Гэта дзіўна, як мастакі кінаплаката маглі вытанчана перадаць ідэалагічныя фармулёўкі і ўласнае стаўленне да матэрыялу. Чырвоны конь як сімвал рэвалюцыі — не падкапаешся. Але калі звярнуць увагу на дэталі, становіцца відавочна, што конь на плакаце звар'яцелы, неўтаймаваны, небяспечны, што сімвал не такі просты і дакладны, а кінаплакат — не проста рэклама, а сапраўднае мастацтва. Мы завіталі на выстаўку "Беларускі кінематограф 1920—1930-х гадоў у кінаплакаце" ў Музей гісторыі беларускага кіно і трапілі на эксклюзіўную экскурсію кіназнаўцы, даследчыка і дырэктара музея Ігара Аўдзеева. На кожным з плакатаў выхадныя звесткі, тыраж падаецца вялікім — тысячы экзэмпляраў.
— Па тыражы плаката можна меркаваць пра месца фільма ў кінапракаце і яго значнасць з пункту гледжання кінавытворцаў. Як, зрэшты, і па колькасці варыянтаў плаката да аднаго фільма: друкавалася ад аднаго да пяці, а ў некаторых выпадках ажно да дзесяці! У нашай экспазіцыі, напрыклад, прадстаўлена адразу тры плакаты да фільма "Кастусь Каліноўскі": адзін з іх, на беларускай мове, выпушчаны для беларускамоўных гледачоў вялікім, улічваючы памеры нашай кінасеткі, накладам у 1000 экзэмпляраў; два астатнія варыянты з пятнаццацітысячным тыражом кожны меркаваліся для рускамоўнай аўдыторыі. Кажучы пра кінаплакат 1920—1930-х гадоў, трэба разумець, што ў тыя часы не было звыклых нам сродкаў інфармацыі кшталту інтэрнэту і тэлебачання, радыё знаходзілася ў зародкавым стане, таму апроч чорна-белых газет галоўную рэкламна-інфармацыйную функцыю ў дачыненні да навінак кіно насіў каляровы, вялікі па памеры плакат. Ад яго якасці залежаў камерцыйны поспех карціны, таму перад мастаком ставілася двайная задача: трэба было адной кампазіцыяй перадаць асноўны пафас і сэнс фільма і ў той жа час прымусіць пайсці на сеанс. Шукаліся аўтары, здольныя гэта зрабіць, і ў барацьбе за гледача справа даручалася некалькім мастакам у надзеі на тое, што плакат хоць бы аднаго з іх (а лепш — усіх адначасова) выкліча масавы прыток публікі.
— А з чаго пачыналася работа? Каб папрасіць мастака напісаць кінаплакат, трэба даць яму магчымасць убачыць фільм першым.
— Часам яму давалі такую магчымасць, а часам забяспечвалі толькі камплектам рэкламных фатаграфій з ключавымі момантамі дзеяння карціны (фатограф фіксаваў іх, стоячы побач з камерай). Камплект перадаваўся пракатным канторам для афармлення рэкламных стэндаў і выкарыстання ў газетных публікацыях. З такімі фота працавалі і мастакі, часам поўнасцю капіявалі выявы са здымкаў. Напрыклад, плакат фільма "Залатыя агні" відавочна зроблены на аснове рэкламнай фатаграфіі. У кампазіцыі аўтар аб'яднаў парачку, якая сядзіць пад кустом і спявае, і электрастанцыю, якая выпраменьвае каскад святла і азарае персанажаў. І такім чынам перадаў пафас фільма: шчаслівае жыццё савецкіх людзей звязана з індустрыялізацыяй.
— Выхадныя звесткі некаторых плакатаў сведчаць, што яны надрукаваны ў Маскве.
— Цэнтрамі кінапракатнай справы, адпаведна і вытворчасці кінаплакатаў, у 1920—1930-я гады былі Масква і Ленінград. Кінастудыя мастацкіх фільмаў "Савецкая Беларусь" з 1928 года да 1939-га знаходзілася ў Ленінградзе, дзе было прасцей і плакаты заказваць. Трэба ж разумець, што беларускае кіно стваралася фактычна на "голым полі": такіх перадумоў яго ўзнікнення, як у Францыі альбо Расіі, тут не было. Бо што такое кіно? — вынік намаганняў групы прыватных прадпрымальнікаў, якія ўбачылі ў ім камерцыйную і мастацкую перспектыву. Дзеячы гэтай сферы паступова вучыліся і станавіліся рэжысёрамі, аператарамі і гэтак далей. У Беларусі, калі было вырашана наладзіць кінавытворчасць, не было ніводнага прафесійнага кінематаграфіста. Афішы і плакаты да фільмаў таксама вырабляліся "саматужна", у адзінкавых экзэмплярах. Таму над плакатамі да беларускіх карцін працавала інтэрнацыянальная плеяда таленавітых майстроў. Сярод іх з Беларусі быў толькі адзін — Міхаіл Векслер, які нарадзіўся ў Віцебску, вучыўся ў знакамітым Віцебскім мастацкім вучылішчы ў Пэна і Шагала, а потым рэалізаваў свой талент у Маскве і Ленінградзе.
— Тады ў мяне пытанне да вашай даследчай працы. Дзе вам давялося шукаць матэрыял?
— У асноўным у архівах Масквы, Санкт-Пецярбурга і Кіева. Пошукі праводзіліся на ўласным энтузіязме, у музея працяглы час не было рэсурсаў на даследчую працу, чаму яна і расцягнуліся амаль на пятнаццаць гадоў. Але, думаецца, не дарма. Неаднойчы да нас звярталіся замежныя калекцыянеры з настойлівай просьбай прадаць узоры кінаплакатнага мастацтва з нашай калекцыі. Напрыклад, зроблены з выкарыстаннем тыпова канструктывісцкіх прыёмаў плакат да "Нянавісці" альбо плакат да фільма "У агні народжаная" (першапачаткова — "Волат") з кідкай авангардысцкай вобразнасцю. Пад волатам разумелася маладая беларуская рэспубліка, якая вырастае ў выглядзе яскравай фігуры на фоне цёмнага мінулага, а на ёй — выявы персанажаў, то-бок лёсы тысяч людзей у іх супярэчлівай барацьбе за светлую будучыню. Па-свойму ўнікальны і плакат да фільма "Лясная быль": мастак Барыс Клінч, чалавек дарэвалюцыйнай закваскі, не проста перадаў асноўны пафас карціны, але і выказаў асабістае стаўленне да матэрыялу. Адной дэталлю — шалёным вокам чырвонага каня, сімвала рэвалюцыі, прадставіўшы яго бескантрольнай стыхіяй, вынікі дзеяння якой абсалютна непрадказальныя.
— А на плакаце фільма "Прастытутка", так выглядае, рэстаран паказаны як пажыўное месца.
— На выстаўцы мы павесілі разам плакаты да трох фільмаў, што прэтэндуюць на ролю першай беларускай карціны. Калі глядзець у вытворчыя планы "Белдзяржкіно", першынцам павінен быў стаць "Кастусь Каліноўскі". Нічога дзіўнага для перыяду нацыянальнага адраджэння і актыўнай беларусізацыі: амаль усе задуманыя тады кінапраекты былі скіраваны на гісторыю беларускага народа. На жаль, запрошаны рэжысёр з вопытам маштабных пастановак Уладзімір Гардзін змог зняць "Каліноўскага" толькі ў 1927 годзе. І Юрый Тарыч, які ў 1925-м пагадзіўся паставіць "Лясную быль", раптам пераключыўся на працу ў Маскве над больш прывабным для яго праектам "Крылы халопа", а "Лясная быль" выйшла на экран толькі пад канец 1926-га. У выніку першай у вытворчасць пайшла "Прастытутка", апошняя ў планах "Белдзяржкіно". Паспрыяла палітычная кан'юнктура. Фільм задумваўся як навукова-асветніцкі твор пра барацьбу з прастытуцыяй, а атрымалася сацыяльная драма на фоне жахаў нэпа: кірунак дзяржавы мяняўся, і трэба было з дапамогай кіно стварыць негатыўны вобраз новай эканамічнай палітыкі. Першым да масавага гледача дайшла ўсё ж "Лясная быль", менавіта ў яе цітрах упершыню ўбачылі подпіс "Вытворчасць "Белдзяржкіно".
— Вы, напэўна, адбіралі кінаплакаты для выстаўкі ў тым ліку па мастацкіх якасцях.
— Плакат тых часоў цікавы сам па сабе як унікальны элемент кінапрацэсу. Часам як мастацкі твор ён нават больш дасканалы, чым фільм. Мы імкнуліся сабраць усе ўзоры жанру, якія датычацца беларускага кіно таго перыяду. Некалькі плакатаў застаюцца адзіным сведчаннем існавання фільмаў. Напрыклад, "Гатэль "Савой" — унікальная карціна савецкага кіно аб гісторыі бунту адной з часцей Чырвонай арміі ў Магілёве з-за дрэннага забеспячэння. Карціна не захавалася, але па плакаце мы можам уявіць драматызм яе зместу, падкрэслены напружанымі постацямі герояў, выразнай двухкаляровай графікай, ламанай лініяй назвы. Тут усё звялося да дэтэктыўнай інтрыгі, незразумела, што фільм расказвае пра бунт чырвонаармейцаў, але, магчыма, аўтар падумаў, што ў такім выглядзе плакат прыцягне больш гледачоў, бо не ўсе любілі Чырвоную армію і не ўсе прымалі савецкую ўладу. Альбо карціна "Вышыня 88,5" — яшчэ адна ўнікальная з'ява ў савецкім кінематографе — ваенна-абарончы фільм, які выкарыстоўваўся для ваеннай падрыхтоўкі насельніцтва і расказваў, як падраздзяленню Чырвонай арміі дзейнічаць ва ўмовах акружэння, абапіраючыся на дапамогу мясцовых жыхароў. У сярэдзіне 1930-х, калі запанавала іншая ваенная дактрына, згодна з якой савецкая армія магла толькі пераможна наступаць, "Вышыня 88,5" аказалася непатрэбнай і ад яе застаўся толькі кінаплакат.
— З якіх прычын той ці іншы беларускі фільм аказаўся страчаным?
— Лёсы кіно, як і лёсы грамадства, былі звязаны са змяненнямі ў курсе партыі. Быў нават такі анекдот: "Яго меркаванне змянілася разам з курсам партыі". Многае са знятага ў 1920-х гадах у сярэдзіне наступнага дзесяцігоддзя ўжо не дэманстравалася. У выніку "чысткі" савецкага кінафонду ў 1937 годзе з экрана была знята і палова беларускіх мастацкіх стужак: некаторыя назаўжды, некаторыя часова для перамантажу. Калі ў 1920-х палітыка цэнтра садзейнічала росквіту нацыянальнага кіно, у 1930-я пачалося стварэнне монадзяржавы з адзінай супольнасцю "савецкі народ". Шмат фільмаў знікла падчас пераводу савецкага кінафонду з гаручай плёнкі на негаручую. Проста з меркаванняў эканоміі. Іх не пакінулі нават для гісторыі, каштоўнасць рэчаў не ўсведамлялася, хаця як помнік культуры цікавы любы фільм — альбо рэдкай работай вядомага ў далейшым акцёра, альбо адлюстраваннем гарадоў і мястэчак. Напрыклад, "Джэнтльмен і певень", які захаваўся толькі ў некалькіх частках, дае ўяўленне пра выгляд страчанага палаца ХVІІІ стагоддзя пад Віцебскам і відавочна мог бы паспрыяць яго аднаўленню.
— Гляджу, на плакаце да фільма "Першы ўзвод" напісана не проста "гукавы фільм", а "гукавы гаваркі фільм".
— Так, гэта асаблівасці тагачаснай рэкламы. "Першы ўзвод", дарэчы, — беларускамоўная карціна. Цікава, што першыя гукавыя фільмы здымалі на беларускай мове. Акцёры, у асноўным расійскія (нашых здымалі вельмі рэдка), прамаўлялі свае рэплікі на беларускай, а ўжо пасля рабілася дубліраванне для шырокай рускамоўнай аўдыторыі. У нямы перыяд фільмы на тэрыторыі Беларусі дэманстраваліся з цітрамі на чатырох афіцыйных мовах адпаведна чатыром афіцыйным — беларускай, рускай, польскай і ідыш. У перыяд пачатку гукавога кіно карціны выпускаліся і на іншых мовах: існаваў варыянт фільма "Вяртанне Нэйтана Бэкера" на ідыш, які шырока дэманстраваўся за мяжой, у тым ліку ў кінапракаце ЗША. Хоць па сюжэце каменшчык Нэйтан Бэкер вяртаецца з Амерыкі, дзе шукаў лепшае жыццё, і пераконваецца, што на савецкай радзіме лепш. Карціна цікавая тым, што ў ёй сыграў сусветна вядомы акцёр і грамадскі дзеяч Саламон Міхоэлс, забіты потым пад Мінскам. Да таго ж "Вяртанне Нэйтана Бэкера" паказвае, як выглядала даваеннае яўрэйскае мястэчка. Чым старыя фільмы і цікавыя: гэта своеасаблівая машына часу, якая дазваляе адказаць на пытанне: а як жа было тады, 80 ці 90 гадоў таму?
Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] https://zviazda.by/be/tags/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/kinematograf
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey-gistoryi-belaruskaga-kino-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/film