У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры траўматалогіі і артапедыі аказваецца спецыялізаваная дапамога пры траўмах, пераломах пазваночніка, таза, ніжніх і верхніх канечнасцяў. Сюды таксама накіроўваюцца пацыенты са складанымі пераломамі і ўскладненнямі з іншых абласцей. Акрамя таго, магчымасці цэнтра задзейнічаны і для аказання меддапамогі пацыентам дзевяці мінскіх паліклінік. Самыя цяжкія пацыенты дастаўляюцца сюды на рэанімабілях з усіх абласцей.
Па амбулаторную дапамогу на прыём да ўрачоў траўматолагаў-артапедаў і хірургаў штогод звяртаецца каля 2 млн чалавек. У краіне выконваецца каля 90 тысяч аперацый, праводзіцца каля 27 тысяч пункцый і блакад.
З кожным годам расце ўдзельная вага высокатэхналагічных і складаных аперацыйных умяшанняў — эндапратэзаванняў тазасцегнавога, каленнага, локцевага, плечавога і галёнкаступнёвага суставаў, артраскапічных аперацый на суставах, аперацый на пазваночніку. Укараняюцца сучасныя тэхналогіі астэасінтэзу пры пераломах, у тым ліку з выкарыстаннем айчынных металаканструкцый, распрацаваных у цэнтры траўматалогіі.
— У нашым цэнтры дзевяць аперацыйных, у якіх можна выконваць аперацыі ў тым ліку дзецям, пачынаючы з 1—2 месячнага ўзросту, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, кандыдат медыцынскіх навук, урач траўматолаг-артапед вышэйшай катэгорыі Алег КОРЗУН. — Вось у гэтай аперацыйнай мы можам бачыць маладога пацыента, якому робяць астэасінтэз — змацаванне дзвюх касцей металічнымі канструкцыямі. Аперацыйная аснашчана маніторам, на якім хірург бачыць рэнтгенаграму. Пацыент абуджаецца адразу пасля завяршэння ўмяшання, затым яго пераводзяць на некалькі гадзін у рэанімацыю, дзе ён поўнасцю прыходзіць да прытомнасці. Аперацыя праводзіцца з мінімальнымі разрэзамі, што сёння лічыцца звычайным.
Эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава пры пераломах выконваецца сёння і на міжраённым узроўні, дзякуючы чаму за апошнія 10 гадоў колькасць такіх аперацый вырасла па краіне амаль у 3,5 раза, а на каленных суставах — у 6. Рост умяшанняў звязаны з высокім узроўнем захваральнасці на артрыт. У Беларусі звыш 220 тысяч чалавек пакутуюць ад артрозу, з іх каля 50 тысяч знаходзяцца на дыспансерным уліку, кожны чацвёрты мае патрэбу ў эндапратэзаванні. Сярэдні тэрмін чакання аперацыі на тазасцегнавым суставе — 1,5 года, каленнага — да 2.
Да 2020 года плануецца выконваць штогод не менш за 6 тысяч эндапратэзаванняў тазасцегнавога і каля 2 тысяч каленнага суставаў.
Самыя складаныя ў тэхнічным сэнсе аперацыі — пры пераломе касцей таза, яны суправаджаюцца вялікай стратай крыві, а самыя працяглыя па часе — аперацыі пры скаліёзе (устаноўка фіксатараў па ўсёй даўжыні пазваночніка можа працягвацца ад 4 да 6 гадзін). Скаліёзы аперыруюцца прыкладна з 16 гадоў, калі закончыўся актыўны рост арганізма.
— Звычайна сталыя пацыенты з пераломамі шыйкі сцягна аперыруюцца праз 48 гадзін, аднак у снежні мінулага года мы пачалі ўкараняць новы стандарт лячэння па шпіталізацыі пацыентаў, якім аперацыйнае ўмяшанне праводзіцца ў наступныя 24 гадзіны з моманту атрымання траўмы — у першую чаргу, старэйшым за 70 гадоў, — тлумачыць загадчыца рэанімацыйнага аддзялення Вольга РАДЗЮКЕВІЧ. — Вядома, што чым больш часу праходзіць ад моманту траўмы, тым менш шанцаў на выздараўленне і выжыванне. Адразу пасля аперацыі ўсе трапляюць у наша аддзяленне, і літаральна праз 2—3 дні павінны стаць на ногі. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы зладжанай рабоце цэлай брыгады спецыялістаў — хірургаў, артапедаў, тэрапеўтаў, неўролагаў, рэаніматолагаў. Мы вывучаем цяпер і праблемныя моманты ранніх умяшанняў. Як высвятляецца, некаторыя пажылыя пацыенты даволі дрэнна адаптуюцца да ўсяго, што так імкліва з імі адбылося: пералом, аперацыйная, рэанімацыя, тут жа трэба ўставаць, хадзіць, а вакол — усё незнаёмае. У ідэале брыгаду спецыялістаў неабходна дапоўніць і ўрачом-герантолагам, які дапаможа пераадолець сталаму пацыенту дэзадаптацыю, справіцца з пагаршэннем псіхічнага стану. Акрамя таго, варта ствараць рэабілітацыйныя медустановы менавіта для вось такіх цяжкіх пацыентаў. Існуючыя рэабілітацыйныя цэнтры скіраваны на аднаўленне людзей з патэнцыялам, працаздольных, а тут патрэбны асаблівы догляд.
Зацягнулі бацькі з аперацыяй
У дзяцей аперыруюць сёння цэрэбральны параліч, паталогію тазасцегнавога сустава (напрыклад, прыроджаныя дысплазіі) і ступні (касалапасць, плоскаступнёвасць, выроўніванне даўжыні канечнасцяў). Артапедычныя аперацыі выконваюцца ў тым жа аб'ёме і па тых жа паказаннях, што і ва ўсім свеце. Аднак ёсць і невылечныя прыроджаныя захворванні, напрыклад, недасканалы астэагенез, ломкасць касцей. Дзіцяці, якое ўжо мае больш за сотню пераломаў, штораз іх вылечваюць, аднак захворванне само па сабе нікуды не знікае.
Штогод у РНПЦ траўматалогіі лечацца каля 2,5 тысячы пацыентаў да 18 гадоў. 35—40 працэнтаў з іх атрымліваюць хірургічнае лячэнне. Самае важнае, не цягнуць са зваротам, калі ў дзіцяці праблема са здароўем. Як правіла, бацькі гэта разумеюць, але ж прыгадваюць спецыялісты і такі выпадак, калі яны паставілі гадавалай дзяўчынцы з раёна дыягназ «дысплазія» і рэкамендавалі неадкладную аперацыю, а бацькі прывезлі дзіця... праз пяць гадоў. Сказалі, часу не было.
Святлана Барысенка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[6] https://zviazda.by/be/tags/aperacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/trauma
[8] https://zviazda.by/be/tags/patalogiya
[9] https://zviazda.by/be/tags/artapedyya
[10] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-navukova-praktychny-centra-traumatalogii-i-artapedyi