Спатрэбіцца: крупа манная — 1 шклянка, мука — 1 шклянка, цукар — 1 шклянка, разрыхляльнік — 1,5 ч. лыжкі, яблыкі — 5 шт. сярэдняга памеру, лімонны сок — 3 ст. лыжкі, малако для залівання — 1 шклянка, ванілін — 1 г.
Для пачатку змешваем усе сухія прадукты: манку, муку, цукар, разрыхляльнік, ванілін. Яблыкі трэба ачысціць і надзерці на буйной тарцы. Адразу ж апырскаць надзёртыя яблыкі лімонным сокам — інакш хутка пацямнеюць.
Бяром форму для выпякання, змазваем яе маргарынам або маслам, раўнамерна высыпаем шклянку нашага сухога цеста, накладваем пласт яблыкаў, потым зноў сухая сумесь і яблыкі. І яшчэ адзін слой сумесі і яблыкаў.
Перад тым як паставіць пірог у духоўку, раўнамерна заліваем яго шклянкай вельмі гарачага — проста кіпячага — малака, акуратна пры дапамозе нажа або відэльца пратыкаем пірог, каб малако дастала да ніжняга пласта.
Выпякаецца гэты пірог каля 50 хвілін у духоўцы, разагрэтай да 180 градусаў. Пірог нетрадыцыйны, але вельмі смачны. Пасля астывання выдатна трымае форму, не рассыпаецца.
Дарэчы, некаторыя гаспадыні не заліваюць пірог малаком, а зверху пакрываюць пластом надзёртага на буйной тарцы масла (грам 100—150). Атрымліваецца таксама вельмі смачна. Можаце паспрабаваць абодва варыянты.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[3] https://zviazda.by/be/tags/recepty