Пасольства Злучаных Штатаў у нашай дзяржаве плануе пачаць выдачу турыстычных віз для ўсіх беларусаў у пачатку 2018 года. Пра гэта заявіў учора часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі.
«Мы плануем адкрыць магчымасць падачы заяў для атрымання неміграцыйных віз для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь у пачатку 2018 года. Упершыню за 10 гадоў любы жыхар Беларусі зможа прыйсці ў пасольства ЗША ў Мінску, каб атрымаць амерыканскую візу, не будзе неабходнасці ехаць у суседнія краіны», — акцэнтаваў увагу суразмоўнік. Дыпламат растлумачыў, што на гэта рашэнне паўплывала пагаршэнне адносін паміж Злучанымі Штатамі і Расіяй. «Закрыццё візавых паслуг для грамадзян Беларусі ў пасольстве ЗША ў Маскве паскорыла гэты працэс. Мы зразумелі, што няпросты працэс атрымання візы, з якім даводзілася сутыкацца беларускім грамадзянам, стаў яшчэ больш складаны. Мы пастараліся паскорыць пашырэнне візавых паслуг, каб складанасці ў адносінах паміж Расіяй і ЗША не паўплывалі на грамадзян Беларусі», — падкрэсліў ён.
«Упершыню за 10 гадоў мы маем намер пашырыць консульскія паслугі ў Мінску. Сёння мы робім першы крок: зніжаем узроставы парог для заяўнікаў на атрыманне неміграцыйных віз з 70 да 50 гадоў», — праінфармаваў Роберт Райлі. Ён удакладніў, што гэтае новаўвядзенне будзе дзейнічаць ужо з 1 лістапада. Яно закране выдачы гасцявой, турыстычнай і дзелавых віз (катэгорыя В1 / В2). «Вядома, для маладых людзей гэта здаецца даволі высокай перашкодай, але што зробіш: узроставае зніжэнне адкрые магчымасць атрымаць візу вялікай колькасці грамадзян Беларусі», — упэўнены дыпламат.
Роберт Райлі пакуль не змог назваць канкрэтную дату, калі пачне дзейнічаць зазначанае рашэнне, паколькі пасольству неабходна яшчэ правесці падрыхтоўчую работу. З 1 лістапада пачынае дзейнічаць яшчэ адно новаўвядзенне: заяўнікі любога ўзросту, чыя амерыканская віза любой катэгорыі скончылася менш за год таму, таксама могуць звярнуцца па новую візу ў Мінску. Усе астатнія працэдуры зваротаў па візы застаюцца без змен. Роберт Райлі падзякаваў ураду Беларусі і Міністэрству замежных спраў за цеснае супрацоўніцтва па названым пытанні.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] http://yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/zsha
[5] https://zviazda.by/be/tags/viza-0