Рэспубліканскі педагагічны савет, які пройдзе 23—24 жніўня, дасць старт новаму 2017/2018 навучальнаму году. Удзел у ім возьмуць каля тысячы педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і галіновага прафсаюза.
Мэта форуму — вызначыць задачы на 2017/2018 навучальны год, а таксама абмеркаваць канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды. Адной з тэм, вынесеных на абмеркаванне, стане магчымае вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэньвання.
А што думаюць наконт агучанай прапановы самі педагогі?
Наталля БАРТОШЫК, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Бокшыцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна:
— Адразу заўважу, што я педагог старой загартоўкі, і наступны навучальны год будзе ўжо 38-м у маёй прафесійнай кар'еры. Хтосьці можа падумаць, што я буду выступаць у абарону пяцібальнай сістэмы. Зусім наадварот. Дзесяцібальную сістэму ўводзілі пятнаццаць гадоў таму. І я добра памятаю, як складана яна прыжывалася, як настаўнікі супраціўляліся, не разумелі яе сутнасць. Але метадысты дапамаглі разабрацца, падрабязна распісалі крытэрыі выстаўлення адзнак, і, здаецца, ужо ўсе прыстасаваліся. Дык навошта нам зноў усё ламаць?
Апошнія 20 гадоў у нас пастаянна адбываецца бачнасць нейкіх рэформаў, мы ўвесь час у дарозе. Толькі вось куды мы рухаемся? Мой старэйшы сын паспеў скончыць школу яшчэ да вяртання да адзінаццацігодкі і адмаўлення ад профільнага навучання. Як пераможца рэспубліканскай алімпіяды ён паступіў у БДУ на факультэт радыёфізікі без экзаменаў, але тэсты ён здаваў і набраў па профільнай дысцыпліне 96 балаў. Малодшы сын, таксама ўдзельнік алімпіяднага руху, вучыўся ўжо ў школе без прафілізацыі, і хоць ён быў матываваны на вучобу, школьнай падрыхтоўкі яму было недастаткова для паступлення, таму давялося прыцягваць на дапамогу рэпетытараў. Ён таксама паступіў у БДУ, аднак высокімі вынікамі на ЦТ пахваліцца не мог — вось вам і наступствы адмовы ад прафілізацыі.
Чаму асабіста я выступаю за дзесяцібальную сістэму? Па-першае, пераходзіць на пяцібалку — дорага. Паверце, грошы ў сістэме адукацыі ёсць на што накіраваць...
Па-другое, калі мы адмовімся ад дзесяцібальнай сістэмы ацэньвання, то як будзем матываваць адораных дзяцей і алімпіяднікаў? Мой старэйшы сын вучыўся па дзесяцібальнай сістэме толькі ў 11-м класе, але мы ёй узрадаваліся, таму што яго здольнасці можна было належным чынам ацаніць у балах. На жаль, многія калегі не вывучылі добра крытэрыі выстаўлення адзнак і ставяць «дзясяткі» там, дзе іх не трэба ставіць. Я тлумачу, што «дзясятка» — гэта не ранейшая «пяцёрка», і вялікая памылка — ставіць іх усім запар. Чаму ў нас сёння столькі медалістаў? Медаліст — гэта рэдкі вучань. Быў у Слуцкім раёне Нікіфар Лазоўскі — пераможца раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнароднай алімпіяд па хіміі. Гэта было насамрэч адоранае дзіця, «зорачка» Случчыны. Але ж такіх «зорачак» не можа быць шмат, а медалістаў у нас школы сёння штампуюць!
Не сумняваюся, што бацькі будуць галасаваць за пяцібальную сістэму ацэнкі, па якой яны і самі раней вучыліся, бо яна для іх больш зразумелая. Пастаянна спрабую іх пераканаць: не патрабуйце ад дзіцяці «дзясяткі»: ваша «пяцёрка» і сённяшняя «дзясятка» — гэта не раўнацэнныя адзнакі. І, як вопытны педагог, я кажу — не трэба нам зноў вяртацца да пяцібальнай сістэмы.
Юрась КАЛАСОЎСКІ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры з магілёўскай гімназіі №1:
— Я адназначна за 10-бальную сістэму. Найперш таму, што кожны вучань можа расці нават у межах аднаго ўзроўню засваення ведаў. І тут не трэба казаць словы накшталт «стаўлю табе чатыры з мінусам ці тры з плюсам», бо для гэтага ёсць адпаведныя адзнакі. І мне падабаецца ў дзесяцібальнай сістэме тое, што настаўнік мае даволі шырокі дыяпазон выстаўлення адзнак, што дае яму магчымасць больш дакладна ацаніць веды вучняў. 10 балаў — «высокае неба ідэалу», як сказаў паэт, і я люблю гэтую адзнаку выстаўляць і стымуляваць вучняў да ідэалу. А калі б ставіў пяць з плюсам, то ў атэстаце гэта ніяк бы не адлюстроўвалася.
Мікалай ЗАПРУДСКІ, прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт:
— Закрану толькі адзін аспект. Кожнае новаўвядзенне патрабуе затраты рэсурсаў.
Супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, метадысты будуць траціць час на распрацоўку крытэрыяў да новай сістэмы ацэнкі. З большай карысцю яны маглі б выкарыстаць яго на ўдасканаленне падручнікаў.
Увага настаўнікаў будзе адцягвацца на другарадныя пытанні, яны будуць нервавацца ад нязвыклых патрабаванняў. А правяраючыя будуць замест адсочвання насамрэч істотных момантаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу засяроджвацца на выстаўленні адзнак.
У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і інстытутах развіцця адукацыі замест таго, каб удзяліць увагу актуальным тэмам, напрыклад, тэхналогіі актыўнай ацэнкі ці перавёрнутаму ўроку, вымушаны будуць тлумачыць, што вучань павінен ведаць, каб атрымаць, напрыклад «траяк».
Бацькам трэба будзе прызвычайвацца да новай для многіх сістэмы ацэньвання. Таму можна прагназаваць павелічэнне скаргаў і канфліктаў з педагогамі з прычыны непаразумення.
Ганна ЛІПНІЦКАЯ, настаўнік англійскай мовы, СШ №148, г. Мінск:
— Нягледзячы на вялікую колькасць крытэрыяў 10-бальнай сістэмы ацэньвання, яны вельмі размытыя. І часта настаўніку замежнай мовы вельмі складана вызначыць: камунікатыўная задача «ў асноўным вырашана» ці «адносна вырашана», а гэта, між іншым, ацэнкі розных узроўняў: «6» ці «7». Або яна «поўнасцю вырашана», але чаму ў такім разе 8 балаў? Асабліва шмат цяжкасцяў узнікае пры выстаўленні 10 балаў. Адзін настаўнік раскідваецца «дзясяткамі» направа і налева, а ў іншага найвышэйшага бала не дапросішся. Проста крытэрыі выстаўлення «дзясяткі» рэалізаваць практычна немагчыма. Чаму дзіця, якое правільна выканала дамашняе заданне, не можа атрымаць 10 балаў? Толькі таму, што ў дамашнім заданні ад яго не патрабавалася нічога арыгінальнага і творчага? Ці настаўнік старшай школы кажа, што «дзясятку» атрымае толькі той, хто будзе ўдзельнічаць у раённай алімпіядзе, ці ўвогуле той, хто зойме на алімпіядзе адно з прызавых месцаў. А калі дзіця не хоча ўдзельнічаць у алімпіядзе па замежнай мове, таму што рыхтуецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт або ўдзельнічае ў алімпіядзе па хіміі, выходзіць, што яму ніколі не атрымаць запаветную «дзясятку»?
Дзеці таксама розныя, для многіх важная пахвала. Аднаму вучню я пастаўлю «5» за правільна выкананае дамашняе заданне, напрыклад, за тое, што ён напісаў эсэ, а іншаму «5+» за тое, што напісаў і можа расказаць пра тое, што напісаў. І першы, і другі заслужылі найвышэйшы бал, я не магу яго не паставіць, але дадаткова пахваліць я магу, ставячы другому «5+». Я не бачу патрэбы ў «дзесяцібалцы», таму што карыстаюся толькі адзнакамі ад «4» да «9» . Гэта не сакрэт, што за нулявы адказ настаўнік ставіць «2», а не «0» ці «1». «10» ставіць за рашэнне звышзадач. «3» лічыцца больш станоўчай адзнакай, чым «2», але ў ВНУ «тройка» ўсё роўна лічыцца нездавальняючай адзнакай. Таму я не бачу сэнсу ў дубліраванні адзнак. Аднак, калі падыходзіць да праблем у адукацыі глабальна, то пяці- ці дзесяцібальная сістэма ацэньвання — гэта не самае галоўнае, што трэба вырашаць у сучаснай школе. Ёсць больш важныя задачы, куды трэба накіраваць дзяржаўныя сродкі.
Святлана ЛОКІС, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №17 горада Барысава:
— Я прыйшла да высновы, што ў прынцыпе змяняць штосьці сэнсу няма. Якую функцыю сёння выконвае адзнака ў школе? Гэта інструмент пакарання і маніпуляцый. Адзнакай, напрыклад, заахвочваюць у школе наведванне розных непапулярных культурна-масавых мерапрыемстваў, удзел у суботніках і гэтак далей. Для настаўніка адзнака — вельмі зручная: яна заўсёды пад рукой, мае цану ў вачах бацькоў, уплывае на сярэдні бал атэстата, а значыць, можа выкарыстоўвацца як рычаг для ўзмацнення ўздзеяння на вучня, яго паводзіны і паспяховасць. Таму якая розніца: пяцібальная ці дзесяцібальная сістэма будзе выкарыстоўвацца? Але паколькі ніхто ад школьных адзнак адмаўляцца не збіраецца, наша грамадства да гэтага не гатовае, то лепш усё ж такі пакінуць дзесяцібальную сістэму ацэньвання, таму што яна больш ашчадная да нашых дзяцей, многіх з якіх жорстка кантралююць бацькі. «Чацвёрка», а тым больш «тройка» па пяцібальнай сістэме такіх бацькоў не задаволіць, але што рабіць, калі да «пяцёркі» дзіця дацягнуцца не зможа? У дзесяцібальнай сістэме ёсць «дзявятка» і «васьмёрка», і ўвогуле больш шырокі дыяпазон станоўчых адзнак.
Чаму некаторыя негатыўна ўспрымаюць дзесяцібальную сістэму? Зусім нядаўна падслухала размову калег. Настаўніца скардзілася, што іх дырэктар кажа: «На «9» і «10» нават я не ведаю». Вось вам і суб'ектывізм, хоць ёсць дакладна прапісаныя крытэрыі выстаўлення «дзявяткі» і «дзясяткі».
Для мяне заўсёды пераход ад безадзнакавага навучання ў трэцім, а па асобных прадметах — у чацвёртым класах быў складаным і дыскамфортным. Адзнака закрывае многія перспектывы як для настаўніка, так і для вучня. Наўрад ці дрэнныя адзнакі, асабліва ў пачатковай школе, матывуюць дзяцей да вучобы. Да таго ж мы ніяк не можам навучыць бацькоў задаваць дзіцяці правільныя пытанні: цікавіцца не тым, што яно атрымала сёння ў школе, а што цікавага на ўроках даведалася.
Нікога, насамрэч, не хвалююць веды вучня. Галоўнае — мець добрыя адзнакі. І гэтыя чаканні перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Дзеці прызвычайваюцца працаваць за ўзнагароду — адзнаку, пахвалу, значок выдатніка...
Я ведаю, што ў некаторых краінах безадзнакавая сістэма дзейнічае да чацвёртага і нават да шостага класа. Напрыклад, у Швецыі адзнакі не прымяняюцца да шостага класа. Затое там дзейнічае спецыяльная праграма адсочвання паспяховасці вучняў. У яе ўводзяцца пэўныя даныя і яна выдае каляровую выяву. Калі дзіця пераходзіць, напрыклад, з зялёнага поля ў аранжавае, а потым у чырвонае, гэта для педагога сігнал, што з вучнем трэба дадаткова папрацаваць, каб зрабіць яго паспяховым. Мне вельмі імпануе, што там сістэма ацэньвання не ставіць мэтай выбудаваць рэйтынг сярод вучняў ці сярод школ, а служыць своеасаблівым маркерам і сігналам, што камусьці патрабуецца ўдзяліць больш увагі.
А ў нас адзнакі маюць выключна кантрольную, а зусім не матывавальную ці стымуляцыйную функцыю. І ўсё ж такі з дзесяцібальнай сістэмай ацэньвання будзе менш трагедый у дзяцей, таму я выбіраю «дзесяцібалку».
Запісала Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/sistema-acenki
[6] https://zviazda.by/be/tags/syarednyaya-shkola