Юбілейны чвэрцьфінал Чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў Заходняга рэгіёну стартуе 1 лістапада ў БДУ.
Удзельнікамі спаборніцтваў стануць больш за 55 студэнцкіх каманд з Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і Калінінградскай вобласці Расіі. Нашу краіну прадставяць больш за 15 зборных: каманды студэнтаў-праграмістаў з БДУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. У спаборніцтвах ўдзельнічаюць таксама студэнты Вільнюскага ўніверсітэта, Латвійскага універсітэта, Універсітэта Тарту, Балтыйскага Федэральнага універсітэта імя Імануіла Канта і іншых.
Асноўны тур спаборніцтваў пройдзе 2 лістапада ў БДУ. Па выніках чвэрцьфінальнага адбору будуць вызначаныя пераможцы. Яны атрымаюць права ўдзельнічаць у паўфінале чэмпіянату ў снежні гэтага года ў Санкт-Пецярбургу. А фінал пройдзе ў красавіку 2018 года ў Пекіне.
У юбілейную праграму чвэрцьфіналу ўключаны два майстар-класы ад прадстаўнікоў ІT-кампаній нашай краіны. Таксама запланаваны круглы стол з удзелам кіраўнікоў вядучых ІТ-кампаній на тэму “Перспектыўныя напрамкі ІТ-адукацыі ў Беларусі ва ўмовах пераходу да пабудовы ІТ-краіны”.
Чэмпіянат свету па праграмаванні сярод студэнтаў з'яўляецца найбуйнейшым міжнародным спаборніцтвам, у якім удзельнічае маладзёжная эліта сусветнага праграмавання. Ён праводзіцца, пачынаючы з 1977 года міжнароднай арганізацыяй ACM у тры этапы: чвэрцьфінал, паўфінал і фінал.
Беларускія каманды ўдзельнічаюць у чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў з 1995 года. За ўсю гісторыю ўдзелу ў чэмпіянаце скарбонку БДУ папоўнілі залаты медаль (у 2004 годзе, Чэхія), “бронза” (2008 год, Канада) і дзве “сярэбраных узнагароды” (у 2012 годзе ў Польшчы і у 2013 годзе ў Расіі).
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/it-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya