Тэлеканал АНТ сумесна са Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Міністэрствам культуры і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі абвясціў прыём заявак у праект «Талент краіны». Улічваючы грамадскую значнасць і шырокую папулярнасць, гэты агульнарэспубліканскі дзіцячы тэлевізійны конкурс сёлета распачынае другі сезон.
Як і раней, да ўдзелу ў ім запрашаюцца таленавітыя беларускія дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў, незалежна ад рэгіёна пражывання, а таксама творчыя дзіцячыя калектывы (колькасцю не болей за тры чалавекі). Адбор будзе праходзіць па чатырох кірунках: вакальны жанр, харэаграфічнае майстэрства, інструментальнае майстэрства і арыгінальны жанр (у апошнюю катэгорыю ўключаны акцёрскае майстэрства, цыркавыя нумары і мастацкая дэкламацыя). Акрамя таго, зазначаюць стваральнікі «Таленту краіны», захаваецца і адмысловая «разынка» тэлепраекта — запрашаць у госці на кожную праграму таленавітых дзяцей з няпростымі жыццёвымі гісторыямі: выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Пра кожнага з іх творчая каманда праекта падрыхтуе падрабязныя сюжэты, што дасць магчымасць прыцягнуць да іх увагу дабрачынных арганізацый, аказаць пэўную падтрымку на жыццёвым і творчым шляху.
Але ўсё гэта — у будучым часе. Пакуль жа тэлеканал гатовы прыняць першыя заяўкі (запоўніць анкеты ўдзельнікаў можна наўпрост на сайце ont.by [5] ва ўкладцы «Праекты/Талент краіны-2») і рыхтуецца да адборачных тураў, якія пройдуць 2—5 верасня з 10 да 18 гадзін у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Расійскі Першы канал скончыў кастынгі на шоу «Голас-6», якое неўзабаве выйдзе ў эфір. Сярод кандыдатаў на ўдзел у вакальным конкурсе былі заўважаны і беларускія артысты — у тым ліку Руслан Аляхно. Навошта спявак, у творчым багажы якога ўжо ёсць перамогі ў тэлепраектах «Народны артыст» і «Адзін у адзін!», паездка на «Еўрабачанне» і ордэн «За ўнёсак у развіццё культуры Расіі», падаецца на чарговы конкурс? Уласна, з той жа мэтай, што і іншыя, не менш тытулаваныя артысты: ні творчага вопыту, ні тэлевізійных эфіраў, ні новых слухачоў зашмат не бывае. Ці дапамаглі былыя заслугі Руслану прайсці адбор і трапіць у лік 150 удзельнікаў «Голасу-6», даведаемся літаральна праз некалькі тыдняў.
Хутка падвядзе вынікі кастынгу і «Фабрыка зорак», якая вяртаецца на тэлеэкраны праз 10 гадоў. Яна будзе выходзіць на канале «МУЗ-ТБ» пад кіраўніцтвам небезвядомага прадзюсара Віктара Дробыша і лагічнай назвай «Новая фабрыка зорак». Сярод кандыдатаў на ўдзел у гэтым праекце таксама адзначыліся нашы землякі — напрыклад, фіналістка леташняга нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне» Аляксандра Ткач, а таксама яшчэ цэлы шэраг артыстаў-пачаткоўцаў.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Фота прэс-службы АНТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] http://ont.by/
[6] https://zviazda.by/be/tags/ant
[7] https://zviazda.by/be/tags/talent-krainy
[8] https://zviazda.by/be/tags/golas-6
[9] https://zviazda.by/be/tags/fabryka-zorak
[10] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen