Напярэдадні сотай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў аграрным гарадку Акцябрская Віцебскага раёна.
Тут актыўна рыхтуюцца адсвяткаваць не толькі юбілей рэвалюцыі. Ёсць для вяскоўцаў, бадай, больш важная гістарычная падзея: 45 гадоў таму ганаровае званне «Імя 50-й гадавіны СССР» прысвоілі саўгасу «Сялюты». Дзякуючы яму і развівалася Акцябрская. І так цудоўна ўсё прадумалі, што праект забудовы атрымаў залаты медаль і дыплом 1-й ступені на конкурсе Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі! А потым пабудаванае адзначылі прэміяй урада БССР. Старажылы памятаюць візіты сюды Машэрава і Гарбачова, іншых вядомых усім людзей.
Калісьці тут былі фантан і нават кінастудыя. Вышэйшы пілатаж гульні паказвалі хакейная і валейбольная каманды.
Эксперыментавалі шмат
З абласнога цэнтра сюды можна даехаць на рэйсавым аўтобусе. Таму тутэйшыя жартуюць, што яны сельскія гарадскія. І, безумоўна, з часам аграгарадок можа стаць часткай горада. У Віцебску, дарэчы, ёсць Кастрычніцкі раён.
Калісьці адзін з самых прыкметных будынкаў вёскі — чатырохпавярховік на цэнтральнай плошчы — упрыгожвала рэльефная кампазіцыя з сярпа, молата, сонца і шасцярні. Як растлумачылі ў сельскім выканкаме, эмблема — неафіцыйны сімвал аграгарадка. З часам барэльеф прыйшоў у аварыйны стан і быў дэманціраваны. Цяпер застаўся толькія яго адбітак, які кідаецца ў вочы сваёй загадкавасцю. Ініцыятыўныя жыхары закупілі матрэыялы і зрабілі эскіз, каб аднавіць спадчыну. Для нанясення графічнага малюнка па контуры засталося знайсці пад'ёмнік.
У гэтыя дні шмат чаго робяць у парку імя 50-годдзя СССР. Ужо ўсталявалі стэнды, прысвечаныя гісторыі вёскі. Стварылі куточкі для сямейнага адпачынку.
У Акцябрскую на работу штодня прыязджае нямала гараджан. Напрыклад, ва ўстановы сацыяльнага прызначэння. Гарадскіх вабяць і сельскія даплаты — 20%. А ў савецкі час тут было прасцей вырашыць жыллёвае пытанне. У эксперыментальны пасёлак, першапачаткова разлічаны на 1200 жыхароў, пераязджалі людзі з усяго Савецкага Саюза. Зразумела, у асноўным маладыя сем'і. Да 1974 года ў Акцябрскай пражывала 600 чалавек, у 1978 годзе — 800. У канцы 1970-х у саўгасе працавала каля 1,3 тысячы чалавек!
На сёння ў вёсцы больш за 2,6 тысячы пастаянна пражываючых.
— Гісторыя аграгарадка непарыўна звязана з саўгасам «Сялюты». Населены пункт — цэнтральная сядзіба гаспадаркі. Яе стварылі 6 сакавіка 1959 года як прыгарадную — па вытворчасці малака, гародніны і мяса, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Ганна Ліпава.
З 1964 года кіраваць саўгасам пачаў Уладзімір Арцёмавіч Адамовіч. З гэтага часу пачынаецца будаўніцтва вёскі. А ў 1967 годзе саўгас быў уключаны ў рэспубліканскі план эксперыментальнага сельскага будаўніцтва.
Там, дзе цяпер прыгожы гарадок, шмат папрацававлі меліяратары. Асушылі балота, прывезлі зямлю — ёсць аналогія з будаўніцтвам Санкт-Пецярбурга.
Вёска — савецкая мара!
Прысваенне ў 1972 годзе гаспадарцы ганаровага звання імя 50-годдзя СССР стала вяршыняй працоўнай славы калектыву.
— Практычна кожны тыдзень сустракалі розныя дэлегацыі: з рэспублік Савецкага Саюза, Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, ГДР, Францыі, Аўстрыі, Кубы, В'етнама, КНДР і іншых краін. Тройчы наведваў гаспадарку Пётр Машэраў. Быў тут з візітам Міхаіл Гарбачоў, сакратар ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы, будучы генеральны сакратар, — працягвае Ганна Ліпава.
У 1970-я гады ў вёсцы ўзводзяцца эксперыментальныя дамы гарадскога тыпу з сучаснымі бытавымі выгодамі. Два жылых сектары былі аб'яднаны грамадска-гандлёвым цэнтрам і зонай адпачынку. У комплексе: Палац культуры (з глядзельнай залай на 400 месцаў), бібліятэка, музычная школа, садок, амбулаторыя, гандлёвы цэнтр з прамтаварнай і харчовай крамамі, кафэ-сталовая. Узвялі і чатырохпавярховы адміністрацыйна-бытавы комплекс. Там знаходзіліся кантора саўгаса, сельсавет, паштовае аддзяленне, ашчадная каса, АТС, камбінат бытавога абслугоўвання. І, у гэта цяжка цяпер паверыць, гасцініца.
Было праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі, разбіты паркавыя зоны, створаны штучны вадаём. А на цэнтральнай плошчы запрацаваў фантан.
Найлепшыя выпускнікі ВНУ марылі працаваць у вёсцы. Дзеці пайшлі вучыцца ў новую школу. Напрыканцы 1970-х запрацавала ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі. Яно і цяпер функцыянуе.
У 1980 годзе адкрылі Дом быту. Установа аказвала жыхарам вёскі звыш 20 відаў паслуг. А ў наступным годзе, напярэдадні кастрычніцкага свята, адкрылі адзін з найлепшых у СССР дзіцячы садок-яслі.
Велікану прысвячаецца
У музеі можна ўбачыць выставу, прысвечаную піянерскаму руху і 100-й гадавіне рэвалюцыі. Аднак тут шануюць не толькі савецкае мінулае. Завяршаецца стварэнне экспазіцыі «Веліканаў хутар» — пра самага высокага ў свеце беларуса Фёдара Махнова (гады жыцця — 1878—1912). Пра яго «Звязда» расказвала. І ў наш час даследчыкі спрачаюцца, якім менавіта быў яго рост. Мяркуецца, што больш за 285 сантыметраў!
Сярод экспанатаў — фанерны сілуэт велікана. Можна прымерыць «яго штаны», далонь, вусны, копію кальца дыяметрам з рубель царскіх часоў... Плануецца ўсё, што звязана з Махновым, прымусць працаваць на брэнд раёна.
Дар'я Андронава, загадчыца аддзела аматарскай творчасці Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці, падзялілася планамі аб правядзенні фестывалю, прымеркаванага да дня памяці Фёдара Махнова:
— Задумалі арганізаваць квэст «У госці да велікана», выступы цыркачоў, бо ён з цыркам пабываў у многіх краінах. Плануем таксама парад веліканаў, інсталяцыі вялікіх прадметаў быту, спаборніцтва «Волаты Віцебшчыны» і іншае.
Дарэчы, Акцябрская — не адзінае месца, дзе можна даведацца пра самага высокага ў свеце беларуса. У вёсцы Старое Сяло Віцебскага раёна ў школе таксама ёсць тэматычны куточак, там можна ўбачыць асабліва каштоўны экспанат — каркас ложка велікана. Захавалася і магіла недалёка ад хутара, дзе ён жыў.
Акцябрская, як бачым, здолела захаваць шмат энтузіястаў, якія шчыра любяць месца, дзе жывуць і працуюць.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота з архіва музея.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebski-rayon