Андрэй Козел
нарадзіўся 8 кастрычніка 1987 года ў пасёлку Новагарадзейскі Нясвіжскага раёна. Па адукацыі — настаўнік, журналіст. Гады студэнцтва згадвае як шчаслівы і бесклапотны час жыцця, час шчырага сяброўства, кахання і велізарных ружовых акуляраў. Для яго гэты час адметны яшчэ і знаёмствам з творамі беларускай літаратуры, якія натхнілі пачаць пісаць на роднай мове.
Мая вера, надзея і злосць
***
Іржавым цвіком забітыя думкі ў маю галаву.
Хацеў бы дастаць даўно гэты цвік, але ўжо не магу.
Жалезнаю кветкай чорныя думкі ірдзеюць, растуць,
каб капаць нектарам і расцякацца па целе, бы ртуць.
Развагі мае найгоршым з найлепшых растуць пухіром:
і, выйграўшы бой, губляеш так многа, што ставіў на кон!
Душэўныя страты верай надзеі гаю я ў сабе,
хоць думкі забітыя ржавым цвіком у маёй галаве.
***
Сёння прывіды ў спратах душы
нешта вынайшлі, нешта знайшлі.
Можа, добрае, можа, і не:
штосьці здарыцца, штосьці міне.
Я глядзеў, што прынеслі яны —
ў светлых мроях, праз дзіўныя сны.
Я не думаў, што ўсё гэта ёсць
мая вера, надзея і злосць.
Я пакіну найлепшае, што
мне давала заўсёды цяпло.
А найгоршае збуду, звяду,
лёс аспрэчу, прагнаўшы бяду.
Мяшок
Ўсё, што можна сказаць, — я сказаў,
Не пакінуўшы слоўніку слоў.
Каго мог забіваць — забіваў
Безумоўнаю яваю сноў!
Ўсё, што можна спазнаць, — я спазнаў,
Чорнай плямай разліўшы ў душы.
Калі хочаш, то я — увабраў
Міражы злой нябачнай мяжы.
Ўсё, што можна пачуць, – я пачуў,
Не вымаючы пробкі з вушэй.
Я навобмацак гукі адчуў,
Што за цішу бываюць цішэй.
Ўсё, што можна забыць, — я забыў,
Нават тое, што ведаць не мог.
Я ляжаў, я глядзеў. Я застыў
У нязведаных ведах, як мох.
Каго можна сустрэць — я сустрэў,
Палічыўшы пляўкі ўсе у твар.
Але холад мяне ўсё ж сагрэў
Цеплынёю намараных мар.
Што я мог падарыць — я аддаў —
Невядомы ў няведанне крок.
Ўсё, што можна сабраць, — я сабраў,
Склаўшы рэчы ў дзіравы мяшок.
Млосць
Я йшоў дамоў, мая дарога
Мне малявала хібы. Млосць
шаптала: «Хутка перамога!
Ты — ёсць не той, кім быў,
хто ёсць».
Я засяродзіў думкі, роздум
і на шашы паўстаў
пустым.
Так, я бываў, канечне, розным.
Ды я не той,
хто стаў не тым!
Змяняў раптоўна накірунак;
стаяў,
ішоў, куды хацеў.
Мяняла карта свой малюнак —
калі б туды ні паглядзеў.
Ляцеў.
У прорву праваліўся.
Адчуў жывое раптам штось.
Быў тым, хто шчэ не нарадзіўся
і хто народзіцца вось-вось.
А жыў — жыцця нібыта мала
было сягоння,
заўтра — зноў.
Я мог быць тым, каго не стала, —
яго жыццё пражыць наноў.
Нябёсы слалі свае грукі.
Туман быў ціхі і густы,
лавіў мае
нямыя гукі:
«Не, я не той,
хто стаў не тым…»
Мяняў напрамкі кожнай сцежкі,
каб зблытаць тых,
хто вёў мяне,
Пераплятаў жыцця
прамежкі,
то праўдзе верыў, то мане.
Ці мог я быць не тым,
а іншым? —
Я не задумваўся,
ішоў.
Стаў блытаць сок саспелай вішні ––
прымаў яго за плазму,
кроў.
Сасмяг.
Здранцвеў.
Краналі вусны
бутэлькі, поўныя вады.
Язык, цяжкі і заскарузлы,
парушыў гронкі нематы.
Я піў нагбом.
Праявы млосці
знікалі ў целе без умоў.
Чырвонае ў бакале штосьці:
Кампот вішнёвы мо
ці кроў?..
Я ачуняў.
Мае адказы
адкрылі мне, нібы на злосць:
«Ты той, кім быў тады,
адразу!
Ты той — кім быў,
ты той — хто ёсць!»
Штучнасць
Бывае у кожнага колькі хвілін,
калі разумееш, што нешта не так –
і музыка грае, а словы не ў такт…
Натоўп акружае, а ўсё ж — ты адзін.
Дый песня ліецца, вясёлы напеў,
як быццам — спакойна, але — валтузня.
Бы праўда гучыць, а здаецца — хлусня.
І не разабраць, дзе катрэн, дзе прыпеў.
Ад самых вытокаў спявае нам хор,
даўно не змяняе свой рэпертуар,
хоць шлях і здарожыўся ды тратуар,
хоць карта змяніла знаходжанне гор.
Цябе гэтаксама прымусяць спяваць.
Патрэбныя ноты заносяцца ў ліст.
Калі ты не з імі, ты — вольны саліст.
На вольных салістаў жа — хору пляваць.
І сумная штучнасць згаданых падзей
наводзіць на думку, што штучнае ўсё:
свабода, каханне, надзея, жыццё…
І штучныя песні для штучных людзей.
***
Забыты дом на ўскрайку лесу.
Нібы малы, туды залезу,
каб паглядзець, як памірае,
што для сям’і цяпло стварае...
Быў тут і гоман, і вяселле,
застольны гул і мрой трызненне;
тут забыццё было і смутак,
жалоба, смерць і болю скрутак;
у ім жыла любоў, пяшчота,
цяпер — трава і адзінота.
Стаю разгублены, разбіты
ля студні. Пацукі сярдзіта
хаваюць пысы ў завуголлі,
з акна звісае дрэва голле.
На крыж забіты аканіцы,
рыпяць, галосячы, масніцы,
там зруб пахілы, дах у лаце
і дзверы б’е скавыш у хаце…
Дыялог
— Душа мая — разбітае акно:
ў пустую шыбу залятаюць жахі,
што разрываюць сэрца апранахі
на самае дзіравае радно.
Павер, што людзям будзе ўсё адно…
— Чакай, давай запоўнім твой прабел:
чым горш табе, тым больш для іх цікава,
такое правіла заўсёды існавала
і будзе існаваць, ты мне павер,
бо чалавек для чалавека — звер.
***
Я вярнуся у новым абліччы —
і ніхто не пазнае мяне.
Пазнікаюць знаёмыя лічбы,
мая мройнасць з вятрыскам міне.
Час спатоліцца вольнай хадою
І застыне ў бяздонні вачэй.
Захлынуцца цяжкою тугою
гэтым разам мне будзе лягчэй.
Я чырвоная кропля — не болей —
на бязмежным прасторы з крыві,
механізм незайздроснае долі,
алавяны салдацік Зямлі.
Я вярнуся ў новым абліччы,
можа, птушкай, а можа, дажджом,
да таго, хто сябрам палічыць
і хто дзверы адчыніць у дом.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/paeziya
[2] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kozel