Літаральна днямі атрад імя Героя Савецкага Саюза І. П. Мазурука — адзінаццаць навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа — заняў месцы за станкамі Мінскага трактарнага завода. У першы дзень работы да іх завітаў карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены».
Тое, што хлопцы атрымліваюць профільную адукацыю і маюць разрады, дазваляе ім працаваць па спецыяльнасці. Усіх удзельнікаў атрада ўладкавалі токарамі і фрэзероўшчыкамі ў механічны цэх №5, дзе ідзе вытворчасць валоў і шасцерняў, з якіх пазней робяць вузлы для трактароў магутнасцю ад 9 да 350 конскіх сіл.
— Скажу шчыра, праца ў студатрадзе для мяне — гэта ў першую чаргу магчымасць трохі падзарабіць, — прызнаецца навучэнец трэцяга курса спецыяльнасці «тэхналогіі машынабудавання» Мінскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа Дзяніс КОРАБАЎ. — Работа на МТЗ для нас не ў навінку — некалькі месяцаў таму мы ўжо праходзілі ў гэтым цэху практыку, толькі на іншым участку. Таму з вытворчасцю ўжо добра знаёмыя, ды і з хлопцамі адзін аднаго ведаем няблага. Працую на станку глыбокага свідравання — раблю з нарыхтовак валы. Фактычна, выконваю апошнюю аперацыю — свідрую ў іх адтуліны. Вядома, усё выконвае машына, я толькі кантралюю работу камп'ютара. На практыцы было трохі цяжкавата — шум, высокая адказнасць, але з часам да гэтага прывыкаеш. Цяпер ужо адчуваю сябе ў «сваёй талерцы» і працую з задавальненнем. Магчыма, у будучыні прыйду працаваць на МТЗ, але найперш хачу скончыць сваю навучальную ўстанову і паступіць у ВНУ — так болей шанцаў зрабіць добрую кар'еру.
— Я таксама працую ў пятым цэху, — кажа навучэнец трэцяга курса спецыяльнасці «тэхнік-тэхнолаг» Вадзім АЛЯШКЕВІЧ. — Спецыяльна прасіўся на тое самае месца, дзе праходзіў практыку, бо для мяне тут ужо ўсё знаёмае — ведаю, як працаваць, якія патрабаванні ў кіраўніцтва. Займаюся вытворчасцю шасцерняў — кантралюю работу станка, які наразае на іх зубцы. Таму не скажу, што гэта цяжка фізічна — проста вымагае высокай канцэнтрацыі. Сам родам са Смаргоні, і для мяне галоўнай матывацыяй для таго, каб запісацца ў студатрад, стала жаданне не сядзець летам у Мінску без справы. Грошы — не галоўнае, хоць прыемна будзе адкласці нешта заробленае ўласнымі рукамі на свае патрэбы. За практыку, напрыклад, атрымаў 350 рублёў — лічу, для навучэнца гэта няблага. Далей планую атрымліваць вышэйшую адукацыю, а вось ці буду працаваць у машынабудаванні, яшчэ не ведаю — паглядзім.
— У асноўным мы бралі студэнтаў старшых курсаў, — расказала першы сакратар Партызанскай раённай арганізацыі БРСМ Ганна УЛЬРЫХ. — Адбор быў дастаткова сур'ёзны, і далёка не ўсе ахвотныя трапілі на работу на МТЗ. Атрад будзе працаваць два тыдні. Летась мы змаглі стварыць на базе трактарнага завода два атрады: сэрвісны і педагагічны (апошні быў у адным з дзіцячых лагераў прадпрыемства), але сёлета такой вялікай патрэбы ў кадрах няма. Наогул, у Партызанскім раёне мы сфарміравалі 14 атрадаў агульнай колькасцю каля 200 чалавек. Адзін з іх працуе на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы, а ў сталіцы хлопцы і дзяўчаты ўладкоўваюцца ў «Мінскводаканал», «Мінскметрабуд», «Зелянбуд» і іншыя дзяржаўныя арганізацыі. Пераважна працуем з сярэднімі спецыяльнымі і прафесійна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі, бо ў ВНУ створаны ўласныя штабы працоўных спраў.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/mtz
[6] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0