Весці размовы са Скарыной з гледачамі будзе сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» у новым праекце — мастацка-публіцыстычным фільме «Скарына. Дзеля Бога і людзей», прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Праект стартуе ў эфіры ўжо сёння ўвечары.
«Кожны беларус ведае імя першадрукара, але гэтым, як правіла, і абмяжоўваюцца веды пра Францыска Скарыну», — гавораць стваральнікі фільма. І абяцаюць з дапамогай архіўных звестак, разваг гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, а таксама акцёрскіх пастановачных сцэн наглядна паказаць, у чым заключаўся подзвіг полацкага асветніка, гуманіста, доктара медыцыны, першага на ўсходнеславянскіх землях перакладчыка Бібліі, і чаму ён сам быў
«нязручны» для грамадства XVІ стагоддзя.
Своеасаблівым правадніком паміж эпохамі ў чатырохсерыйным фільме выступіў заслужаны артыст Беларусі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, які не толькі агучвае малавядомыя гістарычныя факты, але і часам уступае ў дыялог з персанажамі, прапануючы шаноўнай публіцы пафантазіраваць: як мог бы выглядаць Скарына ў наш час і кім бы ён стаў у ХХІ стагоддзі — «айцішнікам» ці, можа, прадпрымальнікам?
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] mailto:zaharava@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3
[6] https://zviazda.by/be/tags/500-goddze-belaruskaga-knigadrukavannya