Масавая вакцынацыя супраць грыпу ў Беларусі пачнецца 1 кастрычніка, паведаміла журналістам намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
"Масавы старт вакцынацыі ў нас пачнецца з 1 кастрычніка. Цяпер вакцынуюць тых людзей, якія часта і доўга хварэюць, каб злавіць той момант, калі чалавек знаходзіцца яшчэ ў здаровым стане", - сказала Іна Карабан. Яна дадала, што з кастрычніка, як правіла, пачынаецца рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, а вакцынавацца чалавек павінен, калі здаровы.
Кампанія вакцынацыі павінна завяршыцца да 1 снежня. У гэтым годзе для бясплатнай імунізацыі можна будзе выкарыстоўваць вакцыну "Грыпол плюс" (Расія). За сродкі бюджэтаў прадпрыемстваў, арганізацый і асабістых сродкаў грамадзян будуць даступны "Грыпол плюс" і "Ультравак" (Расія), "Інфлювак" (Нідэрланды), "Ваксігрып" (Францыя). У арганізацыі аховы здароўя пачалі паступаць процігрыпозныя вакцыны.
З 2012 года вакцынацыя супраць грыпу ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі і праводзіцца на бясплатнай аснове некаторым групам насельніцтва. У іх ліку дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы з імунасупрэсіяй, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікі дзяржорганаў, што забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.
За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў бясплатна вакцынуюцца школьнікі, іншыя дзеці, якія наведваюць арганізаваныя калектывы, студэнты.
Прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу ў 2017 годзе плануецца зрабіць не менш як 40 працэнтам насельніцтва Беларусі, інакш кажучы больш як 3,8 млн чалавек. Што датычыцца груп рызыкі, вакцынаваць плануецца да 75 працэнтаў ад іх колькасці.
У Беларусі дзякуючы рэкамендаванаму ўзроўню вакцынацыі (каля 40 працэнтаў усяго насельніцтва і 75 працэнтаў сярод груп рызыкі) на працягу апошніх гадоў не рэгіструюцца грыпозныя эпідэміі і лятальныя выпадкі ў выніку захворвання. Аналіз захваральнасці сведчыць, што ў асноўным з году ў год сярод вакцынаваных на грып хварэе максімум 2-3 працэнты чалавек, астатнія хворыя прышчэплены не былі. У іх развіваюцца даволі цяжкія формы захворвання, якія праходзяць з пнеўманіямі, бранхітамі.
Паводле слоў Іны Карабан, пасля вакцынацыі захварэць на грып можна, паколькі развіццё імунітэту залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ўзросту, стану імуннай сістэмы арганізма. Аднак захворванне ў прышчэпленых праходзіць у значна больш лёгкай форме. "Вакцынацыя супраць грыпу накіравана не на прадухіленне самога захворвання, а на прадухіленне развіцця цяжкіх ускладненняў", - растлумачыла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/pryshchepki