500-годдзе беларускага кнігадрукавання — адметная дата, важная не толькі для беларусаў, але і для сяброў нашай краіны. Узгадваючы Францыска Скарыну, у Азербайджане выдалі ў мініяцюры Кнігу Юдзіфі. Ажыццявіла ўнікальнае выданне Зарыфа Салахава, стваральнік і заснавальнік Музея мініяцюрнай кнігі ў Баку. Праект музея ў серыі «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» рэалізаваны з удзелам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Кангрэса азербайджанскіх абшчын Рэспублікі Беларусь.
— Усё ў гэтым свеце прыходзіць і сыходзіць, застаюцца толькі кнігі. Я шчаслівая, што гэтая кніга, нароўні з іншымі беларускімі кнігамі, стаіць у маім музеі. 2913 унікальных кніг музея трапілі ў Кнігу рэкордаў Гінеса, — распавяла Зарыфа Салахава. — У 2012 годзе я была ўзнагароджаная медалём Францыска Скарыны. І вельмі рада, што зараз магу апраўдаць сваю ўзнагароду. Францыск Скарына на пачатку 1517 года ў Празе адкрыў першую друкарню ва Усходняй Еўропе, а ў жніўні 1517 выдаў «Псалтыр». Да моманту выхаду Кнігі Юдзіфі ў 1519 годзе ён выдаў ужо 22 кнігі. Гэта быў вялікі чалавек.
Фармат мініяцюрнай кнігі Скарыны — 50 на 55 мм. Яна складаецца з 214 старонак, куды ўваходзіць факсімільнае выданне, тое, што было выдадзена Францыскам Скарынам 9 лютага 1519 года на 26 аркушах. Перад кожным раздзелам у кнізе — партрэт Скарыны. Кніга выдадзена на беларускай, рускай і англійскай мовах тыражом 100 экзэмпляраў, 10 з іх Пасольства Рэспублікі Беларусь у Азербайджане накіравала ў Нацыянальную бібліятэку, яшчэ 10 — у Полацкі музей беларускага кнігадрукавання. Пяць экзэмпляраў атрымаў Прэзідэнт Беларусі і тры — міністр культуры нашай краіны.
Вялікі ўнёсак ва ўмацаванне сяброўства дзвюх дзяржаў робіць Пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Беларусі і Кангрэс азербайджанскіх абшчын Рэспублікі Беларусь. Старшыня кангрэса Націк Багіраў адзначыў:
— Для нас, прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары ў Беларусі, для каго Беларусь — другая радзіма, вялікі гонар мець дачыненне да гэтага выдавецкага праекта. Зарыфа Салахава зрабіла цудоўны падарунак да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Гэта прыгожая дата, якой можа ганарыцца кожны беларус.
Беларуска-азербайджанскае творчае сяброўства з кожным годам умацоўваецца. У Беларусі таксама выходзяць кнігі азербайджанскіх аўтараў і пераклады з азербайджанскай мовы.
— Скажу па сакрэце, што да наступнай кніжнай выстаўкі мы плануем выдаць анталогію азербайджанскай паэзіі па-беларуску, — паведаміла беларуская паэтка Таццяна Сівец. На прэзентацыі Кнігі Юдзіф Таццяна Мікалаеўна прапанавала ўвазе свой пераклад трох вершаў класікаў азербайджанскай паэзіі.
Навум Гальпяровіч, беларускі паэт і журналіст, таксама творча падрыхтаваўся да прэзентацыі: напісаў верш «Ці быў Скарына ў Баку?..», які, безумоўна, прысвяціў Зарыфе Салахавай, Скарыну і сталіцы сонечнага Азербайджана. Дарэчы, Зарыфа Цеймураўна паабяцала выдаць гэты верш — у фармаце мікра.
Саюз пісьменнікаў Беларусі па даручэнні старшыні Мікалая Іванавіча Чаргінца ўзнагародзіў Зарыфу Салахаву памятным дыпломам за вялікі ўнёсак у развіццё беларуска-азербайджанскіх адносін і шматгадовую папулярызацыю твораў беларускіх аўтараў за мяжой.
Ксенія ВЯДЗМЕДЗЬ
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kseniya-vyadzmedz
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura