Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі? Наколькі мэтазгодна ўстанаўліваць адзіныя патрабаванні да саіскальнікаў вучонага звання «прафесар» незалежна ад месца іх працы — у ВНУ, установе дадатковай адукацыі ці навуковай арганізацыі? Ці трэба ствараць аб'яднаныя саветы па абароне дысертацый на базе дзвюх і больш устаноў адукацыі і (ці) навуковых арганізацый? На гэтыя і іншыя пытанні анкеты прапанавалі адказаць удзельнікам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 25-годдзя Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Непрадузятасць і аб'ектыўнасць
— Сёння на абмеркаванне прафесіяналаў вынесены пытанні, якія былі сфармуляваныя на працягу апошніх гадоў работы ВАК. Але ўсе змяненні ў заканадаўчую базу будуць уносіцца толькі пасля іх узгаднення з навуковай грамадскасцю і ні ў якім разе не адміністрацыйна, — запэўніў старшыня ВАК, доктар педагагічных навук, прафесар Генадзь ПАЛЬЧЫК. — У гэтым мы аднадумцы.
На 1 верасня ў сістэме дзяржаўнай атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі былі задзейнічаны па краіне 1496 дактароў навук, 86 акадэмікаў і 114 членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук. У краіне дзейнічалі 162 саветы па абароне дысертацый (100 з іх — пры ўстановах вышэйшай адукацыі) і 29 экспертных саветаў.
Дарэчы, найбольшая колькасць званняў «доктар навук» і «кандыдат навук» (17,6% ад агульнай колькасці) прысуджалася з 1994 па 2017 год у галіне тэхнічных навук, на другім і трэцім месцы ідуць медыцына (16,1%) і фізіка-матэматычныя навукі (10,2%).
— На жаль, летась у нас адбылося рэзкае зніжэнне колькасці абароненых работ па тэхнічных навуках — амаль на 30 працэнтаў. Гэта трывожны сігнал, таму што калі мы хочам мець канкурэнтаздольную эканоміку, то нам патрабуецца магутны кандыдацкі корпус, асабліва па высокатэхналагічных спецыяльнасцях, які б стаў падмуркам для фарміравання новых навуковых школ, — падкрэсліў Генадзь Пальчык.
Але якія ж сёння прад'яўляюцца патрабаванні да саіскальніка вучонай ступені доктара навук? У гуманітарных навуках прэтэндэнт павінен мець не менш як 15 апублікаваных артыкулаў і адну рэцэнзаваную аднаасобную манаграфію. У медыцынскіх і сельскагаспадарчых навуках — ужо не менш як 22 артыкулы ці 15 артыкулаў і адну рэцэнзаваную манаграфію. У прыродазнаўчых і тэхнічных навуках — не менш як 25 артыкулаў ці 18 артыкулаў і адну рэцэнзаваную манаграфію. Адкуль такая розніца ў падыходах? І чаму б у тэхнічных навуках, не зніжаючы патрабаванняў да якасці дысертацыйных работ, не залічваць саіскальнікам, напрыклад, замест артыкулаў патэнты і пасведчанні на вынаходніцтвы і тэхналогіі? А ў педагагічных навуках — напісаныя саіскальнікам падручнікі ці ўкаранёныя ў педагагічную практыку аўтарскія методыкі выкладання і выхавання?
Старшыня ВАК лічыць, што трэба разгледзець магчымасць стварэння спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый пад канкрэтную работу з прыцягненнем вучоных не толькі з нашай краіны, але і замежных спецыялістаў у рэжыме анлайн.
— Увогуле ў забеспячэнні адкрытасці працэдуры абароны работ трэба арыентавацца на досвед суседзяў, якія арганізуюць трансляцыю абароны ў рэжыме анлайн, — падкрэсліў Генадзь Пальчык. — Я мяркую, гэта ў нашых інтарэсах, каб нас не абвінавачвалі ў прадузятасці і неаб'ектыўнасці. Мы гатовы праводзіць пасяджэнні і экспертных саветаў, і Прэзідыума ВАК у рэжыме анлайн.
А хто на «лаўцы запасных»?
Для нашай краіны праблема старэння навуковых кадраў найвышэйшай кваліфікацыі ў сферы педагогікі актуальная як ніколі. За перыяд з 2006 па 2017 год у педагогіцы былі абаронены ўсяго 16 доктарскіх дысертацый. Дактароў педагагічных навук ва ўзросце 70 гадоў і старэйшым у нас 74% ад агульнай колькасці. Добра, што яны яшчэ працягваюць працаваць і падтрымліваюць статус і айчыннай педагагічнай навукі, і ВНУ, у якіх яны выкладаюць. Перад новым навучальным годам дактары педагагічных навук былі ў рэктараў нарасхват...
— На цяперашні момант у педагагічнай галіне зацверджаны і распрацоўваюцца 24 тэмы доктарскіх дысертацый і 200 тэм кандыдацкіх, — паведаміў доктар педагагічных навук, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вадзім ЯКАНЮК. — Але тэматыка фарміруецца ў многім выпадкова. Зразумела, што ёсць прафесійныя і творчыя інтарэсы саіскальнікаў, але яны ўсё ж такі павінны неяк карэляваць з сённяшняй сітуацыяй і патрэбамі. Так, у сферы прафесійнай адукацыі распрацоўваюцца толькі чатыры тэмы доктарскіх работ, і гэта пры вялізнай колькасці спецыяльнасцяў у вышэйшай школе! Фарміраванне навуковай праблематыкі — сур'ёзная праблема. Разам з тым, нягледзячы на наяўнасць аб'ектыўных цяжкасцяў, патэнцыял айчыннай педагагічнай навукі ў поўнай меры не запатрабаваны. Найважнейшыя рашэнні ў адукацыі нярэдка прымаюцца без правядзення сацыяльна-педагагічных даследаванняў і шырокага прыцягнення навукова-педагагічнай грамадскасці. Узяць той жа Балонскі працэс. Гэта была выдатная пляцоўка для дыскусій, якой мы за 20 гадоў так і не скарысталіся, у нашай краіне не было праведзена ніводнага даследавання па гэтай тэме, а потым узялі і проста да яго далучыліся. Не праводзяцца ў краіне і рэспубліканскія сацыяльна-педагагічныя даследаванні, якія б распрацоўвалі тэмы маральнасці, патрыятызму, каштоўнаснай арыентацыі асобы.
— Вартасць кандыдацкай і доктарскай дысертацыі заключаецца не толькі ў глыбіні вывучэння матэрыялу, але і ў статусе самой праблемы, гэта значыць, што праблема не павінна быць дробнай для дысертацыі, — упэўнена доктар філалагічных навук, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Валянціна МАСЛАВА. — Трэба арыентавацца на апошнія тэндэнцыі. Для сучаснай навукі, а для гуманітарнай асабліва, уласцівы сінтэз навуковых ведаў. Некаторыя вучоныя бачаць будучыню навукі ў аб'яднанні гуманітарных і прыродазнаўча-навуковых ведаў, у сінтэзе навуковага, філасофскага, мастацкага і рэлігійнага падыходаў. У такую складаную вобласць даследавання, як мова, свой уклад павінны ўнесці прадстаўнікі многіх навук: ад малекулярнай біялогіі, генетыкі, нейрафізіялогіі, псіхалогіі да нейралінгвістыкі і аналітычнай філасофіі. Патрабуецца супрацоўніцтва не проста вучоных з розных навуковых галін, а падрыхтоўка спецыялістаў полідысцыплінарнага тыпу.
Валянціна Маслава звярнула ўвагу на тую акалічнасць, што мова аўтараў многіх дысертацый вылучаецца незразумеласцю выкладання, празмернай колькасцю замежнай лексікі, прычым маецца на ўвазе не тэрміналогія, якая мае, як правіла, замежнае паходжанне, хоць праблема тэрміналагічнай перагружанасці таксама існуе: «Пры чытанні такіх дысертацый нярэдка ўзнікае заканамернае пытанне, а ў якой краіне мы знаходзімся: у Англіі, ЗША ці ўсё ж такі ў Беларусі?»
Чаму сто лепш чым дзвесце?
Праблемамі напісання і абароны дысертацыйных работ у эканамічнай сферы падзяліўся доктар эканамічных навук прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Віктар ВАРАБ'ЁЎ:
— Па-ранейшаму ў нас мала абараняецца доктарскіх дысертацый, а гэта абвастрае праблему натуральнага старэння дактароў эканамічных навук. Асобныя дысертацыйныя даследаванні слаба звязаны з дзяржаўнымі праграмамі развіцця эканомікі. Атрыманыя ж вынікі не маюць ярка выражанага эканамічнага і сацыяльнага эфекту. Часта парушаецца логіка пабудовы навуковага даследавання. Даследаванні нярэдка абапіраюцца на састарэлыя тэарэтычныя асновы. Трэба таксама адзначыць нізкі ўзровень выкарыстання матэматычнага апарату, у асобных даследаваннях дапускаюцца элементарныя памылкі ў прымяненні эканоміка-матэматычных метадаў і мадэляў. Падрыхтоўка па эканамічных спецыяльнасцях у аспірантуры ўстаноў адукацыі, якія не маюць навуковых школ і высокакваліфікаваных навуковых кіраўнікоў, абумоўлівае невысокі ўзровень дысертацыйных работ.
Віктар Вараб'ёў агучыў шэраг прапаноў па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнай атэстацыі навуковых работнікаў найвышэйшай кваліфікацыі. На сайце ВАК мэтазгодна стварыць рэестр зацверджаных у арганізацыях тэм кандыдацкіх і доктарскіх работ з адкрытым знешнім доступам. Трэба акрэсліваць тэматыку перспектыўных навуковых даследаванняў, якія могуць быць падрыхтаваныя профільнымі міністэрствамі і ведамствамі. Гэта дазволіць выключыць дубліраванне і спросціць для саіскальнікаў выбар актуальнай для даследавання тэмы.
Можна разгледзець пытанне стварэння ў інтэрнэце адкрытага доступу да тэкстаў дысертацый, якія праходзяць атэстацыю, што ўжо зроблена ў Расійскай Федэрацыі.
Закранулі ўдзельнікі канферэнцыі і патрабаванні да афармлення і аб'ёму кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Сёння і на кандыдацкую, і на доктарскую даецца да 200 старонак (плюс 15 працэнтаў для гуманітарыяў). Раней для кандыдацкай адводзілася да 100 старонак. Многія саіскальнікі ступені кандыдата навук успрынялі гэта як сігнал — трэба пісаць паболей. На практыцы ў многіх кандыдацкіх работах аб'ём да 200 старонак дасягаецца за кошт агульных палажэнняў, выкладання гісторыі пытання, без якога можна абысціся, шматлікага цытавання нарматыўных прававых актаў. Гэта ўсё было і раней, калі дзейнічала абмежаванне ў 100 старонак, а цяпер набыло проста масавы характар. Але адзін з галоўных крытэрыяў навуковай сталасці — гэта ўменне выкласці свае думкі і аргументы максімальна сцісла. Таму прагучала прапанова вярнуцца да ранейшага абмежавання для кандыдацкіх дысертацый у 100 старонак.
У рамках навукова-практычнай канферэнцыі прайшлі тры секцыі (секцыя прыродазнаўчых і тэхнічных навук; гуманітарных і сацыяльных навук; медыцынскіх, біялагічных і аграрных навук), а таксама круглы стол, прысвечаны развіццю нарматыўнай прававой базы сістэмы дзяржаўнай атэстацыі навуковых работнікаў. Пра пытанні, якія ўзнімаліся падчас круглага стала, «Звязда» паведаміць у адным з наступных нумароў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kandydat-navuk
[6] https://zviazda.by/be/tags/doktar-navuk
[7] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[9] https://zviazda.by/be/tags/vysheyshaya-atestacyynaya-kamisiya
[10] https://zviazda.by/be/tags/maladyya-vuchonyya
[11] https://zviazda.by/be/tags/prafesar