Відаць, упершыню дзень дзяржаўных узнагарод у Палацы Незалежнасці быў цалкам прысвечаны педагогам. Ад выхавальнікаў дашкольных устаноў, настаўнікаў сярэдніх школ і да выкладчыкаў каледжаў і ўніверсітэтаў — кожны з іх дасягнуў вышынь у сваім майстэрстве і валодае ўнікальным досведам.
— Наша сустрэча асаблівая, — падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў вітальным слове. — Яна адрозніваецца ад падобных мерапрыемстваў тым, што сёння ў зал запрошаны найлепшыя работнікі сістэмы адукацыі.
Многія з іх, дарэчы, былі ўдзельнікамі Рэспубліканскага педагагічнага савета.
— Мне прыемна бачыць тут людзей, якія фарміруюць маральную і духоўную аснову маладога пакалення беларусаў, — прызнаўся кіраўнік краіны. — Прывіваючы ім з дзяцінства любоў да сапраўдных каштоўнасцяў, перадаючы свае веды, вы садзейнічаеце станаўленню адукаванай, культурнай і працалюбівай беларускай нацыі.
Кожнае дзіця мае патрэбу ў выхаванні з маленства:
— Таму велізарнае значэнне набывае якасць работы дашкольных устаноў, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Яна ў першую чаргу залежыць ад выхавальнікаў, ад іх душэўнай цеплыні і ўмення падабраць ключык да кожнага малога. Такія людзі заслугоўваюць усялякай падтрымкі і заахвочвання.
Удастоены дзяржаўных узнагарод за свае працоўныя поспехі, высокі прафесіяналізм, вернасць прызванню педагога найлепшыя кіраўнікі і настаўнікі сталічных, абласных і раённых школ і гімназій. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ўзнагароды стануць для іх добрым стымулам у далейшай, яшчэ больш паспяховай працы.
— Важную ролю іграе прафесійна-тэхнічная адукацыя, мы пра гэта ўжо казалі, — зазначыў Прэзідэнт. — Мы дасягнулі ў развіцці нашай прафесійна-тэхнічнай адукацыі немалых поспехаў. Запатрабаванасць яе ў краіне і ў замежных партнёраў з'яўляецца своеасаблівым знакам якасці. Узнагародамі былі адзначаны найлепшыя прадстаўнікі ліцэяў і каледжаў з Віцебска, Івацэвічаў, Крычава, Мінска, Магілёва, Пінска.
Што да вышэйшай школы, то, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, многія вышэйшыя навучальныя ўстановы паспяхова ўкараняюць інавацыйныя метады навучання, становяцца сапраўднымі цэнтрамі прасоўвання навукова-тэхнічнага прагрэса як у рэгіёнах, так і ў сталіцы. Ганаровыя званні і падзякі атрымалі рэктары і старшыні ВНУ. Усе яны, як адзначыў Прэзідэнт, «знаходзяцца на аднолькавай ступені развіцця і падрыхтоўкі будучых спецыялістаў».
Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка, які з асаблівай павагай ставіцца да прафесіі настаўніка, да яго ролі ў жыцці грамадства, дзяржавы, пажадаў удзельнікам доўгіх гадоў жыцця, шчасця, дабрабыту і новых дасягненняў у іх нялёгкай, але такой пачэснай працы.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:yushkevich@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/nastaunik
[7] https://zviazda.by/be/tags/pedagog
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzen-vedau
[9] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhuznagarody