У любым выпадку рабіць прышчэпку трэба пры добрым самаадчуванні, а чым глыбей у восень, тым больш шанцаў падхапіць які-небудзь рэспіраторны вірус. Дарэчы, супрацьгрыпозныя вакцыны, прадстаўленыя на беларускім рынку, змяшчаюць імунамадулятары, што зніжае рызыку развіцця вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі, абумовіць якую могуць каля 200 патагенных вірусаў і бактэрый.
Прышчэпка ад грыпу не азначае, што вы не захварэеце на грып ці ВРВІ наогул, аднак захворванне будзе праходзіць у лёгкай форме, без наступстваў, якія нясуць з сабой нават смяротную пагрозу. Грып, як вядома, можа выклікаць цяжкія пнеўманіі. Вопыт паказвае, што той, хто перажыў такі стан, ужо ніколі не адмаўляецца ад прафілактычнай прышчэпкі, якая забяспечвае імунітэт літаральна праз 2—3 тыдні. Эфект захоўваецца дзесьці каля паўгода, пасля слабее і да наступнага халоднага сезона цалкам знікае. Таму прышчэплівацца неабходна кожны год. Акрамя таго, вірус грыпу мяняецца, што абавязкова ўлічваюць вытворцы вакцын, прапануючы менавіта тое, што патрэбна ў новым сезоне.
Паводле слоў намесніка начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іны КАРАБАН, эпідэміі ў Беларусі няма вось ужо некалькі гадоў — толькі пад'ём захваральнасці прыкладна ў канцы зімы. Дасягнуць гэтага ўдалося дзякуючы больш высокаму паказчыку прышчэпленых: калі ў 2007 годзе гэта было ўсяго 5 працэнтаў насельніцтва, то цяпер 40. Мяркуецца, што і сёлета будзе дасягнуты адпаведны паказчык. Але наогул, лічаць спецыялісты, межаў тут не існуе — хоць бы і 80. У процістаянні грыпу вельмі важным будзе калектыўны імунітэт. Чым больш людзей прышчэплена ў канкрэтнай сям'і, рабочым калектыве, садку, школе, краіне, тым вышэйшая магчымасць таго, што эпідэміі не будзе.
Бясплатна могуць атрымаць прышчэпку групы рызыкі (тут колькасць вакцынаваных дасягае 75 працэнтаў) — гэта дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, ад 3 гадоў з хранічнай паталогіяй, людзі з атлусценнем, імунасупрэсіяй, школьнікі і студэнты, тыя, хто ў сілу прафесійных абавязкаў падтрымлівае кантакты з вялікай колькасцю людзей (прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, унутраных спраў і інш.). Зрабіць прышчэпку можна і трэба кожнаму — так мы гарантуем сабе, што наша сутыкненне з вірусам грыпу не скончыцца цяжкімі наступствамі, рэанімацыяй. На шэрагу прадпрыемстваў вакцынацыя будзе праводзіцца за сродкі саміх работадаўцаў. Цалкам даступная і вакцынацыя за ўласны кошт. На гэта абавязкова павінны звярнуць увагу ўсе цяжарныя, бацькі дзяцей ад 6 месяцаў, а таксама пажылое насельніцтва ва ўзросце ад 60—65 гадоў.
На шчасце, летась не зарэгістравана ніводнага выпадку гібелі, звязанага з грыпам. А вось цяжкія пацыенты былі. У першую чаргу сярод дзяцей і дарослых, якія ігнаравалі магчымасць вакцынацыі (назіранні паказваюць, што хварэе ўсяго 2—3 працэнты вакцынаваных), а таксама сярод схільных да набору вагі.
Звычайна грып цяжка пераблытаць з любой іншай інфекцыяй: яго сімптомы — высокая тэмпература, хваравіты кашаль (трахеіт) і моцная інтаксікацыя (праяўляецца болем ва ўсім целе) — з'яўляюцца даволі рэзка і проста валяць з ног у ложак. А стаць ахвярай грыпознай інфекцыі можна не абавязкова пад канец зімы — розныя тыпы грыпу акружаюць нас увесь год. Але ж менавіта з наступленнем халадоў вірусам лягчэй атакаваць. Асабліва калі мы ігнаруем самы эфектыўны спосаб прафілактыкі — не робім прышчэпку. Бо ўсе іншыя меры зніжаюць рызыку захворвання вельмі адносна. Тым не менш не будзем забываць і пра іх.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryshchepka