Міжнародны кінафестываль у нямецкім горадзе Котбус, што робіць акцэнт на Усходняй Еўропе, сёлета пакажа спецыяльную праграму беларускага кіно. З той нагоды, што беларускія фільмы ў адзіночку, а тым больш серыямі рэдка трапляюць на еўрапейскія міжнародныя кінафорумы, паказ багатай котбускай падборкі «Specіal: Belarus» можна лічыць надзвычайнай падзеяй. Мы сустрэліся з Марсэлем Майга, што адгледзеў каля сотні створаных за апошнія гады беларускіх фільмаў, размеркаваў іх па некалькіх групах і сабраў цэлую праграму, што мусіць рэпрэзентаваць сучасны беларускі кінематограф. Дарэчы, большая частка яго выбару канцэнтруецца на маладых незалежных рэжысёрах, што здымаюць без вялікіх грошай і, магчыма, нават на аматарскім узроўні ці ў эксперыментальным кірунку, але ў той жа час ствараюць пэўны вобраз таго, што ў Беларусі хвалюе маладых людзей.
— Чаму Котбускі кінафестываль вырашыў стварыць праграму «Specіal: Belarus»?
— Мы ўжо шмат гадоў думалі пра гэта, бо нашы веды пра беларускае кіно абмяжоўваліся класікай пра вайну і некаторымі рэдкімі карцінамі накшталт «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі. На Котбускім кінафестывалі мы прадстаўляем усю Усходнюю Еўропу, але беларускія фільмы да нас амаль не даходзяць, я магу ўспомніць толькі дзіцячыя карціны, праўда, яны паказваліся даўно. Таму мы вырашылі прадставіць беларускую кінематаграфію інакш, паглядзець, што тут адбываецца ў ігравым і дакументальным кіно, наколькі розныя фільмы па жанрах і тэмах у ёй з'яўляюцца. Не можа ж быць, каб Беларусь не была ўключана ў кінапрацэс. Мы супрацоўнічаем з мінскім кінафестывалем «Лістапад», але, на жаль, ён праходзіць адначасова з котбускім, і мы не можам прыехаць у Мінск, каб паглядзець свежыя беларускія фільмы. Таму для стварэння «Specіal: Belarus» нам спатрэбілася шмат часу.
— Як вы шукалі і адбіралі карціны для праграмы?
— Нам дасылалі афіцыйныя заяўкі, але, апроч гэтага, я атрымаў шмат спасылак і дыскаў ад рэжысёраў пасля свайго красавіцкага візіту ў Мінск, дзе на адмысловай сустрэчы з беларускімі фільммэйкерамі я заахвоціў іх прапаноўваць свае работы. Я паглядзеў усё, што атрымаў, — у цэлым каля ста фільмаў.
— Сёння незалежнае кіно ў Беларусі перацягвае на сябе коўдру, і хоць гэта сапраўды найцікавейшыя работы на нашай прасторы, яны часта застаюцца аматарскімі. У праграму «Specіal: Belarus» вы адабралі шмат такіх фільмаў. Мне падаецца, гэта толькі падкрэслівае няспеласць беларускага кінематографа, хоць некаторыя імёны і карціны маглі б дапамагчы стварыць яго больш прэзентабельны вобраз.
— Мы не ставілі за мэту прадэманстраваць усю разнастайнасць беларускіх фільмаў, уключыць у праграму рэтраспектыўныя паказы і паказаць развіццё беларускага кіно ад пачатку да сённяшняга дня. Мы хацелі даць уяўленне пра тое, што такое беларускі кінематограф сёння; паказаць, пра што імкнуцца выказацца маладыя людзі (а вы бачыце, што большасць беларускіх фільммэйкераў з нашай праграмы — моладзь, што здымае без падтрымкі і вялікіх бюджэтаў). На мой погляд, наша праграма здольна адлюстраваць, што адбываецца ў вашай краіне, хоць, вядома, такім чынам немагчыма стварыць завершаны вобраз. Але тут будуць паказаны вельмі розныя — ігравыя і дакументальныя, сур'ёзныя і смешныя карціны, маленькія анімацыйныя работы, эксперыментальныя, што мне падаецца незвычайным для беларускага кіно, кароткаметражкі праекта «Хранатоп». Мы хочам паказаць аўдыторыі, у тым ліку прафесійнай, якая не мае ніякага ўяўлення пра беларускае кіно, што гэта такое.
— Калі я правільна разумею, вы хацелі паказаць, што хвалюе беларускіх кінематаграфістаў, адпаведна і грамадства, але праграма, што будзе прадэманстравана на Котбускім кінафестывалі, як мне падаецца, не здольная стварыць прывабны вобраз беларускага кіно.
— Я так не думаю. Для мяне гэта добры вобраз кінематаграфіі, якая ўключае ў сябе тэмы, важныя не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Напрыклад, навакольнае асяроддзе, дамашні гвалт у дачыненні да жанчын, жыццё на мяжы (у гэтым выпадку на мяжы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам), якая раздзяляе сваякоў. Мне было цікава паглядзець дакументальную карціну «Тэст-730» пра маладых людзей, якія пасля заканчэння навучання атрымліваюць вопыт у месцы, куды іх размеркаваў універсітэт. Героі сустракаюцца з рэчаіснасцю, задаюцца пытаннем, добрая яна ці не, як яны могуць выкарыстаць гэты час. У Германіі маладыя людзі свабодныя рабіць тое, што яны хочуць, часта ўжо праз год ці два пасля пачатку навучання ва ўніверсітэце яны разумеюць, што выбралі няправільны накірунак, і пачынаюць нешта новае. Яны крыху разгублены перад такой колькасцю магчымасцяў, бо гэта складана — зразумець, чаго ты хочаш. Мне падаецца цікавым, што ўсе маладыя людзі, паказаныя ў фільме «Тэст-730», у выніку кажуць, што размеркаванне было для іх добрым досведам і яны шмат чаму навучыліся. То-бок, калі ты вымушаны рабіць нешта, што табе не падабаецца, і ты быццам губляеш час, калі ты не можаш зрабіць выбар сам, гэта не значыць, што ты не можаш атрымаць выгаду, што вельмі добра паказана ў фільме праз маладых доктара, геолага і настаўніка танцаў. Гэта толькі адзін прыклад, але я мог бы працягнуць і з іншымі фільмамі, якія выкрываюць, пра што думаюць маладыя людзі і як спрабуюць знайсці сваё месца ў грамадстве і жыцці.
— Магчыма, для паказу спецыяльнай праграмы беларускага кіно на еўрапейскім кінафестывалі наша кінематаграфія пакуль не дасягнула належнага ўзроўню і варта было б пачакаць некалькі гадоў, каб прадставіць сапраўды моцную праграму.
— Я так не думаю, на мой погляд, мы сабралі вельмі рэспектабельную праграму, агляд розных фільмаў, розных формаў і розных тэм. Сапраўды, не шмат фестываляў робяць праграмы беларускага кіно, але яны пра яго проста не ведаюць.
У Котбусе нам таксама спатрэбілася шмат часу, каб прыехаць у Беларусь і паглядзець, што тут адбываецца. Ваша краіна для нас — terra іncognіta, шмат людзей не ведаюць, што гэта такое; калі я збіраюся наведаць Беларусь, некаторыя пытаюцца ў мяне, куды я еду, дзе такая краіна знаходзіцца.
Гэта адна з прычын, чаму беларускія фільмы не трапляюць на вялікія кінафестывалі: Беларусь проста не прарэкламавана за мяжой сваімі фільмамі. Таму беларускія фільммэйкеры не едуць на вялікія фестывалі і не маюць бізнес-кантактаў, ваша краіна вядомая якраз у сектары вытворчасці, таму што вытворцы з іншых краін ведаюць, што пры стварэнні тэлесерыялаў альбо іншых праектаў могуць карыстацца пляцоўкамі, абсталяваннем і таннай рабочай групай у Беларусі. Але прадзюсарам у гэтай краіне няма чаго рабіць.
— Вы думаеце, пасля паказу спецыяльнай праграмы беларускага кіно ў Котбусе Германія нарэшце будзе ведаць, дзе знаходзіцца наша краіна?
— Прынамсі, крыху больш. Котбускі кінафестываль — найвядомейшы з тых, што факусуецца на кіно Усходняй Еўропы. Безумоўна, тыднёвы паказ васьмі груп з праграмы беларускага кіно не зробіць ваш кінематограф вядомым у Германіі альбо Еўрапейскім Саюзе, але гэта будзе першы крок. Я размаўляў з прадстаўнікамі іншых кінафестываляў і ведаю, што некаторыя форумы, напрыклад Італіі, ужо зацікаўлены ў паказе асобных частак нашай праграмы «Specіal: Belarus». Але я згодны з вамі, з пункту гледжання якасці беларускаму фільму складана трапіць у конкурсную праграму. Гэта не азначае, што беларускае кіно дрэннае, проста калі, напрыклад, у конкурс Котбускага кінафестывалю трэба з некалькіх сотняў фільмаў адабраць дзесяць, трэба выбраць найлепшае. Шмат добрых, можна нават сказаць, вельмі добрых карцін не трапляюць у конкурс.
— Вы запрашалі беларускіх рэжысёраў на Котбускі кінафестываль прадстаўляць свае работы?
— Мы спрабуем зрабіць так, каб ад кожнай падпраграмы на фестываль прыехалі хоць б адзін ці два прадстаўнікі, бо апроч уласна паказаў кіно мы даём магчымасць аўдыторыі абмеркаваць фільмы з іх аўтарамі.
— Адну з падпраграм мы маглі б назваць «Беларусы за мяжой». Яна ўключае ў сябе кароткаметражныя фільмы, створаныя аўтарамі ў кааперацыі з кінашколамі, дзе яны навучаюцца. Гэта фільмы пра Беларусь альбо нават знятыя ў Беларусі, проста ў капрадукцыі з замежнымі навучальнымі ўстановамі. Гэта бачанне краіны маладымі беларускімі студэнтамі, што атрымліваюць свой вопыт за межамі краіны. Я быў здзіўлены, напрыклад, карцінай «Баба, Ваня і каза». Калі ты яе бачыш, яна выглядае вельмі клішыраванай, бо адпавядае таму, як заходнія людзі ўяўляюць сабе краіны Усходняй Еўропы, маўляў, тут п'юць шмат алкаголю і гэтак далей. Я доўга думаў, браць гэты фільм альбо не, але ў выніку ўзяў, бо рэжысёр відавочна хацеў не толькі паказаць тое, што аўдыторыя ад яго чакае, але вельмі асабістым спосабам яна выходзіць за межы клішэ і паказвае старую жанчыну і яе сапраўды цяжкае жыццё ў вёсцы.
— Тры карціны ў асобнай групе расказваюць пра мяжу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Адна з іх — поўнаметражны дакументальны фільм «Мяжа Нарвілішак» пра вёску, якая раздзялілася ў 1930-х праз пакладзеную на карту трубку Сталіна. Ніхто не мог пасунуць гэтую трубку, і тая ў выніку акрэсліла мяжу паміж Беларуссю і Літвой. У савецкія часы ў гэтым не было праблемы, таму што мяжа існавала больш намінальна, але пасля распаду Савецкага Саюза краіны атрымалі незалежнасць, Літва стала часткай Еўрапейскага саюза і сітуацыя ў гэтай вёсцы ўскладнілася. Фільм расказвае пра беларусаў, якія і размаўляюць па-беларуску, але жывуць у Літве. Як яны могуць захаваць стасункі з сям'ёй і суседзямі, якія засталіся на тым баку мяжы?
— Фільм «Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма» расказвае пра дамашні гвалт і ў прыватнасці пра работу недзяржаўнай арганізацыі ў Мінску, якая спрабуе дапамагчы жанчынам, што сталі ахвярамі дамашняга гвалту. Гэтая тэма ўніверсальная: у вялікіх гарадах Германіі дамашні гвалт не распаўсюджаны, але ў маленькіх гэта здараецца. У газетах мы часам чытаем, як жанчыны і дзеці церпяць ад блізкіх сваякоў, і аб дапамозе гэтым людзям мала хто хвалюецца. Я думаю, гэта важная тэма.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kino
[4] mailto:katsyalovіch@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kino
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya