Даўно збіралася выказаць такое сваё меркаванне: ні гучнасць назвы, ні плошча экспазіцыі, ні тэрмін існавання, ні тэма, ні прысвячэнне, ні розныя іншыя акалічнасці не гарантуюць музею таго, што забяспечыць яму пазіцыя заснавальніка, гаспадара. Асаблівая палярнасць назіраецца ў стане школьных музеяў, якіх у маёй калекцыі налічваецца нямала. Некаторыя з іх, рэалізуючы самыя смелыя ідэі, выпраменьваюць нешта такое, пра што іншыя нават не мараць. Для ілюстрацыі тут вельмі падыходзіць музей сярэдняй школы ў пасёлку Гудагай.
Не малады, але і не стары — заснаваны больш чым дзесяць гадоў таму, па кірунку — гісторыка-краязнаўчы, якіх большасць, па плошчы — чвэрць сотні квадратных метраў пад адным памяшканнем, на якое ўскладзены тым не меней тры ролі адразу: экспазіцыйнай залы, кабінета для падрыхтоўкі юных экскурсаводаў і тэатральнай студыі.
Этнаграфічны збор музея сам па сабе традыцыйны (прадметы побыту прамінулага часу), але прадстаўлены досыць нетрадыцыйна — супрацоўнікі музея (так трэба называць гэтых вучняў) паставілі па ўласным сцэнарыі побытавую сцэнку, у якой праз дзеянні і дыялогі герояў паказаны не толькі прадметы штодзённага вясковага ўжытку 1950-х гадоў, але і варункі і клопаты таго часу. Літаральна за імгненні прастора кабінета-музея ператвараецца ў сцэну і глядзельную залу, а экскурсаводы — у артыстаў. І вось Агнеса Кошчыц у ролі маці прасуе бялізну драўляным прасам, Аляксандр Жалток у ролі бацькі штось вымярае вялізным драўляным цыркулем, Мікіта Вішнеўскі, дзядуля, таўчэ ў ступцы зерне, Вераніка Лапшэвіч, бабуля, збівае масла, Вікторыя Мілешка, малодшая дачка, гуляе з самаробнымі лялькамі, Павел Казлоўскі, сын, уваходзіць у хату з каромыслам на плячы... Кіраўнік музея Марыя Карлаўна Васілёнак упэўнена, што побытавая сцэнка «Вясковая сям'я ў зімовы вечар» можа выкарыстоўвацца настаўнікамі ўстаноў адукацыі Астравецкага раёна, а таксама суседніх Ашмянскага і Смаргонскага для знаёмства з мясцовымі традыцыямі, хатнім убраннем і асаблівасцямі ранейшай тутэйшай мовы — ад дыялектаў да спосабу вымаўлення імён. А гэта ўжо, між іншым, сапраўдная навукова-асветніцкая дзейнасць.
Вучні, якія займаюцца ў гуртку экскурсаводаў, прымаюць удзел у краязнаўчых даследаваннях і самі ствараюць тэксты экскурсій. Праводзяцца яны для школьнікаў сваёй і іншых школ, мясцовага насельніцтва і гасцей, арганізацый-шэфаў і ўсіх ахвотных. Экскурсійных груп дзве — малодшая, якая працуе першы год, і старэйшая, якая мае, як кажуць, напрацаваны голас.
А хросным бацькам тут лічыцца былы вучань Адам па прозвішчы Мальдзіс, жыццю і дзейнасці якога адведзены ў экспазіцыі асобны стэнд.
Слухаючы пра Гудагай — вёску і станцыю на першай каляі Лібава-Роменскай, пра абраз Маці Божай Гудагайскай і іншыя цікавосткі,
зайздрошчу таленту непасрэднасці ў складанні і агучванні аповедаў.
— Мэта сённяшняй экскурсіі — паказаць, якія шырокія магчымасці мае нават школьны музей у фарміраванні светапогляду чалавека, — гаворыць Арына Лаўрэцкая.
Міжволі задумваешся: ці шмат мы ведаем экскурсаводаў, словы якіх праходзяць не толькі праз вушы?
Святлана ВОЦІНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-dzyanisava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/gudagay
[6] https://zviazda.by/be/tags/shkolny-muzey
[7] https://zviazda.by/be/tags/ekspazicyya