Кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне савета фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва аб выдзяленні больш чым 598 тысяч рублёў на завяршэнне сёлета капітальнага рамонту музея В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве — філіяла Нацыянальнага мастацкага музея. У справу будзе ўкладзена больш чым 470 тысяч рублёў з рэспубліканскага бюджэту і каля 127 тысяч адлічэнняў за прадпрымальніцкую дзейнасць.
Музей размешчаны ў сценах помніка архітэктуры канца ХVІІ стагоддзя і з 2013 года знаходзіцца на рэканструкцыі. Праектам прадугледжваўся капітальны рамонт пабудовы, устаноўка сучаснага мультымедыйнага абсталявання і сістэмы клімат-кантролю. Планавалася захаваць экспазіцыйны рад мастацкай спадчыны майстра і мемарыяльны раздзел, зрабіўшы акцэнт на інтэрактыўнасці і новых музейных тэхналогіях. Былі спадзяванні, што ў абноўленым выглядзе музей адкрыецца яшчэ ў 2016 годзе, але на той момант не хапіла сродкаў. Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі з'яўляецца першым ў Беларусі мемарыяльным музеем, прысвечаным жыццю і творчасці мастака. Да рамонту тут захоўваліся ўнікальныя экспанаты, перададзеныя ўдавой Бялыніцкага-Бірулі Аленай Аляксееўнай — асабістыя рэчы з сядзібы «Чайка» ў Цвярской вобласці, дзе была дача мастака, эцюднік, пэндзлі, палітра, паляўнічая стрэльба, мэбля, зробленая ў Абрамцаўскай майстэрні, фотаархіў і дакументы, у тым ліку лісты Ільі Рэпіна, карціны і эцюды майстра.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:zigulya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey