Сёння ад сцен мінскага Свята-Духавага кафедральнага сабора пасля малебну і бласлаўлення адпраўляецца чарговая штогадовая навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў», якая нясе з сабой Дабратворны Агонь, запалены каля Гроба Гасподняга. Як у кожны з дваццаці трох папярэдніх гадоў, экспедыцыя мае на мэце шырока распаўсюджваць веды пра гісторыю Беларусі і яе праваслаўнай царквы, праводзіць творчыя сустрэчы ў сценах устаноў культуры і адукацыі, наведваць бальніцы, сацыяльныя прытулкі, праводзіць памінальнае набажэнства на месцах пахавання абаронцаў Айчыны. Разам з жыхарамі гарадоў і вёсак паломнікі будуць садзіць дрэўцы агульнага саду Малітвы. У складзе экспедыцыі — вядомыя айчынныя навукоўцы, пісьменнікі, дзеячы культуры і мастацтва.
Лампаду, запаленую ад Дабратворнага Агню каля Гроба Гасподняга ў Іерусаліме, удзельнікі экспедыцыі прынясуць сёння супольным хрэсным ходам на Святое поле пад Баранавічамі, у храм вёскі Сталовічы таго ж раёна. Затым экспедыцыя пабывае ў гарадскім пасёлку Радунь і блізкім да яго раённым цэнтры Воранава. У апошні дзень жніўня ўдзельнікі экспедыцыі сустрэнуцца з жыхарамі горада Астравец, гарадскога пасёлка Варапаева, аграгарадка Порплішча. 1 верасня экспедыцыю сустрэнуць у Докшыцах, Бягомлі, Лепелі. 2 верасня маршрут праляжа па Ушацкім раёне. Месцам завяршэння пяцідзённага паломніцтва па традыцыі стане сталіца Дня беларускага пісьменства.
На сайце газеты «Звязда» можна будзе штодзень знаёміцца з фотарэпартажамі пра тое, што ўбачылі ўдзельнікі экспедыцыі на сваім шляху праз Мінскую, Брэсцкую, Гродзенскую, Віцебскую вобласці.
Яўген Пясецкі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pyasecki@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyatynya
[5] https://zviazda.by/be/tags/religiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/daroga-da-svyatynyau-1