У Беларусі ўпершыню выходзіць у масавы пракат фільм у беларускім агучванні, паведамілі арганізатары.
Прэм'ерны фільм "Шторм: пісьмы агню" (Нідэрланды) будзе ісці ў шасці кінатэатрах Мінска на працягу амаль двух тыдняў - з 27 кастрычніка па 8 лістапада, а ў лістападзе ў іншых гарадах Беларусі.
Фільм "Шторм: пісьмы агню" (2017) расказвае гісторыю 500-гадовай даўніны. У атмасферы позняга сярэднявечча, на фоне вогнішчаў інквізіцыі, разгортваецца гісторыя ратавання рукапіса Марціна Лютэра, вядомага хрысціянскага багаслова і рэфарматара. Галоўную ролю ў ёй наканавана выканаць 12-гадоваму Шторму Вотэну. Ці здолее ён уберагчы каштоўнае пісьмо ад знішчэння, а свайго бацьку, кнігавыдаўца Клааса Вотэна, ад інквізіцыі? Даведацца аб гэтым будзе цікава як юным, так і дарослым гледачам.
"Фільм "Шторм: пісьмы агню" - гэта перш за ўсё прыгодніцкая карціна. Аднак адсылкі да гістарычных фактаў, якія ў ім змешчаны, не толькі фарміруюць цікавы сюжэт, але і пераклікаюцца з важнымі падзеямі нашай гісторыі, у прыватнасці, з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Таму сімвалічна, што фільм, прысвечаны гэтым падзеям, упершыню на сучасным этапе развіцця беларускага кінапракату будзе прадстаўлены адразу ў беларускім агучванні", - лічыць начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.
Прэм'ера фільма "Шторм: пісьмы агню" адбудзецца 27 кастрычніка. Кожнага гледача чакае не толькі цікавая гісторыя, але і прыемныя сюрпрызы, непасрэдна звязаныя з двума вялікімі юбілеямі гэтага года: 500-годдзем Рэфармацыі і 500-годдзем беларускага кнігадрукавання.
Паказ карціны арганізаваў праект "Беларускія ўік-энды" сумесна з velcom і "Атлант Тэлекам".
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kino
[3] https://zviazda.by/be/tags/film
[4] https://zviazda.by/be/tags/glyadach
[5] https://zviazda.by/be/tags/akcyor
[6] https://zviazda.by/be/tags/shtorm-pismy-agnyu
[7] https://zviazda.by/be/tags/kinateatr