Гэта першы і адзіны ў айчыннай гуманітарнай навуцы даведнік, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду беларускай мовы ў XIV-XVIII стагоддзях. Ён з'яўляецца надзейнай крыніцай звестак пра мінулае Беларусі, утрымлівае багатую інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ў згаданы перыяд гісторыі.
У слоўніку дэталёвую лексікаграфічную апрацоўку атрымалі больш за 75 000 слоў, зафіксаваных у граматах, дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, хранографах, воінскіх і рыцарскіх раманах і аповесцях, мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах.
Распрацоўка канцэпцыі гэтага ўнікальнага выдання, стварэнне яго базавай картатэкі, падрыхтоўка слоўнікавых артыкулаў вяліся з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Некалькі пакаленняў таленавітых беларускіх лінгвістаў унеслі свой неацэнны ўклад у распрацоўку фундаментальнага акадэмічнага праекта. Таму “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” у 37 выпусках (1982—2017) стаў сапраўдным праектам стагоддзя для беларускай гуманітарыстыкі.
Прэзентацыя адбудзецца 26 кастрычніка ў 10.30 у малой канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі (пр-т Незалежнасці, 66, аўд. 216). Удзел у ёй возьмуць кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук, ветэраны і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі навуковай і творчай грамадскасці краіны.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/slounik