны за Мінскім вагонным участкам БЧ. Стагадовы юбілей — чым не нагода завітаць на рэйс цягніка-цёзкі і пагутарыць з работнікамі паязной брыгады пра іх штодзённую працу, а з пасажырамі, вядома, пра газету!
На гістарычную радзіму
Хуткі цягнік «Звязда» штодзень адпраўляецца са станцыі «Мінск Пасажырскі» амаль а 18-й гадзіне. Ноч у вагоне (плацкартным, купэйным або СВ) — і вось вы ўжо ў паўночнай сталіцы Расіі. Як адзначаюць самі чыгуначнікі, маршрут у першую чаргу папулярны якраз у нашых усходніх суседзяў. Саставы ўсе новыя і сучасныя, а цэны далёка не крытычныя — за білет у плацкартным вагоне просяць трохі болей за сто рублёў, у купэ — дзвесце. Сапраўды, большасць пасажыраў, з якімі ўдалося паразмаўляць, маюць пашпарты чырвонага колеру і вяртаюцца дадому. Прычыны для паездкі ў Беларусь ва ўсіх розныя...
Наталля Белка і яе пляменніца Вера Акіменка едуць з гістарычнай радзімы. Старэйшая жанчына родам з Тураўшчыны. Пасля вайны яе бацька адслужыў на флоце 27 гадоў, а жыць разам з сям'ёй (жонка была з той жа вёскі) стаў у Ленінградзе. У Наталлі Васілеўны пад Туравам заставаліся бабуля і дзядуля, да якіх яна ў дзяцінстве штолета прыязджала на тры месяцы. Пасля іх смерці разам з сястрой па чарзе раз на год кіруюцца ў родную вёску, каб дагледзець магілы продкаў.
— Дом, у якім мы выраслі, застаўся, але цяпер там жывуць іншыя людзі, — кажа жанчына. — Таму спыняемся або ў гасцініцы ў Тураве, або ў адной з аграсядзіб. Шчыра скажу: мы ў захапленні ад Беларусі, хоць мая пляменніца ўжо, вядома, не чыстакроўная беларуска. Увогуле, у Піцеры, як і раней, да заходніх суседзяў ставяцца вельмі добра. Лічыцца, што з вас атрымліваюцца найлепшыя мужы і працаўнікі. Таму не магу не ганарыцца, што я родам з Беларусі, хоць і лічу сябе расіянкай. Пасля развалу СССР вы здолелі захаваць годнасць і ніколі не хадзілі з працягнутай рукой. Пры гэтым застаяцеся народам незалежным, хоць і не крычыце пра гэта.
Жанчына прызнаецца, што ў часы яе дзяцінства ў доме гучала толькі руская мова. Але як толькі бацька сышоў у адстаўку, у яго маўленні пачалі «праскокваць» беларускія слоўцы. Пасля развалу СССР ён нават планаваў пераехаць у Мінск, але жаданню не было наканавана спраўдзіцца — у 1998 годзе мужчына памёр. Цяпер у сям'і ёсць традыцыя — з кожнага падарожжа ў Беларусь прывозіць дадому кнігі нашых аўтараў. Сёлета выбар паў на зборнік вершаў Янкі Купалы, вядома, у арыгінале.
— Заўсёды ездзім у Беларусь менавіта гэтым цягніком, ён вельмі зручны і хуткі, — кажа Вера. — Адкуль узялася назва «Звязда»? Можа быць, адзін з першых беларускіх цягнікоў? (Старэйшая спадарожніца адразу заўважае — «Была такая газета, дзядуля выпісваў!» — Аўт.) Мне ваша краіна вельмі падабаецца. Справа, напэўна, у самабытнасці — беларусы непадобныя да расіян. А яшчэ люблю прадукты, асабліва «малочку». Вучуся на доктара, таму ведаю, наколькі гэта важна.
І начальнік, і паязны «бібліятэкар»
— Прыязджалі на адпачынак да сястры, якая ўжо даўно пераехала ў Беларусь на вучобу, — дзеліцца Дзмітрый Калач, адначасова гуляючы з сынам Жэнем. — Мы з горада Сортавала, гэта ў Карэліі, таму падарожжа ў Мінск для нас з ліку няблізкіх. Апошні раз быў тут яшчэ дзіцем, цяпер вось вазіў ужо ўласнага сына. Гасцілі два тыдні, уражанні пра вашу краіну засталіся самыя пазітыўныя. Розніца з Карэліяй вельмі вялікая — у вас усё прыгожа, па-еўрапейску. Хоць, безумоўна, калі параўноўваць з Піцерам, то архітэктурных славутасцяў у Мінску менш. Чаму цягнік называецца «Звязда»? Магу толькі здагадвацца. Мне здаецца, што назва звязана з Вялікай Айчыннай вайной.
Вядома, ёсць у цягніку «Звязда» і беларусы. Аляксей і Грэта Каратыцыны едуць у Санкт-Пецярбург разам з дачкой Златай на вяселле да знаёмых. У паўночнай сталіцы Расіі сужэнцы будуць упершыню. Аглядаць гістарычныя славутасці не плануюць — кіраваць выбарам забаў будзе малодшы член сям'і, у якога пакуль трохі іншыя інтарэсы.
— Чаму цягнік носіць такую назву? — перапытвае Грэта. — Нават не задумвалася. Пра аднайменную газету не чула — самі разумееце, усе цяпер чытаюць навіны ў інтэрнэце. Насамрэч, ніколі так далёка на цягніку не ездзілі, але нас падарожжа не палохае. Усяго 13 гадзін, пераважная частка з якіх у сне. Дзіцяці падабаецца — для нас гэта галоўнае.
Сам састаў таксама далёка не са звычайных. Дастаткова сказаць, што тут ёсць цэлая «бартавая» бібліятэка! У купэ начальніка цягніка захоўваецца некалькі дзясяткаў кніг. Пераважна гэта дарожнае «чытво» на рускай мове. Карыстацца літаратурай пасажыры могуць бясплатна. Купэ ў СВ абсталявана тэлевізарамі з падключэннем да відэасістэмы, самі вагоны — не старэйшыя за дзесяць гадоў. Для многіх падарожнікаў важным будзе індыкатар несанкцыянаванага доступу ў купэ. Ёсць тут і вагон з месцам для інваліда. Уваход у яго абсталяваны ліфтам для вазка, а ў адным з купэ зроблены спецыяльныя шырокія дзверы. У памяшканні ёсць адмысловае месца для суправаджальніка, кнопка выкліку правадніка.
— Цягнік у нас без перабольшвання асаблівы, — сцвярджае начальнік пасажырскага цягніка Валянцін РАМАНАЎ. — Працую на ім ужо чатыры гады, і больш за ўсё запомніўся адзін выпадак. Гады два таму хлопец выкупіў цэлае купэ, каб падчас паездкі ў Санкт-Пецярбург зрабіць прапанову рукі і сэрца сваёй каханай. Узяў кветкі, цукеркі — усё, як мае быць. Вядома, адмовіць было немагчыма — дзяўчына была вельмі ўзрадаваная такому творчаму падыходу. Не ведаю, як далей склаўся іх лёс, але той рэйс мне запомніўся. Да гэтага працаваў на самых розных маршрутах. Ездзіў у Сімферопаль, Феадосію, Еўпаторыю, Іркуцк, Маскву. Для мяне, як для начальніка, розніца заключаецца толькі ў адказнасці, бо фірменны цягнік — гэта «твар» чыгункі.
Раздзяляць шчасце з іншымі
Абслугоўваннем напрамку Мінск—Санкт-Пецярбург займаецца толькі Беларуская чыгунка. Па маршруце ездзяць два саставы, на кожным з якіх працуюць па дзве паязныя брыгады. Кожная з іх знаходзіцца на змене па шэсць дзён запар — гэта тры паездкі «туды—назад». Пасля — шэсць дзён выхадных. Састаў дастаткова вялікі — летам разам з рэстаранам больш за 10 вагонаў.
Але праваднікі прызнаюцца, што працаваць у «Звяздзе» прыемна. Каб атрымаць работу на фірменным цягніку, трэба стажыравацца на менш прэстыжных маршрутах не менш за два гады, а пасля гэтага яшчэ і здаць спецыяльны экзамен на веданне ўсіх нюансаў.
— За пяць гадоў работы на «Звяздзе» некаторых пасажыраў я ўжо ведаю ў твар, — смяецца праваднік Марыя САВЕТНІКАВА. — Яны, дарэчы, таксама мяне памятаюць, пастаянна вітаюцца. Нядаўна вось падыходзілі мама з дачкой, распытвалі, як пажываю. Люблю сваю работу за стасункі з добразычлівымі людзьмі. За столькі гадоў нават не ведаю, колькі разоў фармальна была ў Санкт-Пецярбургу, але па-сапраўднаму ўбачыла горад толькі калі прыехала не па рабоце. Звычайна бачу толькі Віцебскі вакзал праз вокны вагона — усе 11 гадзін перапынку паміж паездкамі «туды» і «назад» мы праводзім у адпачынку або на дзяжурстве. Пасажыры, дарэчы, часта цікавяцца назвай цягніка: беларусы з-за таго, што не «Зорка», а расіяне — з-за напісання праз літару «я». Усё расказваем, згадваем і вашу газету.
— У дзяцінстве ездзіла на цягніку ўсяго адзін раз, але вось выбрала такую прафесію, — дапаўняе сваю калегу Кацярына СКІДАНЮК. — Мне заўсёды падабалася кантактаваць з людзьмі, люблю быць у дарозе. Адчуваю тут сябе на сваім месцы. Працую на чыгунцы ўжо пяць гадоў, з іх на «Звяздзе» — два. Фірменны цягнік, як мне здаецца, моцна адрозніваецца ад іншых. За 13 гадзін пасажыры паспяваюць стаць табе роднымі — з некім доўга размаўляеш, за кімсьці проста назіраеш. Мне вельмі падабаецца, калі пасажыраў сустракаюць абдымкамі, кветкамі. Самыя «душэўныя» рэйсы ў нас падчас навагодніх свят — ад сцэн сустрэчы можна праслязіцца. За гэта і люблю сваю работу. Шкадую толькі, што Санкт-Пецярбург дагэтуль нармальна не бачыла, але ўсё яшчэ можна выправіць.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zvyazdze-100-god