Кадры з фільма "Першадрук" рэжысёра Ігара Чышчэні, які зняты на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" у 2017 годзе, увойдуць у выданне пра Францыска Скарыну, паведамілі на кінастудыі.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі рыхтуе дапоўненае ілюстраванае выданне "Асветнік з Полацка. Ушанаванне Францыска Скарыны", прысвечанае Скарыну і прымеркаванае да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Першы наклад кнігі выйшаў у канцы 2016 года. У выданні вобраз Скарыны прадстаўлены ў розных відах мастацтва: выяўленчым, музычным, тэатральным, кінавідэамастацтва. У якасці ілюстрацый выступаюць вокладкі выданняў - навуковых, навукова-папулярных, твораў мастацкай літаратуры, прысвечаных дзейнасці Скарыны; фота розных артэфактаў (маркі, канверты, значкі, медалі і г.д.), а таксама тапаніміка, фота асобных акцый і мерапрыемстваў, звязаных са Скарынам.
Кінавідэамастацтва прадстаўлена мастацкім фільмам "Я, Францыск Скарына" ( "Беларусьфільм", 1969 год, рэжысёр Барыс Сцяпанаў) і анімацыйным "Будзьма беларусамі", створаным незалежным рэжысёрам Юліяй Рудніцкай.
Першае выданне кнігі "Асветнік з Полацка. Ушанаванне Францішка Скарыны" выйшла абмежаваным накладам і аб'ёмам. Другое складальнікі вырашылі дапоўніць новымі фактамі і падзеямі, у тым ліку некалькімі кадрамі з фільма "Першадрук".
Як паведамлялася раней, дакументальны фільм (аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз) прысвечаны адной з самых яркіх асоб у гісторыі Беларусі - Францыску Скарыну і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Карціна здымалася на тэрыторыі чатырох краін: у Беларусі (Мінск, Полацк, Вілейка), Польшчы (Кракаў), Чэхіі (Прага) і Расіі (Санкт-Пецярбург). Гэтая карціна паказвае жыццёвы шлях беларускага першадрукара, прапануе прайсці яго дарогамі. Паказ карціны запланаваны на Дні беларускага пісьменства, які пройдзе ў першыя дні верасня ў Полацку.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/francysk-skaryna
[3] https://zviazda.by/be/tags/500-goddze-belaruskaga-knigadrukavannya