Тэхналогія заглыбленага назапашвання і часовага захоўвання бытавога смецця зручная і эканамічна абгрунтаваная. Дзякуючы палімерным матэрыялам эксплуатацыя разлічана на дзесяцігоддзі.
— Асноўны прынцып гэтага метаду заключаецца ў вертыкальным размяшчэнні кантэйнера, які на 2/3 знаходзіцца пад зямлёй, — кажа галоўны інжынер Біямехзавода бытавых другасных рэсурсаў Вадзім КУЛЯШОЎ. — У Расійскай Федэрацыі мы закупілі за кошт сродкаў абласнога бюджэту 17 такіх кантэйнераў. Тэхналогія захоўвання смецця ў іх у першую чаргу зніжае затраты на абслугоўванне. Адзін заглыблены кантэйнер аб'ёмам 5 метраў кубічных замяняе 4—6 звычайных металічных, што павялічвае аб'ём сабранага смецця і змяншае колькасць разгрузак. Інтэрвал руху смеццявозаў павялічваецца, а гэта спрыяльна адбіваецца на кошце абслугоўвання.
Канструкцыя кантэйнераў дазваляе зменшыць плошчу, якую яны займаюць. Дыяметр люка для загрузкі адходаў невялікі — 500 мм, ёсць накрыўка, якая выключае распаўсюджванне смецця па ўсёй тэрыторыі. Асноўная частка бака знаходзіцца пад зямлёй, а значыць, падтрымліваецца пастаянная тэмпература, смецце не замярзае зімой і не гніе летам. Немагчыма і гарэнне смецця — ёсць сістэма пажаратушэння. Адсутнічаюць староннія пахі, выключаецца магчымасць трапляння ападкаў.
Зараз падыходзяць да завяршэння ўпарадкаванне і падрыхтоўка да эксплуатацыі кантэйнерных пляцовак. Яны будуць мець сучасныя дызайн і эстэтычны выгляд. Вакол кантэйнераў лёгка падтрымліваць чысціню.
Для выгрузкі смецця прадпрыемства набывае ўніверсальны смеццявоз у камплектацыі з спецыяльнай устаноўкай, канструкцыя якой дазваляе нават не пад'язджаць ушчыльную да месца
выгрузкі.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/bytavyya-adhody
[6] https://zviazda.by/be/tags/navapolack
[7] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne