Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ даручыў завяршыць у тэрмін будаўніцтва аб'ектаў у Мінску, якія будуць задзейнічаны пры правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе ў Беларусі.
Як паведаміла прэс-служба Савета Міністраў, на пляцоўцы будаўніцтва Студэнцкай вёскі кіраўніку ўрада далажылі аб ходзе ўзвядзення самага вялікага інтэрната ў комплексе, разлічанага на пражыванне 1800 чалавек. Таксама ў Студэнцкай вёсцы да Еўрагульняў з'явіцца павільён для арганізацыі харчавання афіцыйных удзельнікаў спаборніцтваў. Андрэй Кабякоў даручыў скончыць будаўніцтва інтэрната ў снежні 2018 года. «Усе неабходныя фінансавыя сродкі ёсць, проста трэба працаваць. Снежань 2018 года — і ні днём больш, ніякага плана па ўвозе на 2019 год быць не можа. Да канца 2018-га аб'ект павінен быць гатовы пад ключ, з мэбляй», — падкрэсліў прэм'ер-міністр. На пляцоўцы павінен быць арганізаваны штодзённы рэжым працы, дадаў ён.
Прэм'ер-міністр таксама азнаёміўся з ходам будаўніцтва новага будынка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту на скрыжаванні вуліц Ціміразева і Нарачанскай. Цяпер будаўнічая гатоўнасць аб'екта складае каля 50%. Пазначаны прэм'ер-міністрам тэрмін уводу — да 1 верасня 2018 года. Кіраўнік урада падкрэсліў, што ўсё неабходнае для своечасовага завяршэння работ ёсць, фінансаванне ідзе па графіку.
Работы на яшчэ адным аб'екце — будынку шматпрофільнай спартыўнай залы гульнявых відаў спорту — па даручэнні Андрэя Кабякова трэба скончыць да канца гэтага года. Фінансаванне будоўлі па вуліцы Філімонава вядзецца за кошт крэдытных рэсурсаў Банка развіцця, арыенціровачны кошт у бягучых цэнах — 22,2 млн рублёў. У час Еў-
рагульняў—2019 аб'ект плануецца выкарыстоўваць у якасці трэніровачнага ў гульнявых відах спорту (гандбол), а таксама пры неабходнасці і ў адзінаборствах (бокс, вольная і грэка-рымская барацьба, дзюдо, самба).
Прэм'ер-міністр таксама наведаў Палац воднага спорту і ацаніў інфраструктуру, якая можа быць задзейнічана пры правядзенні Еўрапейскіх гульняў у Мінску.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:рustаvіt@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019