У верхняй палаце пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мар'яны Шчоткінай адбыўся семінар для кіраўнікоў груп беларускага парламента па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў. У рабоце семінара ўзялі ўдзел члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — кіраўнікі рабочых груп па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання.
Адкрываючы пасяджэнне, віцэ-спікер падкрэсліла, што за 20 гадоў дзейнасці парламента назапашаны багаты вопыт у прасоўванні інтарэсаў нашай краіны на міжнароднай арэне, створана і працуе сістэма рабочых груп. Але, на думку намесніка старшыні Савета Рэспублікі, патэнцыял згаданых груп рэалізаваны не ў поўным аб'ёме: «Дзейнасць «груп сяброўства» павінна быць максімальна актывізавана і яе прыярытэтам павінна быць прасоўванне эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на знешнім контуры, рэалізацыя канкрэтных інвестыцыйных праектаў». У гэтай сувязі галоўнымі мэтамі семінара віцэ-спікер назвала абазначэнне алгарытму дзейнасці груп супрацоўніцтва, выпрацоўку механізмаў каардынацыі на ўсіх узроўнях.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў адзначыў, што мінулы семінар — адна з новых формаў работы Нацыянальнага сходу. «Яго задача — даць адпаведную падрыхтоўку парламентарыям, каб яны маглі арыентавацца ў складанай рабоце, якая называецца «парламенцкая дыпламатыя», і ўносіць свой уклад у прасоўванне інтарэсаў краіны за мяжой», — лічыць ён.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/maryana-shchotkina
[6] https://zviazda.by/be/tags/parlament
[7] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rahmanau