Самай таленавітай нявесце ў Слоніме ўручаць пуцёўку ў Парыж. Пра гэта паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама.
У Слоніме ў трэці раз выберуць лепшую нявесту года: 13 жніўня ў цэнтры горада пройдзе яркае шоу "Парад нявест - 2017". "Незвычайнае свята ўжо стала адной з самых знакавых падзей лета ў раёне, яго чакаюць як гледачы, так і ўдзельніцы. У гэтым годзе конкурс на лепшую нявесту сабраў 14 прыгажунь", - распавялі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама. Там падкрэслілі, што традыцыйна лепшая нявеста заахвочваецца салідным прызам. У гэты раз узнагарода за першае месца - пуцёўка ў Парыж.
Пачнецца свята маляўнічым парадам нявест па цэнтральных вуліцах Слоніма. Працягнецца шоў на сцэне на адной з плошчаў горада. Прэтэндэнткам на тытул неабходна будзе паказаць свае ўменні ў конкурсе дэфіле і танца, памерацца сіламі ў інтэлектуальным турніры і, вядома, паўдзельнічаць у вясельных спаборніцтвах, да прыкладу, кінуць букет нявесты на дакладнасць ў кальцо, а таксама апярэдзіць канкурэнтак у забегу за кветкамі. Таксама адбудзецца канцэрт эстрадных выканаўцаў, дэгустацыя хлебабулачных, кандытарскіх і мясных вырабаў мясцовых вытворцаў, конкурс вясельных вядучых, майстар-класы прафесіяналаў цырульніцкага мастацтва, стылістаў і візажыстаў. Ініцыятарам мерапрыемства выступае студыя "Граф-фота", праводзіцца "Парад нявест" пры падтрымцы Слонімскага райвыканкама.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/slonim