Забудоўшчык марыць як мага хутчэй і даражэй распрадаць кватэры ў доме, які ўзводзіцца (пажадана яшчэ на стадыі катлавана, каб з самага пачатку праекта яго партфель аж трашчаў ад купюр). Мары дольшчыка куды прасцейшыя — у названы ў дагаворы тэрмін атрымаць ключы ад сваіх «квадратаў» і заняцца рамонтам. І калі задумкі першага часцей за ўсё спраўджваюцца, то другому даводзіцца не так лёгка: напярэдадні прапісанага ў дакументах тэрміну здачы будучы навасёл, хутчэй за ўсё, атрымае дадатковае пагадненне, згодна з якім тэрміны ўводу аб'екта ў эксплуатацыю будуць перанесены «па не залежных ад забудоўшчыка прычынах».
У Мінску засталося чатыры дамы са звышнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва, паведаміла нам начальнік аддзела жыллёвага будаўніцтва камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ірына Гонтарава. Яна адзначыла, што ўвесці іх у строй плануецца да канца года.
Да гэтых аб'ектаў адносяцца: дом №6 у межах вуліц Маякоўскага — Аранжарэйна, дом №6 па вуліцы Быхаўскай — Авакяна («Прамэкс»), дом па вуліцы Кальцова («Фрэліэйсэксім») і дом на праспекце Дзяржынскага («Жылбудкамплект»). Асноўная праблема ў забудоўшчыкаў пры зацягванні тэрмінаў будаўніцтва — адсутнасць фінансавання, адзначыла Ірына Гонтарава.
***
Праўда, у мінулыя гады не ўсе разборы з жыллём заканчваліся добра. Днямі завяршылася справа, якая цягнулася ўжо нямала часу: у судзе Фрунзенскага раёна Мінска быў агучаны прысуд забудоўшчыку «СКВІЧ», які ўзяўся за ўзвядзенне жылога дома ў Каменнай Горцы, а потым не толькі зацягнуў усе тэрміны, але і правёў, як высветлілася, махінацыі з грашыма. Будынак пачаў расці на скрыжаванні Нёманскай і Налібоцкай яшчэ ў 2011 годзе. У 2013-м дольшчыкі, якія стаміліся чакаць ключы, запісалі відэазварот да Прэзідэнта. Услед рушыла праверка, у выніку якой вызначылі, што кіраўнік кампаніі-забудоўшчыка (футбольны клуб «СКВІЧ») відавочна не па прызначэнні скарыстаўся грашыма, якія былі выплачаныя за жыллё.
«Падставай для крымінальнага праследавання сталі выяўленыя факты выкарыстання дадзенай службовай асобай сродкаў дольшчыкаў жылога дома ў сталічным мікрараёне Каменная Горка ў суме звыш 14 млрд рублёў на іншыя мэты», — паведамлялася на сайце Камітэта дзяржкантролю. Дом у выніку ўсё ж быў здадзены (толькі яго жылая частка, бо меркаваныя паркоўкі і камерцыйныя плошчы ўсё яшчэ нагадваюць катакомбы), а вось справа кіраўнікоў клуба не рассеялася: кіраўнік, а таксама яго сын (ён жа — намеснік кіраўніка) сталі фігурантамі больш чым трыццаці крымінальных спраў, якія былі аб'яднаны ў адну вытворчасць.
У выніку за кратамі і пад аховай апынуліся бацька і сын П., адзін 1958 года нараджэння, другі — 1985-га. Іх «паслужны» спіс настолькі разнастайны, што на тое, каб зачытаць усе артыкулы і абставіны, у суддзі пайшло амаль пяць хвілін.
Суд прызнаў старэйшага П. вінаватым у завалоданні маёмасцю, учыненым службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў у асабліва буйным памеры. Яго таксама прызналі вінаватым у наўмысным (насуперак інтарэсам службы) здзяйсненні з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці дзеянняў, якія пацягнулі прычыненне істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным інтарэсам.
Падсуднаму было прызначана канчатковае пакаранне: пазбаўленне волі на тэрмін восем гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады на тэрмін пяць гадоў. Адбываць пакаранне былы забудоўшчык будзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Яго сына таксама прызналі вінаватым і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады з канфіскацыяй маёмасці.
***
Дарэчы, «СКВІЧ» — далёка не першы ў гісторыі Беларусі забудоўшчык, які трапіў у поле зроку праваахоўнікаў і які атрымаў за свае дзеянні рэальны тэрмін зняволення.
У канцы 2012 года суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў бізнесмена Сяргея Дземчука да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым у махлярстве. У ходзе следства і суда было даказана, што Дзямчук сабраў грашовыя сродкі дольшчыкаў нібыта для будаўніцтва жылога комплексу ў раёне былога аўтавакзала «Маскоўскі» ў Мінску, аднак на самай справе выкарыстаў гэтыя грошы не па мэтавым прызначэнні, а для падтрымання фінансавага стану падкантрольных яму фірмаў.
А ў 2014 годзе на восем і пяць з паловай гадоў адправіліся ў калонію ўзмоцненага рэжыму службовыя асобы акцыянернага таварыства «Антасам», абвінавачаныя ў крадзяжы грошай дольшчыкаў жылога комплексу «Самацветы». Пасля таго як практычна цалкам аплачаная дольшчыкамі будоўля замерла, людзі запатрабавалі комплекснай праверкі кампаніі і звярнуліся ў праваахоўныя органы. У выніку супраць вядучых службовых асоб кампаніі было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў па фактах махлярства з грашыма дольшчыкаў.
У тэму
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК па пытанні правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе даручыў вырашыць у Мінску праблему даўгабудаў да правядзення ў краіне гэтых буйных спаборніцтваў.
«Прывядзіце горад у парадак, каб не было ніводнага даўгабуда. Ніякіх платоў, якія закрываюць гэтыя будоўлі, быць не павінна», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne