Андрэй Худык назначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Андрэй Паўлавіч Худык нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Астраўчане Камянец-Падольскага раёна Хмяльніцкай вобласці Украіны.
У 1987 годзе скончыў Ленінградскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчы інстытут. У 2006 годзе - Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі (перападрыхтоўка).
Працоўную дзейнасць пачаў у 1977 годзе электраслесарам па рамонце электраабсталявання Камянец-Падольскага цэментнага завода.
З 1978 па 1980 год служыў у радах Савецкай Арміі.
Затым працаваў на розных пасадах на сельгаспрадпрыемствах Гродзенскай вобласці. У 1988-1999 гадах - старшыня калгаса імя Кірава Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. У далейшым кіраваў Браслаўскім аграпрамысловым камбінатам у Віцебскай вобласці.
2001-2002 гады - першы намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ваўкавыскага райвыканкама Гродзенскай вобласці. З 2002 па 2011 год па чарзе ўзначальваў Дзятлаўскі і Лідскі райвыканкамы. 2011-2013 гады - намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама. З 2013 па 2014 год - старшыня Гродзенскага гарвыканкама.
З 2014 года да гэтага часу працаваў на пасадзе намесніка кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя мае намер наладзіць больш якасную працу ў гідраметэаралагічнай сферы. Пра гэта заявіў сёння журналістам новы кіраўнік ведамства Андрэй Худык.
"Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу наладзіць больш якасную працу ў гідраметэаралагічнай дзейнасці. Часта даводзілася чуць ад насельніцтва крытыку ў адрас недакладных прагнозаў надвор'я. Напэўна, праблема сапраўды мае месца. Ёсць прыклады ў тым ліку і ў нашай краіне, дзе гэтая праца сёння выконваецца больш якасна. таму над гэтым пытаннем будзем працаваць", - сказаў Андрэй Худык.
Паводле яго слоў, перш за ўсё будзе звернута ўвага на ўзровень спецыялістаў, забяспечанасць тэхнічным абсталяваннем, метады і формы работы. "Безумоўна, не ўсе самыя дасканалыя у свеце тэхналогіі прымяняюцца ў нас. Але калі ўжываюцца, тады мы павінны гэтак жа, як і некаторыя краіны, якія больш дакладна прадказваюць прагноз надвор'я, выдаваць сёння якасць гэтай інфармацыі для насельніцтва і ў цэлым для эканомікі краіны" , - адзначыў кіраўнік ведамства.
Пры гэтым Андрэй Худык звярнуў увагу, што прадказаць надвор'е са стоадсоткавай верагоднасцю немагчыма, у шэрагу дзяржаў гэта робяць з дакладнасцю да 95%. "Мы павінны браць з іх прыклад", - рэзюмаваў ён.
БЕЛТА [2]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://www.belta.by
[3] https://zviazda.by/be/tags/abarona-navakolnaga-asyaroddzya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belgidrametcentr