Калі восень нагадвае пра сябе першымі халадамі і дажджамі, хочацца паглядзець добры тэатр. Ды каб пра каханне. А пра што яшчэ наогул можна зрабіць сапраўдную пастаноўку, каб яна зайграла, вылучылася на фоне разнастайнай праграмы тэатральнага фестывалю? Форум тэатраў — гэта заўсёды эксперыменты, шмат нечаканасцяў, балансаванне на мяжы... Не раўнуючы як паказ высокай моды: апрануць гэта часам немагчыма, а вось тэндэнцыю вызначыць — самы раз. Так і тут.
Але ад фестывалю пастаянны глядач чакае сапраўднага тэатра. Такога, каб да самых патаемных струн душы, каб да сэрца, да розуму дакранулася закладзенае ў падмурак рэжысёрам, каб выходзіў потым з залы і круцілася ў галаве: і я гэтак жа думаю, адчуваю, здагадваюся... Вось як, напрыклад, было са спектаклем «Фро» Рыжскага рускага тэатра імя Чэхава два гады таму. Ужо цэлыя два гады прайшло, а помніцца. Не, не сюжэт альбо паслядоўнасць дзеі. Помняцца ўражанні, эмоцыі, запал, які артысты змаглі перадаць гледачам. І ад душы пабіўшы далоні апладысментамі, пакінуўшы сцены тэатра, удыхнуўшы свежага паветра, хацелася жыць, любіць усіх блізкіх і верыць ва ўсёпераможнае каханне.
Добра, што рыжскі тэатр едзе да нас зноў. Яны вязуць сёлета пастаноўку «Альбом». Кажуць, што гэта першы з 1923 года зварот да тэкстаў Аркадзя Аверчанкі, які амаль сто гадоў таму чытаў свае апавяданні са сцэны рускага тэатра ў Рызе. Ну і пра каханне ў яго ёсць апавяданні, а таксама на тэму вечных пытанняў быцця.
Падчас прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю Аляксандр КОЗАК зазначыў, што большую частку праграмы фэсту складаюць драматычныя пастаноўкі, добра прадстаўлена і сучасная драматургія. Не можа не інтрыгаваць заяўленая работа Маскоўскага тэатра юнага гледача па апавяданні Чэхава «Скрыпка Ротшыльда». Бо ў гэтай пастаноўкі шмат узнагрод. Чаго вартыя «Залатыя маскі» за лепшы спектакль вялікай формы і лепшага мастака! У пастаноўцы бярэ ўдзел народны артыст Расіі Валерый Барынаў. А нашаму гледачу спектакль стаў даступны з прычыны дапамогі з фінансаваннем менавіта расійскага
боку. Бо калі б на квітках пазначылі маскоўскія цэны, няцяжка здагадацца, колькі гледачоў здолела б пайсці. Але ж намаганні арганізатараў вартыя выніку. Зноў жа, на думку меркавання дырэктара фестывалю, работу можна лічыць узорам тэатральнага мастацтва. Як кажуць, пажывём — пабачым.
Батумскі дзяржаўны драматычны тэатр імя І. Чаўчавадзэ падрыхтаваў спектакль «Сіндром, або Каго ўслаўляеш?», тэатр ФЕРТЪ (РТШ) з Эстоніі — работу «Боб ведае». Ровенскі абласны акадэмічны музычна-драматычны тэатр, які ў 2012 годзе паспяхова выступіў у нас з пастаноўкай «Калігула», гэтым разам прадстаўляе драму «Ненармальная». Гэты спектакль, дарэчы, пакажуць не толькі ў Брэсце, але і ў Жабінцы.
Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» гэтага года 22-гі па ліку. У афішы заяўлены 28 тэатральных калектываў з 14 краін свету. Форум адкрываецца ў пятніцу вечарам фарсам-вадэвілем «Пінская шляхта», які пакажа Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Купалы. У гэты ж дзень гледачу будуць прадстаўлены яшчэ два спектаклі. Сваю работу «Сіняя-сіняя» пакажа Магілёўскі абласны тэатр лялек. І па даўняй традыцыі «Вежы» на плошчы Леніна адбудзецца вулічны спектакль «Высокія мары» тэатра з Чэхіі. Улюбёнец брэсцкай публікі Львоўскі тэатр «Уваскрэсенне» таксама пакажа плошчавую дзею, толькі 14 верасня, яна называецца «Цягнік са Львова».
Гэтым разам і пасля закрыцця фестывалю, у нядзелю, 17 верасня, заяўлены яшчэ адзін спектакль. Камедыю «ВДВ. Усім добры вечар!» з удзелам вядомага артыста тэатра і кіно Аляксандра Балуева пакажуць масквічы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] mailto:уасkеvісh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[6] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[7] https://zviazda.by/be/tags/brest
[8] https://zviazda.by/be/tags/akcyory