Мне падабаецца назіраць за дуэтамі акцёраў і лялек у спектаклях Аляксея Ляляўскага. Яны дзіўна суіснуюць: першыя нагадваюць малых дзяцей, паглыбленых у свет уласных фантазій, другія — у «крэйзі», замілавальным альбо смешным выглядзе — становяцца галоўнымі героямі сюжэтаў для дарослых. На гэты раз сюжэт не проста дарослы, у новай пастаноўцы Дзяржаўнага тэатра лялек «Mann іst Mann» паводле Бертольда Брэхта — прэм'ера спектакля адбылася 21 верасня — складаны бэкграўнд. П'еса, назва якой перакладаецца як «Чалавек ёсць чалавек», адсылае да Германіі пасля Першай сусветнай вайны, узыходжання гітлераўскай ідэалогіі і вымудраваных трансфармацый паняцця «чалавек». Але толькі тэарэтычна, бо мы ведаем, хто такі Брэхт, дзе і калі ён жыў. А на сцэне лялечнага брытанскія войскі ў брытанскай Індыі і партовы грузчык Гэлі Гэй, не здольны казаць «не».
Ёсць у целе самой п'есы нейкае вар'яцтва. Чацвёра салдат брытанскай арміі вырашылі пажывіцца ў пагадзе, але адзін з іх, Джэрая Джып, трапіў у пастку і пакінуў сляды — рыжыя валасы. Яго сябры вымушаны нешта прыдумаць, каб па слядах не выявіўся злачынца, і шукаюць некага, хто мог бы на вячэрняй паверцы замяніць п'янага, з праплешынай на галаве, Джыпа. Тут ім сустракаецца Гэлі Гэй, які насамрэч выйшаў па рыбу, але трапіў не ў тое месца і не ў той час. Яго няздольнасць казаць «не», вядома, умоўная, не тое каб ён быў шчаслівы дапамагчы салдатам, але амаль вымушаны апрануць форму паспеў на гэтай аванцюры пажывіцца. Далей — больш. П'янага Джэрая Джыпа трымае бонза тыбецкай пагады ў надзеі, што ваеннае кіраўніцтва знойдзе злачынцу па яго адсутнасці, а салдаты зноў жа павінны звяртацца да Гэлі Гэя па дапамогу.
Шэраг абсурдысцкіх сцэн — і мы атрымліваем гісторыю пра пераробленага чалавека, пра сабраную па частках свядомасць, пра нетрываласць чалавека перад натоўпам. Гэлі Гэй з грузчыка, які пайшоў раніцай па рыбу, ператварыўся ў аднаго з найбольш крыважэрных салдат, з набярэжнай трапіў у салдацкі строй, яго паўсядзённая гуллівасць стала гульнёй са зброяй.
Што зрабіў Аляксей Ляляўскі, дык надаў гэтаму сюжэту яшчэ больш абсурду, прычым у нейкім рытуальным кірунку. Танцы і спевы, а на гэтай сцэне яны дадаюць абсурду, — добрае суправаджэнне для станаўлення новага чалавека. Глабальная перабудова — таму што ўсё, што датычыцца маленькага чалавека ў жорнах гісторыі, насамрэч глабальнае — адбываецца праз нязначны, нават жартаўлівы шэраг падзей. Каб падкрэсліць, што ператварэнне чалавека — гэта вынік не замоў злых геніяў альбо хімічных рэчываў у венах, а лёгкіх рухаў, варта было «раздрабніць» сюжэт п'есы на, здавалася б, нязначныя падзеі і дадаць яшчэ больш дробязяў, складнікаў кампазіцыі ў спектакль.
П'еса Бертольда Брэхта добра падыходзіць менавіта для лялечнага тэатра, нават з улікам таго, што, калі сам Брэхт ставіў «Mann іst Mann», ён выкарыстоўваў нешта падобнае — штучныя вобразы людзей, толькі ў вялікіх памерах. Дык вось, калі гаворка ідзе пра такое антыўтапічнае ўздзеянне на маленькага чалавека (грузчыка альбо падкрэслена амаль бессвядомай часткі наладжанай сістэмы), добра выкарыстоўваць лялек, якія на сцэне становяцца яшчэ і адпаведным сімвалам. Ёсць лялька, а ёсць той, хто з ёй гуляе, апранае і прыдумляе для яе гісторыю жыцця. Гэлі Гэй, што пахаваў самога сябе і назваўся чужым імем, стаў цацкай без волі і ўласнага шляху, і не толькі ён: нездарма ў спектакле Ляляўскага галоўныя героі па чарзе са сваімі лялькамі выступаюць на першы план. Што штучны чалавечы вобраз, што ўласна чалавек — аналогія зразумелая.
Затуманеная сцэна, танцы ў эстэтыцы абсурду, сімвалы ў спектаклі якраз і ствараюць той патрэбны антыўтапічны матыў, у кантэксце якога гісторыя перабудовы чалавека выглядае найбольш арганічнай. І хоць сутнасць п'есы, бясспрэчна, найбольш падыходзіць рэфлексам Германіі 1920—1940-х, пастаноўка ў Лялечным — абсалютна сучасная, не толькі таму што «тэма вечная», а дзякуючы пэўным фармалісцкім рашэнням.
Фінальны выгук «Я Джэрая Джып» — напэўна, самы расчаравальны, затое моцны момант п'есы/спектакля, і рэжысёр «Mann іst Mann» прымусіў гэтага азначэння чакаць. Пачуцці, з якімі глядач наблізіцца да канчатковага сцверджання, напэўна, стануць для яго таксама вызначальным момантам (а гэтых праекцый дасягнуць дорага каштуе). Уласна я ўсё яшчэ спадзявалася, што ў варыянце Лялечнага Гэлі Гэй скажа, што ён Гэлі Гэй.
Важна зразумець: маленькім чалавекам, што аказваецца пад адпаведным уздзеяннем, можаце быць вы, а ўмоўная машынерыя можа паглынуць свабоду на раз-два. Што яшчэ важна — знайсці аналогіі ў розных, маленькіх і ўсюдыісных, сферах жыцця. Сучасныя тэхналогіі, «дрэнная кампанія», распаўсюджаныя перакананні — дайдзіце і да маштабаў алюзій самога Бертольда Брэхта. На шчасце, лялечны тэатр і Аляксей Ляляўскі, якія і без таго знаходзяцца ў якасных лідарах беларускага тэатра, зноў прадставілі пастаноўку, на якую білеты трэба набываць у першую чаргу. Каб чалавек быў усё ж чалавекам.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] mailto:katsyalovich@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-lyalyauski
[6] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya