Урачыста і адначасова весела адзначылі жыхары Смалявіцкага раёна і шматлікія госці «Дажынкі-2017», якія прайшлі ў аграгарадку Слабада. Арганізатары пастараліся, каб ніхто ў гэты дзень не сумаваў. Раніцой на канцэртнай пляцоўцы выступілі народныя фальклорныя калектывы — для людзей сталага і пажылога ўзросту. Паралельна працавала зона для дзяцей — гульнявы гарадок, батуты, атракцыёны, аніматары. Малыя частаваліся салодкай ватай і папкорнам.
Не абышлося, як звычайна, без гумару. Напрыклад, адзін з персанажаў — Сымоніха, летась прыехала на фестываль на веласіпедзе, а ў гэтым — прыляцела на верталёце. Спускаўся з яго парашутыст у народным касцюме, а выбегла на сцэну ўжо актрыса — мастацкі кіраўнік Смалявіцкага гарадскога Дома культуры Наталля Вінцукевіч.
Удзел у свяце прынялі найлепшыя творчыя калектывы раёна, а таксама госці: сталічны арт-гурт «Маракасы», гурт «Дразды», экс-саліст ансамбля «Песняры» Валерый Скаражонак.
У межах «Дажынак» адбыўся і раённы этап спаборніцтва маладых сем'яў «Уладар сяла», якія прадставілі свае «візітоўкі» на беларускай мове. Праграма прадугледжвала таксама шмат конкурсаў: «Сялянская эстафета», «Па дровы» і іншыя.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lazovskaya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dazhynki
[5] https://zviazda.by/be/tags/smalyavicki-rayon