Класіка ў беларускім тэатры
Хачу, каб зараз кожны чытач задаў сабе такое пытанне: “Калі апошні раз я быў ў тэатры?” У беларускіх тэатрах шмат цікавых пастановак, вартых увагі. Напрыклад, у мінскім Тэатры юнага гледача ідзе спектакль “Дзікае паляванне караля Стаха” – па аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Беларуская класіка, якую шмат хто чытаў у школе. І пастаноўка класічная, не рэмэйк, без аніякага налёту сучаснасці і дамешкаў “новых рашэнняў”.
Пра ўражанні пасля прагляду спектакля “Бярозка” запыталася ў настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Аляксееўны Дземідовіч – бо каму, як не чалавеку гэтай прафесіі ведаць, ці атрымалася пастаноўка блізкай да арыгінала.
Святлана Аляксееўна адзначае, што спектакль вельмі добры, але шмат што з сюжэта было выкінута: вядома, немагчыма адлюстраваць усе да апошняй падзеі за дзве гадзіны, і нічога не апусціць. Але за кошт гэтага некаторыя моманты застануцца незразумелымі тым, хто не чытаў кнігу: напрыклад, хто ў выніку гэтая Блакітная Жанчына.
– Мне ўвогуле вельмі падабаецца гэты дэтэктыў, – дзеліцца Святлана Аляксееўна, – і пастаноўка тэатра спадабалася. Акцёры добра ігралі. Магчыма, актрысе, якая іграла Надзею Яноўскую (Марце Шантар – заўвага аўтара), варта было б быць спакайнейшай – занадта была яна задаволенай, калі Беларэцкі прыехаў, дурэла. Гэта было не зусім паводле Караткевіча, у кнізе Надзея была ўсё ж больш “нежывой”, быццам не чалавек, а цень. Не зусім тое, што чакалася ў гэтым плане. А вось Беларэцкі (акцёр Аляксандр Гладкі, – заўвага аўтара) спадабаўся, напэўна, я яго такім і бачыла. Але спактакль добры, пакінуў вельмі прыемнае пачуцце.
Сапраўды паводзіны галоўнай гераіні выглядалі спачатку вельмі штучна, ды і па кнізе яна больш стрыманая. Але гэта толькі спачатку – потым усё неяк выправілася і больш не замінала.
– Думала перад спектаклем, якія будуць дэкарацыі – ці будуць партрэты, якія апісваюцца ў кнізе. Але нічога гэтага не было.
Гэты момант ў пастаноўцы змаглі абыграць наступным чынам: той партрэт, які па сюжэце дарыць Надзеі Дубатоўк, змяшчаўся ў медальёне. Тым не менш, дэкарацыі ў спектаклі ўражвалі: на падлозе рухомая канструкцыя з дошак, у якой адчыняюцца “падземныя” хады, лесвіца і імправізаваны балкон.
– Толькі крыўдна, што мала народу прысутнічала – пастаноўка добрая, па беларускай класіцы, – адзначае Святлана Аляксееўна. – Я думала, будзе складана ўзяць білеты – а тут шмат свабодных месцаў у залі.
Сапраўды, чаму б не вылучыць адзін вечар і не пайсці на гэтую пастаноўку? Асабліва, калі кнігу ведаеш –паглядзець, параўнаць са сваім бачаннем герояў, ацаніць, як твор адаптавалі для пастаноўкі на сцэне, вынесці незалежны вердыкт. Калі не чыталі – таксама трэба ісці. А раптам так спадабаецца, што захочацца пазнаёміцца з арыгіналам?
Алена Марціновіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/byarozka
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr