У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі абмеркавалі прыярытэты лічбавай трансфармацыі эканомікі і прамысловай палітыкі з нямецкімі калегамі. У дыялогу ўдзельнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, бізнесмены і прадстаўнікі Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі. Асобную ўвагу ўдзялілі пытанню падтрымкі экспарту і прыцягненню прамых замежных інвестыцый.
Паводле слоў старшыні пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэя Рыбака, наша краіна пачынае ўваходзіць у чацвёртую прамысловую рэвалюцыю Іndustrу 4.0. «Інтэрнэт рэчаў, дапоўненая рэальнасць — гэтымі паняццямі мы сёння толькі пачынаем апераваць. Калі мы спрабуем іх укараніць у заканадаўчую дзейнасць, нам неабходны вопыт, які атрымалі краіны з моцнай эканомікай і вялікай колькасцю рэсурсаў. Без разумення інавацый мы не атрымаем неабходнага эфекту для развіцця нашай эканомікі», — адзначыў у сваім вітальным слове Андрэй Рыбак.
На яго думку, укараненне інфармацыйных тэхналогій у прамысловасць дазволіць аптымізаваць работу шматлікіх працэсаў і скараціць шэраг выдаткаў. «Абмен думкамі з нашымі нямецкімі партнёрамі дазволіць нам зразумець, дзе беларуская прамысловасць сёння запатрабаваная і якую нішу яна зможа заняць у перспектыве. Сёння мы гаворым не пра высокія матэрыі, а пра канкрэтныя рэчы, якія дазволяць нам патрапіць у паток індустрыяльнай рэвалюцыі 4.0 і знайсці сваё месца ў гэтых працэсах», — рэзюмаваў Андрэй Рыбак.
Кіраўнік прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Уладзімір Аўгусцінскі лічыць, што лічбавая трансфармацыя эканомікі — гэта пытанне, якое востра стаіць перад многімі краінамі. «У Беларусі цяпер ідзе падрыхтоўка стратэгічнага дакумента ПВТ 2.0. У сваю чаргу Германія мае добры вопыт у гэтай сферы, і многія напрацоўкі з іх боку могуць быць цікавыя для Беларусі. Акрамя таго, у дзвюх краін шмат агульнага. Яны абедзве маюць падобныя структуры эканомікі — доля прамысловасці складае каля 25%. Для Беларусі таксама будзе цікавы вопыт Германіі па падтрымцы экспарту», — расказаў Уладзімір Аўгусцінскі.
Падчас сустрэчы прадстаўнікі Германіі падзяліліся сваім бачаннем праграмы лічбавай трансфармацыі, вопытам і напрацоўкамі ў гэтай сферы.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou-nacyyanalnaga-shodu-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne