Упершыню Кубак Еўропы па інтэлектуальных гульнях сярод студэнцкіх каманд разыграюць у БДУ.
Вядучы ўніверсітэт нашай краіны збярэ 32 зборныя з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана і Латвіі: пераможцаў і прызёраў нацыянальных адборачных тураў. Беларусь прадставяць 9 каманд. У іх склад увайшлі студэнты Белдзяржуніверсітэта, БДУІР, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, БДПУ, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а таксама навучэнцы Ліцэя БДУ.
На працягу трох дзён ( з 8 па 10 верасня) каманды будуць змагацца за перамогу ў спартыўных версіях гульняў “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Эрудыт-квартэт” і ў індывідуальнай “Сваёй гульні ". Уладальнік кубка Еўропы будзе вызначаны па выніках выступлення ў камандных гульнях.
Арганізатарамі “Кубка-2017 года” выступаюць БДУ, Міжнародная асацыяцыя клубаў “Што? Дзе? Калі?” і Беларуская ліга інтэлектуальных каманд.
Для даведкі: Кубак Еўропы сярод студэнцкіх каманд праводзіцца пачынаючы з 2005 года. У турніры могуць выступаць ігракі, узрост якіх не перавышае 24 гады. Ініцыятарамі і першымі арганізатарамі Кубка былі Дабрачынны фонд развіцця студэнцкіх ініцыятыў “Гаўдэамус”, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт, Міжрэгіянальная грамадская арганізацыя інтэлектуальна-творчых гульняў і Пецяргофскі клуб інтэлектуальных гульняў "Самсон".
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/intelektualnyya-gulni
[3] https://zviazda.by/be/tags/studenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/universitet