Томаж Чатэр нарадзіўся ў славенскім Цэле. Гэта трэці па велічыні горад краіны ў гістарычнай вобласці Ніжняя Шцірыя. Ён гуляў за мясцовы «Цэле» ў чэмпіянатах Югаславіі, а затым Славеніі, выступаў за зборную сваёй краіны. У Беларусі апынуўся дзякуючы таму, што каля 10 гадоў таму пазнаёміўся з нашай суайчынніцай, гандбалісткай Ганнай Сцяпанавай, якая тады гуляла ў Еўропе, а пазней стала жонкай Чатэра.
«Калі б галоўную ролю адыгрывалі грошы, я даўно быў бы ў Еўропе»
Томаж завяршаў сваю гульнявую кар'еру гандбаліста ў клубах Германіі, Аўстрыі і Кувейта, а потым вярнуўся на радзіму, дзе стаў гуляючым трэнерам.
— Быў час, калі я ўвогуле адышоў ад гандбола, у Славеніі адкрыў сваю кавярню і займаўся ёю 7 гадоў, трохі гуляў на аматарскім узроўні, але вельмі сумаваў па гандболе.
Таму вярнуўся да трэнерскай дзейнасці, працаваў у Славеніі з дзецьмі 15—16 гадоў, з маладзёжнай зборнай Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, аднак у Дубаі Томажа не задавальняла сістэма клуба і ў цэлым стаўленне да спорту ў краіне, таму праз год ён вярнуўся ў Еўропу.
— Атрымаў запрашэнне ў адзін з аўстрыйскіх клубаў — «Кернтэн». З ім з ходу занялі другое месца ў чэмпіянаце краіны, саступіўшы толькі знакамітаму «Хіпа». Гулялі і ў еўракубках. Апошні год перад пераездам у Беларусь мы разам з Аняй працавалі ў Аўстрыі, але клуб распаўся, грошы скончыліся, і мы засталіся без работы. Аня вярнулася на радзіму ў мінскі «Аркатрон», а крыху пазней кіраўнік Беларускай федэрацыі гандбола прапанаваў работу і мне — дапамагаць трэнеру маладзёжнай зборнай, з перспектывай узначаліць жаночую нацыянальную каманду.
Што і адбылося праз паўгода, у 2013-м. Пасля таго як Чатэр перабраўся ў Беларусь, яго работа сканцэнтравалася толькі на нацыянальнай зборнай.
— Але я ўсё роўна марыў працаваць і з клубам. Меліся добрыя прапановы з Еўропы, але ў вашай федэрацыі былі супраць сумяшчэння пастоў. Такім чынам нейкі час быў без клуба і з-за гэтага вельмі перажываў, стаў нервовым, псіхованым, з'явіліся сур'ёзныя праблемы са здароўем — турбавала спіна. Неўзабаве даведаўся, што жаночая каманда «Гомеля» шукае настаўніка, і гэты пост прапанавалі мне. Быў вельмі рады, з задавальненнем узяўся за работу, і, ведаеце, маё жыццё змянілася, я стаў іншым чалавекам, цікава, што і здароўе імгненна наладзілася.
Некаторыя тады казалі, што Чатэр пагнаўся за «доўгім» рублём, аднак сам настаўнік гэта абвяргае.
— Многія трэнеры і сёння зарабляюць у беларускіх клубах значна больш за мяне. Я проста хачу працаваць і даказаць, што калі ты нешта робіш паступова і планамерна, то ўсё атрымаецца. Калі б галоўную ролю адыгрывалі грошы, я даўно быў бы ў Еўропе.
Галоўная трэнерская мара Томажа — трапіць на Алімпійскія гульні, і няважна, з якой краінай у яго гэта атрымаецца.
— Не ведаю, ці мараць пра гэта беларускія дзяўчаты, але мне вельмі хацелася б. Марыць трэба абавязкова, ад гэтага дакладна ёсць эфект. Дзяўчаты са зборнай паверылі ў мяне як трэнера пасля першай кваліфікацыі, якую мы згулялі разам. За гэтыя гады ў камандзе трохі змянілася псіхалогія. Я заўсёды стараюся данесці да сваіх гульцоў, што змагацца можна з любой камандай, нават з чэмпіёнкамі свету.
«Вучыў мову па мульціках»
Што датычыцца пераезду Томажа Чатэра ў Беларусь, то ён адзначае, што вялікіх цяжкасцяў не было, дзякуючы жонцы ён ужо крыху быў знаёмы з нашай краінай.
— Цяжкасці ўзніклі з боку мовы, вучыў яе па мульціках і з дапамогай тэлевізара. Да таго ж дапамагала Аня і яе бацькі. Калі нервуюся, і цяпер кажу па-руску не вельмі добра, але дзяўчаты ў «Гомелі» і ў зборнай ужо прывыклі і добра разумеюць мяне. Вядома, хутка вывучыў вашыя мацюкі, спорт — гэта эмоцыі, таму прыходзіцца часам ужываць і такую лексіку (смяецца). Ведаю, што ў вас дзве мовы, беларуская нават больш падобная на славенскую, мне здаецца, у нас нават ёсць аднолькавыя словы.
Традыцыйна для замежніка Томажа ў Беларусі прыемна здзівілі чысціня і сучаснасць.
— Славенія таксама славіцца парадкам, але ў вас яшчэ чысцей. Адразу кінулася ў вочы, што кавярні ў Мінску і іншых гарадах пачынаюць адкрывацца толькі да 12 дня, у Славеніі ўсё па-іншаму, людзі перад работай абавязкова заходзяць на каву. У Гомелі адкрылі адно кафэ спецыяльна для мяне. Яно знаходзіцца побач з залай, дзе мы трэніруемся, пачынае працаваць рана раніцай і без выхадных. Я вельмі ўдзячны гаспадару ўстановы за магчымасць адчуваць сябе, як дома. Перад ці пасля трэніроўкі заходзім туды на каву з маім другім трэнерам і абмяркоўваем гандбол. Спачатку для яго гэта было дзіўна і цяжка зразумела, але цяпер памочнік ужо прывык. Здаецца, глупства, але, ведаеце, гэтыя размовы вельмі карысныя, яны дапамагаюць разбірацца ў сітуацыі і вучыцца.
Яшчэ адным вялікім здзіўленнем для мяне стала тое, што ў беларускіх крамах людзі за касай не ўсміхаюцца. Праўда, з гадамі гэта стала мяняцца, і цяпер у вас ужо больш ветлівы персанал.
«Беларусы вельмі закрыты народ»
Чатэр адзначае, што не знаходзіць вялікіх адрозненняў у нацыянальных кухнях дзвюх краін. Напрыклад, славенцы, як і беларусы, вельмі любяць бульбу.
— У нас гатуюць з яе вельмі шмат страў, але ў Славеніі няма дранікаў. Дарэчы, як і сырнікаў. Адно вялікае адрозненне датычыцца рэстаранаў, у мяне на радзіме калі ты заказваеш ежу і яна табе вельмі падабаецца, то можаш атрымаць дабаўку абсалютна бясплатна, у Беларусі ж усё дакладна па грамах.
Калі ў харчовых прыхільнасцях славенцаў і беларусаў асобых адрозненняў няма, то ў культуры піцця яны сустракаюцца.
— Калі я жаніўся, у Беларусь прыязджалі мае сваякі і былі вельмі здзіўлены, калі за суседнім столікам у рэстаране ўбачылі карціну: два чалавекі, на стале бутэлька гарэлкі і сок. Яны спыталі: «Гэта на дваіх?» Я сказаў, што пазней на стале можа з'явіцца яшчэ некалькі бутэлек. У нас алкаголь падаецца толькі ў бакалах або чарках, цэлую бутэльку можа замовіць толькі вялікая кампанія. Дарэчы, з часам мне таксама спадабаліся ваша гарэлка, лазня і бярозавы сок. У Славеніі я хадзіў у лазню, але яна ў нас іншая, можна спакойна сядзець пару гадзін.
За некалькі гадоў, пражытых у Беларусі, Томаж змог вылучыць асноўную розніцу паміж людзьмі дзвюх краін.
— Мы дужа адрозніваемся. Беларусы вельмі закрыты народ, калі ў Мінску гэта пачынае мяняцца, людзі становяцца больш адкрытымі, то ў Гомелі не. Гэта прасочваецца нават паміж сябрамі, напрыклад, калі яны трохі выпіваюць, то пачынаюць размаўляць больш адкрыта, у Славеніі ж людзі заўсёды гатовы да зносін.
У першы час жыцця ў Беларусі Томаж адзначаў, што яму вельмі не хапае гор і мора, але ў новай краіне ён знайшоў альтэрнатыву.
— Тут зусім іншае паветра, таму спачатку ў мяне моцна балела галава. Але затое ў вас шмат лесу, гэта вельмі прыгожа і карысна для здароўя. У нас ёсць дача каля Маладзечна, яна знаходзіцца ў лесе, я вельмі люблю адпачываць там. А наогул, я ўжо наведаў практычна ўсе славутасці ў Беларусі: быў у Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы, адзін раз сустракалі Новы год на Нарачы. Хачу яшчэ з'ездзіць у Дудуткі, бачыў гэтае месца ў кіно.
«У нас толькі дзве сапраўдныя хакейныя арэны»
У завяршэнні размовы вяртаемся да спорту і Томаж расказвае, як выбудоўваецца сістэма ў Славеніі і чаму краіна, якая па насельніцтве прыкладна такая ж, як Мінск, за апошнія гады дасягнула вялікіх поспехаў у спорце.
— Мы зрабілі вялікі крок наперад. Напрыклад, нядаўна выйгралі чэмпіянат Еўропы па баскетболе. У нас толькі дзве сапраўдныя хакейныя арэны, але мы трапілі на зімовыя Алімпійскія гульні, абыграўшы, дарэчы, беларусаў. Што датычыцца гандбола, то нашы зборныя некалькі разоў былі прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, «Цэле» выступаў у Лізе чэмпіёнаў. Справа ў тым, што ў нас зусім іншая сістэма ў спорце.
Усё пачынаецца з дзяцей, у іх у школе кожны дзень ёсць адна гадзіна фізкультуры, пасля чаго ўвечары яны могуць займацца ў прафесійных клубах нейкім канкрэтным відам спорту. Але галоўнае адрозненне ў тым, што беларускія дзеці ў 14—15 гадоў трэніруюцца 2 разы на дзень штодня, гэта вельмі сур'ёзныя нагрузкі. У нас яны займаюцца 3 разы на тыдзень, але затое кожную суботу абавязкова праводзяць гульню ў мясцовым чэмпіянаце. Атрымліваецца, што за год спартсмены-пачаткоўцы гуляюць 40—50 матчаў, а ў Беларусі ў разы менш. Хоць усе разумеюць, што практыка вельмі важная.
Томаж адзначае, што сярод дзяцей спорт у іх вельмі папулярны, аднымі з самых масавых сёння з'яўляюцца гандбол і баскетбол.
— Хоць раней больш папулярныя былі зімовыя віды — лыжныя гонкі, біятлон, горныя лыжы, скачкі з трампліна. Наогул, славенцы імкнуцца мець поспех ва ўсім. Галоўнае для гэтага — добрая работа з дзецьмі, у нас прафесійныя трэнеры кожнага спартыўнага клуба ходзяць па школах і адбіраюць хлопцаў і дзяўчат.
На мінулым тыдні гандбалісткі зборнай Беларусі пацярпелі два паражэнні ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы — 2018. Спачатку ў гасцях дзяўчаты саступілі зборнай Галандыі, а затым дома камандзе Венгрыі. Цікаўлюся ў галоўнага трэнера, у чым прычына такога праблемнага траплення нашай жаночай зборнай на топ-турніры.
— Я ўжо шмат казаў пра гэта, у нас слабы чэмпіянат. За перамогу ў першынстве Беларусі ўжо колькі гадоў змагаецца ўсяго дзве каманды. Магчыма, тут праблемы і ў фінансах, клубы не могуць узмацніцца легіянерамі. Хоць за апошнія гады сёе-тое змянілася, напрыклад, цяпер я запрашаю на зборы беларускіх гульцоў, таму што яны лепш за дзяўчат, якія гуляюць за мяжой. Вядома, гэта не датычыцца Ёжыкавай і Лобач. Часта гульцы ў замежных клубах маюць мала гульнявой практыкі або самі клубы не асабліва моцныя, гэта таксама дрэнна. Я б хацеў бачыць у зборнай кагосьці з Гродна ці Брэста, але проста не знаходжу там добрых гандбалістак.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/tomazh-chater
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport