Мы маем яшчэ адзін маленькі беларускі цуд. Ці, можа, пачатак праекта, які стане чымсьці сапраўды значным? Так ці іначай, цікавая ініцыятыва з'явілася... калі не на краі свету, то на краі Беларусі — у Лынтупах. Менавіта там, на мяжы з Літвой, запрацаваў «Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар». Што ж гэта такое і чым цікавае для нас, жыхароў іншых рэгіёнаў? Паспрабуем разабрацца.
1. Гэта той выпадак, калі ініцыятыва зноў распачата прыватнымі асобамі. Архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік упершыню трапіў у Лынтупы яшчэ ў юнацтве, падчас летніх вандровак. І гэты край яго настолькі прывабіў, што, нават будучы жыхаром сталіцы, сувязі з ім ён не пакідаў. Гліннік з'яўляецца навуковым кіраўніком рэстаўрацыі многіх мясцовых аб'ектаў — касцёла ў Камаях, аптэкі ў Паставах, парку ў Варапаеве, помніка 1812 года ў Асінагарадку, да таго ж архітэктурнага ансамбля палаца Бішэўскага ў Лынтупах.
Вадзім Гліннік набыў у гэтым краі лецішча, у вёсцы Вайшкуны. Побач апынулася шмат цікавых суседзяў, якія таксама прыехалі са сталіцы ці іншых гарадоў. Разам пачалі марыць пра стварэнне культурнага цэнтра. Таму неўзабаве Вадзім Гліннік разам з жонкай Ядвігай Лукашык і іншымі «мясцовымі» аднадумцамі набраліся смеласці і зарэгістравалі Лынтупскі культурны цэнтр «Культыватар».
2. Адна з мэт праекта — рэстаўрацыя старадаўняга цаглянага будынка, у якім ён зарэгістраваны. Прыблізна тым самым часам, як вырашана было стварыць новы культурны асяродак, на продаж выставілі старадаўнюю камянічку. Першапачаткова сябры «Культыватара» (большасць з якіх з'яўляюцца прафесійнымі архітэктарамі-рэстаўратарамі) набылі яе, каб захаваць муры, аўтэнтычныя дзверы і вокны. Пазней вырашылі, што культурны цэнтр варта размясціць менавіта ў ёй.
Цяпер распрацоўваецца праект, які прадугледжвае захаванне архітэктурных асаблівасцяў гістарычнага будынка, і робяцца неабходныя падрыхтоўчыя работы.
3. У рэгіёне, па задуме арганізатараў, завіруе актыўнае культурнае жыццё. Тут мараць, што дасведчаныя, вядомыя ў Беларусі людзі будуць прыязджаць у Лынтупы, каб падзяліцца сваёй творчасцю, цікавымі ідэямі.
У красавіку гэтага года праект арт-дырэктара «Культыватара» Ядвігі Лукашык падтрымала кампаніяй «Актывія». Быў выдзелены грант на 5,5 тыс. руб., які дазволіў у Мінску і Лынтупах зладзіць выстаўку «Беларусь часоў Першай сусветнай вайны ў фотаздымках Фрыца Краўскопфа», адрамантаваць частку памяшканняў «Культыватара» і набыць спецыяльнае асвятленне для музейнай часткі культурнага цэнтра. «Не, я не зрабіла нічога асаблівага, — адзначае Ядвіга. — Проста я веру ў нашу справу. Але проста верыць мала, трэба рабіць...»
У планах — стварэнне канцэртна-выставачнай залы, памяшкання для клубных заняткаў (літаратурнага, музычнага і іншых), кавярні, дзіцячага кафэ, невялікай музейнай экспазіцыі і выстаўкі гістарычных фотаздымкаў Лынтупшчыны часоў Першай сусветнай вайны.
4. Натуральна, калі ствараецца такая ініцыятыва, ёй неабходна падтрымка грамады. І гэта не толькі валанцёрская праца па аднаўленні і добраўпарадкаванні будынка (а там вітаюць ахвотных). Нядаўна была распачата краўдфандынгавая кампанія. На працягу яшчэ васьмі дзён кожны ахвотны на сайце talaka.org можна знайсці праект «Рэстаўрацыя будынка Лынтупскага культурнага цэнтра. Крок 1: вокны і дзверы» і пералічыць туды невялікую суму грошай (дарэчы, узамен будуць уручаны цікавыя падарункі — гліняныя піялкі, падсвечнікі ці адмысловыя мяшочкі, пашытыя з тканіны).
Арганізатары заўважаюць, што для іх каштоўны любы ўнёсак, бо ён азначае асабісты ўдзел, далучанасць да сацыяльна значнай справы і тое, што людзі паверылі ў іх праект.
5. «Лынтупшчына — прыцягальная для турызму, у яе ёсць для гэтага рэсурсы, — адзначае ландшафтны дызайнер, кансультант «Культыватара» Яна Марчук. — Найперш, прыродныя — хараство беларускага Паазер'я. Краявіды вакол Лынтупаў — гэта стромкія ўзвышшы і доўгія грады, пакрытыя хваёва-яловым лесам, і безліч азёр: чысцюткіх, глыбокіх і плыткіх, вялікіх і маленькіх... Калісьці ў гэтых мясцінах было шмат шляхецкіх сядзіб. У радыусе пяцідзесяці кіламетраў ад Лынтупаў можна знайсці два тузіны былых панскіх маёнткаў. Ад большасці з іх не засталося амаль нічога, некаторыя захавалі асобныя будынкі і рэшткі паркаў. Такія цікава наведаць і цяпер: Камарова, Каралінава, Манькавічы, Шайкуны, Раманішкі ды іншыя сядзібы».
* * *
Што патрэбна для таго, каб паехаць на самы край Беларусі, каб застацца назаўжды?.. Ведаць, што там жывуць іншыя неабыякавыя людзі. І што разам у вас можа атрымацца штосьці вельмі добрае. Ва ўсякім разе, вы паспрабуеце.
У будучыню «Культыватара» я чамусьці цвёрда веру. Можа, таму што разам сабралася добрая каманда, якая за паўгода ўжо зрабіла тое, пра што іншыя проста мараць цэлымі дзесяцігоддзямі?.. Да таго ж непадалёк знаходзіцца арт-вёска Каптаруны, дзе не так даўно праходзіў літаратурны фэст, з'езд кіношнікаў, а таксама эка- і арт-пленэры.
Можа быць, гэтай той пачатак, які мы так доўга чакалі? Мінск перастане быць манапалістам на вірлівае творчае жыццё. Заўважныя культурныя зрухі пачнуць адбывацца і ў рэгіёнах, і нават на краі Беларусі.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:nina@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt