У сродках масавай інфармацыі са спасылкай на польскіх калег з'явілася навіна, якая можа мець дачыненне да зніклага яшчэ 16 верасня ў Белавежскай пушчы 10-гадовага хлопчыка. Яго пошукі, нягледзячы на каласальныя намаганні соцень людзей, плёну не далі.
І вось на адным польскім рэгіянальным інфармацыйным сайце з'явілася паведамленне, што паліцыя горада Седльцы правярае заяву пра невядомага хлопчыка, які ехаў, схаваўшыся ў фуры, а затым, скарыстаўшыся няўважлівасцю яе кіроўцы, збег.
Апошні і зрабіў тую самую заяву ў паліцыю. Кіроўца ў электронным лісце напісаў, што заўважыў у спальным адсеку фуры хлопчыка прыкладна 10 гадоў у цёмнай вопратцы, які накрыўся коўдрай. Відавочна, ён трапіў туды падчас стаянкі машыны. Кіроўца не адразу заўважыў дзіця, а калі потым паспрабаваў задаваць яму пытанні, тое адмоўчвалася. Калі дальнабойшчык спыніўся ў наступным горадзе, каб зрабіць паведамленне пра «знаходку», хлопчык выскачыў з кабіны і збег.
Усё адбылося прыкладна за сто кіламетраў ад польска-беларускай граніцы. Паведамленне ад кіроўцы (яго асоба ўстанаўліваецца) польскія паліцэйскія атрымалі ў 20-х чыслах верасня. Сама сустрэча з хлопчыкам, калі яна сапраўды была, адбылася напярэдадні, але дакладная дата не называецца.
Ці можа быць той хлопчык і прапаўшае 16 верасня ў Белавежскай пушчы дзіця адной і той жа асобай? І польскі бок, і прадстаўнікі Следчага камітэта нашай краіны гіпатэтычна дапускаюць такую версію. Польскія праваахоўнікі афіцыйна пошукі зніклага беларуса не вядуць, аднак адпаведная інфармацыя пра яго даведзена ў сумежных ваяводствах да кожнага паліцэйскага. Цяпер суседзі спрабуюць удакладніць акалічнасці сустрэчы кіроўцы і хлопчыка, шукаюць сведак, дзеля чаго і была распаўсюджана інфармацыя пра здарэнне. Аднак пакуль гэтая гісторыя працягу не атрымала.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/polshcha