Як маладыя людзі ставяцца да шлюбу і розных яго формаў, нараджэння і выхавання дзяцей, да абавязковага дэкрэтнага водпуску для бацькі немаўляці, якія ў іх сямейныя каштоўнасці і мадэлі паводзінаў у сям'і? Гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі даследавання, якое праводзілася ў рамках практыкі студэнтаў аддзялення сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук сумесна з Цэнтрам сям'і і дзяцінства псіхалагічнай службы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Некаторыя з яго вынікаў падчас круглага стала, што адбыўся ў ВНУ ў рамках правядзення бацькоўскага месяца, агучыла кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ Ларыса ФІЛІНСКАЯ.
Шлюбныя перашкоды
Даследаваннем была ахоплена студэнцкая моладзь, што навучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова на дзённай форме навучання.
Як паказала анкетаванне, 29 працэнтаў студэнцкай моладзі БДУ лічаць афіцыйную рэгістрацыю шлюбу неабходнай, яшчэ 48 працэнтаў выступаюць, хутчэй, за дзяржаўную рэгістрацыю шлюбу, чым супраць яе. Увогуле тры чвэрці апытаных студэнтаў і студэнтак выказваюцца на карысць дзяржаўнай рэгістрацыі адносін. Хутчэй негатыўнае стаўленне да афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу выказваюць каля 13 працэнтаў апытанай моладзі з БДУ.
Некалькі іншая сітуацыя назіраецца сярод рэспандэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта: 84,5 працэнта апытаных у ГрДУ выступаюць хутчэй за афіцыйную рэгістрацыю шлюбу, чым супраць яе, а негатыўнае стаўленне выказваюць менш за 10 працэнтаў. Сярод студэнцкай моладзі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта пазітыўна настроены ў адносінах да дзяржаўнай рэгістрацыі больш як 87 працэнтаў апытаных, а супраць выказаліся менш за 5 працэнтаў.
На думку даследчыкаў, гэта можа быць звязана з тым, што пражыванне ў сталіцы фарміруе некалькі іншыя прыярытэты, чым пражыванне ў рэгіёнах. У Мінску студэнцкая моладзь у значна большай ступені настроена на пабудову кар'еры, а дзяржаўная рэгістрацыя адносін, магчыма, бачыцца ім як адна з перашкод на шляху прафесійнай самарэалізацыі. Сталічныя студэнты больш дынамічныя, і хочуць заставацца як мага больш свабоднымі, бо прафесійнае станаўленне часта вымагае максімум аддачы і часу.
Большасць (64 працэнты) той часткі студэнцкай моладзі БДУ, якая ўхваляе фактычнае сужыццё, лічыць, што «перад афіцыйным уступленнем у шлюб людзі павінны пажыць разам у мэтах праверкі сумяшчальнасці». 41 працэнт апытаных адзначылі, што «няма ніякай прынцыповай розніцы паміж афіцыйнай рэгістрацыяй шлюбу і фактычным сужыццём». 21 працэнт лічыць, што «незарэгістраваны шлюб прадугледжвае абсалютную свабоду партнёраў, няма штучных перашкод да разрыву адносін».
Каб не страціць прывабнасць...
У студэнтаў пацікавіліся: «Што павінен рабіць ваш выбраннік/выбранніца, каб заставацца цікавым і прывабным для вас у доўгатэрміновай перспектыве?»
«Прымаць удзел у жыцці сям'і» — так адказаў 61 працэнт апытаных. «Падтрымліваць і развіваць свой інтэлектуальны ўзровень» — прыкладна столькі ж. «Умець знаходзіць кампрамісы, саступаць» — 51 працэнт. «Падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме» — каля 42 працэнтаў. «Сачыць за станам свайго здароўя» — 42 працэнты. «Захоўваць асноўныя рысы характару» — каля 41 працэнта. «Прадастаўляць асабістую прастору» — 21 працэнт. «Весці актыўнае сексуальнае жыццё» — 20 працэнтаў. «Мець пастаянную перспектыўную работу» — амаль кожны пяты.
— Але варта звярнуць увагу на гендарныя асаблівасці ў адказах на гэтае пытанне, — падкрэслівае Ларыса Філінская. — Так, большасць дзяўчат (71 працэнт) лічаць, што іх партнёр павінен прымаць удзел у жыцці сям'і, у той час як менш за палову юнакоў (43 працэнты) упэўнены ў тым, што іх выбранніца павінна рабіць гэта для таго, каб заставацца цікавай і прывабнай для іх у доўгатэрміновай перспектыве. Больш за палову дзяўчат (57 працэнтаў) адзначаюць, што іх выбраннік павінен умець знаходзіць кампрамісы і саступаць. Аднак толькі крыху больш за траціну юнакоў лічаць, што такое ўменне неабходна для іх выбранніц. Дзяўчатам таксама ў большай ступені важна, каб іх выбраннік меў пастаянную і перспектыўную работу.
Большая частка юнакоў перакананыя, што гарантам захавання цікавасці да выбранніцы з'яўляецца яе ўменне падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме, і толькі крыху больш за траціну апытаных дзяўчат (36 працэнтаў) прад'яўляюць такое патрабаванне да сваіх выбраннікаў. Адрозненні паміж мужчынамі і жанчынамі назіраюцца і ў патрабаванні змагацца з узроставымі змяненнямі ў знешнасці (20 працэнтаў юнакоў супраць 5 працэнтаў дзяўчат). Гэта можа быць звязана з тым, што традыцыйна арганізацыяй побыту сям'і займаецца жанчына. Таму для дзяўчат важна, каб іх выбраннік прымаў удзел у жыцці сям'і і ствараў спрыяльны эмацыянальны клімат, у той час як юнакоў больш цікавіць, каб іх выбранніца інтэлектуальна, псіхалагічна і фізічна ім падыходзіла.
Погляды на кар'еру
Большасць апытаных студэнтаў БДУ (82 працэнты) выказаліся за роўнае размеркаванне абавязкаў у сям'і. Усяго 18 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што абавязкі па вядзенні гаспадаркі і выхаванні дзяцей павінны ляжаць на жанчыне, а мужчына павінен фінансава забяспечваць сям'ю. Істотных адрозненняў у адказах студэнтаў БДУ, МДУ і ГрДУ не назіраецца.
Але важна звярнуць увагу на адрозненне ў поглядах дзяўчат і юнакоў. Так, дзяўчаты ў большай ступені прытрымліваюцца думкі, што абавязкі ў сям'і павінны размяркоўвацца ў роўнай ступені паміж жанчынай і мужчынам (доля дзяўчат, якія так лічаць, склала 87 працэнтаў, а доля юнакоў — 71 працэнт). 29 працэнтаў хлопцаў упэўненыя, што галоўны абавязак мужчыны — фінансава забяспечваць сям'ю, а жанчыны — займацца хатняй працай і выхаваннем дзяцей (такога ж меркавання прытрымліваюцца і 13 працэнтаў дзяўчат).
Пераважная большасць студэнтаў БДУ (89 працэнтаў) выказаліся за тое, што абодва (і муж, і жонка) павінны мець роўныя магчымасці пры пабудове кар'еры. У той жа час каля 11 працэнтаў студэнтаў прытрымліваюцца пазіцыі, згодна з якой пабудова кар'еры — гэта прыярытэт толькі для мужчыны, а задача жанчыны — яго падтрымліваць.
Важна адзначыць істотнае разыходжанне ў меркаваннях па гэтым пытанні сярод юнакоў і дзяўчат. Так, практычна ўсе дзяўчаты (94 працэнты) лічаць, што жанчына павінна мець роўныя з мужчынам магчымасці пры пабудове кар'еры, а сярод юнакоў такога меркавання прытрымліваюцца 79 працэнтаў. У той жа час кожны пяты з хлопцаў лічыць, што пабудова кар'еры не з'яўляецца прызваннем жанчыны, а вось сярод дзяўчат такога меркавання прытрымліваюцца менш за 6 працэнтаў. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што студэнцкай моладзі ў большасці сваёй ўласцівыя прагрэсіўныя погляды на сям'ю і ролю ў ёй жанчыны. Аднак істотная частка студэнтаў усё яшчэ прытрымліваецца традыцыйных поглядаў, прычым, юнакам гэта ўласціва ў большай ступені, чым дзяўчатам.
Вернасць і добры характар
Для высвятлення характарыстык ідэальнай мадэлі адносін у сям'і ў студэнцкай моладзі пацікавіліся: «Што, на вашу думку, з'яўляецца абавязковым, пажаданым і што не мае значэння для шчаслівага сямейнага жыцця?» Прапаноўвалася даць ацэнку па 12 параметрах.
Пераважная колькасць рэспандэнтаў адказалі, што пытанне аб сумесным прыняцці сямейных рашэнняў з'яўляецца абавязковым (71 працэнт). Чвэрць рэспандэнтаў адказалі, што яно з'яўляецца пажаданым. І толькі для нязначнай колькасці рэспандэнтаў гэта «не мае значэння»...
Каля паловы рэспандэнтаў (41,5 працэнта) лічаць, што наяўнасць дзяцей «з'яўляецца абавязковай», крыху меншая колькасць (37 працэнтаў) выбралі адказ «з'яўляецца пажаданай». І амаль кожны пяты з апытаных адказаў, што наяўнасць дзяцей не мае значэння.
Пераважная колькасць рэспандэнтаў (83 працэнты) на пытанне датычна шлюбнай вернасці з боку жонкі (мужа) адказвалі «з'яўляецца абавязковай». Падобная тэндэнцыя ў адказах прасочваецца ў МДУ імя Аркадзя Куляшова (87 працэнтаў), а ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце гэты адказ выбіралі яшчэ часцей (92,5 працэнта).
Таксама варта адзначыць, што чатыры працэнты юнакоў выбіралі адказ «не мае значэння», у той час як дзяўчаты наогул не выбіралі гэты варыянт адказу.
Для студэнтак найбольшае значэнне разам з вернасцю маюць такія якасці выбранніка, як адказнае стаўленне да стварэння сям'і, эмацыянальна-псіхалагічная сумяшчальнасць і добры характар. У той час як юнакі найбольшае значэнне нараўне з вернасцю надаюць наяўнасці такіх якасцяў і характарыстык у выбранніцы, як добры характар, адукаванасць і эрудыцыя, а таксама прывабная знешнасць.
Такім чынам і юнакі, і дзяўчаты ідуць традыцыйным шляхам вылучэння патрабаванняў да процілеглага полу: дзяўчатам важна адказнае стаўленне партнёра да стварэння сям'і, паспяховасць і матэрыяльны дастатак мужчыны, а мужчыны жадаюць бачыць побач з сабой, перш за ўсё прыгожую, верную і гаспадарлівую дзяўчыну.
Адпраўляем бацьку ў дэкрэт
На пытанне аб сумесным удзеле мужа і жонкі ў выхаванні дзяцей пераважная колькасць рэспандэнтаў (80 працэнтаў) адказалі, што ён з'яўляецца абавязковым. Адказ «з'яўляецца пажаданым» выбралі крыху больш за 15 працэнтаў рэспандэнтаў. Разам з тым дзяўчаты часцей адказвалі, што сумеснае выхаванне дзяцей з'яўляецца абавязковым...
Даследчыкаў таксама цікавіла, як студэнцкая моладзь ставіцца да знаходжання ў дэкрэтным адпачынку мужчыны. У цэлым не згодныя з тым, што дэкрэтны адпачынак для мужчыны супярэчыць традыцыям, 49 працэнтаў апытаных (56 працэнтаў дзяўчат і 37 працэнтаў юнакоў).
На пытанне «Бацька ў дэкрэтным адпачынку не зможа сачыць за дзіцем гэтак жа старанна, як яго маці?» больш за ўсё адказаў было адмоўных (52 працэнты нязгодных з гэтым сцвярджэннем). Рэспандэнты ў сваёй большасці лічаць, што бацька здольны сачыць за дзіцем не горш за маці. Гэта сведчыць пра тое, што мужчынам сталі больш давяраць.
Рэспандэнты ў цэлым згодныя з тым, што дэкрэтны адпачынак дае магчымасць мужчыну зблізіцца з дзіцем, лепш яго пазнаць, абуджае бацькоўскую любоў: з гэтым пагадзілася 66 працэнтаў ад усіх апытаных.
Пераважная большасць (72 працэнты) юнакоў поўнасцю або часткова падзяляюць меркаванне аб тым, што «галоўнае ў жанчыне, каб яна была добрай маці і гаспадыняй», у той час як сярод дзяўчат з гэтым сцвярджэннем пагадзілася толькі палова.
Большасць юнакоў (69 працэнтаў) цалкам ці хутчэй згодныя са сцвярджэннем, што «жанчына/мужчына павінна/павінен мець захапленні, не звязаныя з сям'ёй». Для высвятлення поглядаў студэнтаў і студэнтак на ролю мужчыны і жанчыны ў сям'і прапаноўвалася выказаць сваю згоду або нязгоду з шэрагам сцвярджэнняў.
Са сцвярджэннем «самы галоўны клопат мужа — забяспечыць матэрыяльны дастатак і бытавы камфорт сям'і» цалкам ці хутчэй згодна пераважная большасць юнакоў (86 працэнтаў), сярод дзяўчат гэты паказчык ніжэйшы на 14 працэнтаў. Са сцвярджэннем «муж павінен умець абслужыць сябе, а не чакаць, што жонка возьме на сябе ўсе клопаты аб ім» цалкам і хутчэй згодны большасць апытаных (76,6 працэнта юнакоў і 82 працэнты дзяўчат).
«Кім, на ваш погляд, павінны прымацца важныя для сям'і рашэнні?» Варта адзначыць адрозненні ў размеркаванні адказаў на гэтае пытанне. Кожны дзявяты студэнт БДУ прытрымліваецца думкі, што мужчыне варта адвесці галоўную ролю ў прыняцці важных для сям'і рашэнняў. У той час як вядучую ролю жанчын у гэтым пытанні падтрымлівае толькі кожны пяцідзясяты студэнт. Сярод студэнтаў МДУ і ГрДУ можна назіраць яшчэ больш кансерватыўныя погляды: кожны восьмы і кожны шосты студэнт адпаведна лічаць, што толькі мужчына можа прымаць важныя для ўсёй сям'і рашэнні. І толькі 0,9 працэнта студэнтаў у МДУ і адзін працэнт студэнтаў у ГрДУ прытрымліваюцца думкі, што жанчына мае права аднаасобна прымаць важныя для сям'і рашэнні.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ, Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[7] https://zviazda.by/be/tags/maladaya-syamya