Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу не засталіся ў баку ад святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ведаў. Яны наведалі ўстановы адукацыі, куды прыехалі з каштоўнымі падарункамі.
Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч разам з іншымі членамі верхняй палаты парламента, выбранымі ад Мінска, у тым ліку Мар'янай Шчоткінай, віцэ-спікерам верхняй палаты, наведаў сталічны дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Парламентарыі прыехалі ва ўстанову не з пустымі рукамі. Яны набылі спецыяльную мэблю для чатырох класных пакояў, а таксама тэлевізар. Падчас свята дзецям таксама ўручылі ранцы з усімі неабходнымі канцылярскімі прыладамі. Акрамя таго, намеснік старшыні Савета Рэспублікі, старшыня «Беларускага саюза жанчын» Мар'яна Шчоткіна наведала Ждановіцкую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат у складзе дэлегацыі Беларускага саюза жанчын.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў паўдзельнічаў ва ўрачыстай лінейцы ў Чавускай абласной сярэдняй школе, над якой бярэ шэфства ўжо больш як дзесяць гадоў. Парламентарый павіншаваў выхаванцаў і педагагічны калектыў з пачаткам навучальнага года і ўручыў дзецям падарункі і спартыўны інвентар.
Ірына Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, наведала Клімавіцкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і ўручыла ад Савета Рэспублікі падарункавы сертыфікат на набыццё тэлевізара. Акрамя таго, парламентарый прыняла ўдзел у раённай канферэнцыі педагагічных работнікаў «Адукацыя — стратэгічны рэсурс рэгіёна».
Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ала Бодак наведала сацыяльна-педагагічны цэнтр (прытулак) Цэнтральнага раёна Мінска. У ходзе мерапрыемства парламентарый пацікавілася патрэбамі цэнтра, а таксама праблемамі, з якімі сутыкаецца яго калектыў. Выхаванцам прытулку сенатар уручыла падарункі — настольныя, рухомыя і іншыя гульні — і спартыўны інвентар, набытыя за кошт спонсарскіх сродкаў.
Вераніка ПУСТАВІТ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:рustаvіt@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-myasnikovich-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/maryana-shchotkina
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachy-dom
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzen-vedau