Аказалася, у заснавальніка абстрактнай скульптуры Канстанціна Брынкуша шмат агульнага з нашым земляком Маркам Шагалам: абодва нарадзіліся ў правінцыі (адзін — у румынскай, другі — у беларускай), раслі ў небагатых сем'ях, вучыліся ў французскай сталіцы і сталі прадстаўнікамі парыжскай школы. Да 8 кастрычніка ў віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала можна наведаць выстаўку «Брынкуш і Шагал. Свабодныя быць сабой», арганізаваную Музеем Марка Шагала і Пасольствам Румыніі ў Беларусі пры дапамозе Цэнтра даследавання творчасці Канстанціна Брынкуша з румынскага горада Тыргу-Жыу.
Мысляр-эсэіст Бенжамен Фандан пра мастацтва Шагала і творчасць Брынкуша казаў, што «яны знаходзяцца па-за звычайнымі катэгорыямі логікі, па-за нашай пастаяннай схільнасці да спрашчэння. Іх цяжка ўціснуць у рамкі. Ім абодвум уласціва неадольнае пачуццё свабоды — свабоды быць неактуальнымі, заставацца па-за сваім часам».
На адкрыцці выстаўкі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі ў Беларусі Віярэл Машану сказаў, што Брынкуш значыць для яго краіны столькі ж, колькі для нас — Шагал, і творчая спадчына скульптара з'яўляецца сапраўдным нацыянальным багаццем. «Мы вельмі ганарымся тым, што адзіны створаны Брынкушам мемарыяльны архітэктурны комплекс знаходзіцца ў румынскім горадзе Тыргу-Жыу, — сказаў пасол. — «Шлях герояў» прысвечаны дваццатай гадавіне сканчэння Першай сусветнай вайны, ён узведзены ў памяць аб загінулых героях...»
Сярод экспанатаў выстаўкі — якраз фотаздымкі, што адлюстроўваюць стварэнне аднаго з самых значных скульптурных помнікаў Брынкуша, у прыватнасці, яго частку — «Бясконцую калону», што з'яўляецца кандыдатам на ўключэнне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут жа можна ўбачыць дакументальны фільм, які ў рэдкіх хранікальных кадрах паказвае самога скульптара за работай альбо сярод сяброў.
Дарэчы, Канстанцін Брынкуш, адзін з найяскравейшых прадстаўнікоў авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя, — вучань Агюста Радэна, па маштабе талента даследчыкі ставяць яго ў адзін шэраг з Мадыльяні, Пікаса і Сезанам, памятаючы, што ў свой час ён пешшу прыйшоў з Румыніі ў Парыж па азы майстэрства.
У адной зале арт-цэнтра прадстаўлены фотаздымкі «звяздоўца» Яўгена Пясецкага, на якіх можна ўбачыць выстаўку ў Музеі гісторыі горада Мінска: прыкладна год таму тут выстаўляліся сучасныя румынскія скульптары, што працягваюць традыцыі вялікага суайчынніка.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/mark-shagal