Падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў быў разгледжаны ход рэалізацыі даручэнняў кіраўніка дзяржавы па фінансавым аздараўленні арганізацый АПК. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у сваім выступленні адзначыў, што ў краіне ствараюцца неабходныя ўмовы для дапамогі перапрацоўчым прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу, якія маюць патрэбу ў аздараўленні. Але пры атрыманні дзяржпадтрымкі неабходна выконваць усе агавораныя ўмовы.
Кіраўнік урада нагадаў, што Прэзідэнт прыняў рашэнне па кожнай вобласці аб рэструктурызацыі часткі абавязацельстваў прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць мяса, малако і збожжа перад банкамі ў памеры больш за 3 млрд рублёў. «У 2016—2017 гадах, дзякуючы рэструктурызацыі запазычанасці, вызваляюцца абаротныя сродкі на суму ў 2,4 млрд рублёў.
Акрамя таго, па словах прэм'ер-міністра, Прэзідэнтам устаноўлена персанальная адказнасць кіраўнікоў арганізацый, губернатараў, старшынь райвыканкамаў за выкананне згаданых рашэнняў. «У сувязі з гэтым на кожным прадпрыемстве павінна рэалізоўвацца неабходная фінансавая палітыка па акумуляванні сродкаў для пагашэння даўгоў, што забяспечыць выкананне рашэнняў кіраўніка дзяржавы ў поўным аб'ёме», — адзначыў прэм'ер-міністр.
Андрэй Кабякоў звярнуў увагу і на тое, што сёння не знаходзяць актыўнага прымянення новыя інструменты антыкрызіснага кіравання, якія прадугледжаны Указам №253. Гаворка ідзе пра канвертацыю даўгоў крэдытораў у акцыі, замяшчэнне актываў, прыцягненне трэціх асоб. «Па выніках разгляду гэтага пытання 6 кастрычніка ў Гродзенскай вобласці мной даручана забяспечыць рэалізацыю пілотнага праекта на базе сельскагаспадарчага прадпрыемства «Мастаўчанка», якое знаходзіцца ў санацыі, па пакрокавай адпрацоўцы новых інструментаў антыкрызіснага кіравання і давесці да зацікаўленых адпаведныя рэкамендацыі», — паведаміў кіраўнік урада.
Акрамя таго, кіраўнікамі прадпрыемстваў і мясцовых выканкамаў усё яшчэ не праводзіцца на належным узроўні работа з крэдыторамі.
Андрэй Кабякоў праінфармаваў, што ў выніку мерапрыемстваў па фінансавым аздараўленні сельгасарганізацый сёлета за першае паўгоддзе аднавілі плацежаздольнасць 32 арганізацыі, або 10% ад агульнай колькасці, палепшыла каэфіцыенты плацежаздольнасці 131 арганізацыя.
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/leki
[3] https://zviazda.by/be/tags/finansavae-azdaraulenne
[4] https://zviazda.by/be/tags/azdaraulenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhpadtrymka