Мы маладыя, пакуль з намі «Маладосць»!
5 кастрычніка 2017 года ў Акадэміі кіравання адбылася сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» Святланай Воцінавай. На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты 1–4 курсаў, маладыя акцёры-пачаткоўцы студэнцкага тэатра-студыі «Вобраз», супрацоўнікі ўпраўлення ідэалагічнай і выхаваўчай работы, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Інстытута ўпраўленчых кадраў.
Сустрэча адбылася ў фармаце дыялогу са Святланай Воцінавой, дзе ўсе жадаючыя маглі выцягнуць экзаменацыйны білет, на які адказваў не экзаменуемы, а сам экзаменатар. На працягу дзвюх гадзін удзельнікі сустрэчы знаёміліся з гісторыяй станаўлення часопіса, традыцыямі і асноўнымі гістарычнымі перыядамі яго развіцця. Гасцям былі прэзентаваны 6 і 9 нумары часопіса, а таксама кніга пра «Маладосць», у якой раскрываюцца вехі 65-гадовай гісторыі выдання. Галоўны рэдактар падрабязна распавяла пра сучасныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця «Маладосцi».
«Маладосць» сёння – гэта калектыўная праца таленавітых і творчых асоб. За гады свайго існавання часопіс перажываў узлёты і падзенні. У розны час ён адкрываў свету імёны, якія сёння ўжо ўвайшлі ў гісторыю. У часопісе публікаваліся Якуб Колас, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Янка Маўр і многія іншыя вядомыя пісьменнікі. Аднак і сёння «Маладосць» адкрывае новыя імёны, сярод якіх як маладыя аўтары, так і людзі, здавалася б, далёкія ад беларускай культуры. Напрыклад, удзельнікі сустрэчы змаглі пазнаёміцца з творчасцю маладой іспанкі Анхелы Эспіносы Руіз, якая вядзе сваю пастаянную калонку ў часопісе на беларускай мове. Прыемным сюрпрызам для студэнтаў і работнікаў Акадэміі кіравання стаў артыкул іх выкладчыка і калегі, кандыдата эканамічных навук Аляксандра Анатольевіча Браса, прысвечанаы пытанням матывацыі і апублікаваны ў №9. Таксама былі анансаваныя 10 і 11 нумары часопіса «Маладосць».
Сустрэча прайшла ў сяброўскай, творчай і нязмушанай атмасферы. Меладычнасць беларускай мовы, замалёўкі са спадчыны айчыннай літаратуры, сучаснае гучанне нашага роднага слова ў паэзіі і прозе нікога не пакінулі абыякавым. Удзельнікі завяршылі сустрэчу шчырымі словамі падзякі ў адрас галоўнага рэдактара часопіса, выказаўшы жаданне супрацоўнічаць і надалей.
Святлана Валахановіч,
начальнік упраўлення ідэалагічнай і выхаваўчай працы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-kiravannya
[3] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-vocinava