Мінчанін Тарас Цялькоўскі вырашыў па-свойму ўшанаваць юбілей Бібліі Францыска Скарыны. Яго мэта — прабегчы 500 кіламетраў. Рабіць гэта ён плануе пяць дзён, штодзень — па 100 кіламетраў. Забег ужо пачаты.
З аўторка па суботу, кожны дзень, Тарас стартуе зранку ад электроннага табло каля Палаца спорту і бяжыць па веладарожцы ўздоўж Свіслачы. За гэты час ён некалькі разоў мінае раёны Дразды, Чыжоўку і фінішуе зноў ля Палаца спорту. Дарэчы, ахвотныя могуць падтрымаць бегуна на любым участку дыстанцыі — прабегчы ці праехаць на веласіпедзе пэўную колькасць кіламетраў разам з ім — ці проста сустрэць на фінішы або старце.
Тарас займаецца бегам амаль 20 гадоў (цяпер яму 29). Ён быў членам юніёрскай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы і выступаў на сярэдніх дыстанцыях — 1,5 і 5 км. Цялькоўскі пяць разоў удзельнічаў у паўмарафонах. Дарэчы, на апошнім Мінскім прыйшоў на фініш шостым сярод тых, хто бег «пяцёрку». Максімальная дыстанцыя, якая пакаралася бегуну, — марафон у Пецярбургу (42 км — за 2 гадзіны 37 хвілін). Мае ён і досыць экстрэмальны вопыт скарэння яшчэ большай дыстанцыі. Пару гадоў таму Тарас праехаў на веласіпедзе з аднаго канца Англіі ў іншы. Дыстанцыя склала 600 кіламетраў, і пераадолець яе хлопцу ўдалося за 25 гадзін.
Тарас Цялькоўскі да таго ж з'яўляецца пастарам пратэстанцкай царквы. Ён марыць, каб Біблія зноў стала кнігай нумар адзін для беларусаў, як і ў часы першадрукара. Таму ён і прысвяціў свой забег знакаваму юбілею і выбраў цалкам сімвалічную дыстанцыю — 500 кіламетраў.
— 500 гадоў таму Францыск Скарына надрукаваў першую Біблію на беларускай мове, — адзначае Тарас Цялькоўскі. — Гэта кніга ўдыхнула жыццё ў беларускае грамадства. Праз 500 гадоў яна працягвае мяняць жыцці мільёнаў людзей. Мая мэта — вярнуць Біблію ў рукі беларусаў. Я бягу пяць дзён па 100 кіламетраў, гэта 500 кіламетраў шляху, каб сказаць, што Біблія па-ранейшаму кніга нумар адзін.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nina@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/500-goddze-belaruskaga-knigadrukavannya