"У нас прыдумана так многа слоў, каб абазначыць людзей з інваліднасцю. Але найперш усяго кожны з іх – чалавек. Дайце яму магчымасці, адкрыйце шлях да рэалізацыі – гэта і будзе шчасцем".
Так лічыць Аляксандра Чычыкава, фіналістка міжнароднага конкурсу Miss Wheelchair World 2017, першая беларуска, якая стала [3] Міс свету на інваліднай калясцы. Па словах дзяўчыны, мерапрыемства ў Варшаве адрознівалася ад звычайных конкурсаў прыгажосці, а яго мэты былі больш сацыяльнымі. Вярнуўшыся на радзіму, Аляксандра мяркуе правесці нешта падобнае для беларускіх дзяўчат, тым больш, што такія конкурсы ужо існуюць у Польшчы, Украіне, Расіі.
— Я хачу захаваць ідэю Miss Wheelchair. Мая мэта – разбурыць унутраныя бар’еры, якія часам узводзяць для сябе людзі з фізічнымі асаблівасцямі. Будзе цудоўна, калі гэта дапаможа ім зразумець, што абмежаванняў насамрэч няма, і ніхто не забараняе ім быць шчаслівымі, актыўнымі. Цяпер я атрымліваю адукацыю па спецыяльнасці псіхалогія ў БДПУ імя М. Танка. Спадзяюся, што прафесійныя веды дапамогуць у стасунках, бо пасля выпуску я хачу дапамагаць людзям з інваліднасцю, прапаноўваць ім шырэй паглядзець на магчымасці. Хацелася б працаваць пры карэкцыйным цэнтры ці грамадскай арганізацыі.
Сярод заданняў конкурсу Міс свету журы ў тым ліку прапаноўвала назваць тры праблемы на радзіме ўдзельніц, якія вельмі важныя для дзяўчат на калясках. Па меркаванні Аляксандры, у Беларусі гэта пытанне медыцынскага абслугоўвання, а таксама праблема займець дзіця і захаваць яго. Справа ў тым, што некаторым дзяўчынам з фізічнымі асаблівасцямі складана зацяжарыць, а пасля нараджэння немаўля сям’ю могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў на аснове медыцынскага заключэння. Цяжкасці ўзнікаюць, і калі такая пара хоча ўзяць дзіця з прытулку.
— Я імкнуся да станоўчых зменаў. Нельга паказаць на чыйсьці твар і сказаць, што гэта эталон. У прыгажосці мноства адценняў і вобразаў. Хочацца адшукаць іх у чалавеку і дапамагчы расквітнець.
Акрамя сустрэчы з Аляксандрай Чычыкавай, на прэс-канферэнцыі адбыўся паказ адзення, пашытага па спецыяльных мерках, для людзей з фізічнымі асаблівасцямі. Ідэя прыйшла да дызайнера Кацярыны Цікоты напачатку гэтага года. Цягам некалькі месяцаў адбывалася падрыхтоўка, і вось першая фокус-група з пяці мужчын і пяці дзяўчын на калясках прымерыла штаны адмысловага, зручнага пакрою. Удзельнікі найперш усяго адзначылі завышаную талію, пахвалілі даўжыню штанін і уважлівасць дызайнера да фізічных параметраў. У той жа час былі выказаны пажаданні, напрыклад, па размяшчэнні кішэняў.
Пакуль што такое адзенне існуе ў дзесяці экзэмплярах, але распрацоўкі ідуць далей. У будучым плануюцца новыя мадэлі, пры пашыве якіх будуць ўлічвацца некалькі дзясяткаў асаблівых параметраў.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Фота Анастасіі ГРУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20171009/1507567605-belaruska-peramagla-na-konkurse-mis-svetu-na-invalidnay-kalyascy
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-chychykava
[5] https://zviazda.by/be/tags/invalidnasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/mis-svetu-na-invalidnay-kalyascy